Выбрать главу

Аляксей Дудараў

Кім

Дзейныя асобы:

Кім

Юля

Каралёў

Лена

Xадзееў

Дзея першыя і адзіная

Столік дзяжурнай сястры ў клініцы. Гарыць лямпа. Позні вечар.

Кім і Юля.

Кім. Гэты рэцэпт вынайшлі лекары фараонаў у Старажытным Егіпце. Бярэцца 273 чорныя разынкі.

Юля. Чаму менавіта 273?

Кім. Пра гэта трэба спытаць фараонаў. Не перапыняйце мяне, мэм… Кожная разынка разразаецца крыж накрыж на чатыры роўныя паловы ў першую гадзіну першай квадры месяца… Дадаецца сем лыжак веснавога, менавіта веснавога, мёду. Усё старанна перамешваецца.

Юля. А як перамешваць?

Кім. У сэнсе?

Юля. Па стрэлцы гадзінніка ці супраць?

Кім. Супраць. Не менш сямі разоў.

Юля. Белая магія.

Кім. Пасля гэтага прыгатаваная маса апраменьваецца на падаконніку месячным святлом.

Юля. Колькі?

Кім. Не менш гадзіны. Затым выціскаецца сок з трох лімонаў, зноў перамешваецца.

Юля. I зноў сем разоў? I супраць стрэлкі гадзінніка?

Кім. Дзевяць і па стрэлцы! Ужываць па маленькай лыжцы тры разы на дзень да, у час ці пасля яды. Кроў абнаў-ляецца на самую поўню пры ўмове, што ніводнага разу… ніводнага! Не будзе перапынку ў прыёме лекаў…

Юля. I ў час прыёму пацыент не будзе думаць пра белага мядзведзя.

Кім. Вы цынічны, мэм… Менавіта ён вашу кроў і псуе першы… Цыкл пачнем з заўтрашняга ранку.

Юля. Няўжо ты сядзеў ноччу і рэзаў на чатыры часткі разынкі… Пад месяцам.

Кім. Яшчэ чаго! Я стамляюся за дзень і мне трэба выспацца, каб усю гэтую араву зранку пабудзіць, памыць, прычасаць, прымусіць заслаць ложкі, накарміць і развесці каго куды… Разынкі крышыў ваш любімчык Піня.

Юля. Божа! Ты даў дзіцёнку нож у рукі.

Кім. Я не даваў дзіцёнку ў рукі нож! Ён рэзаў разынкі брытвай. Гэты дзіцёнак — дзіцёнак толькі тады, калі з ім сюскаюцца, як гэта робіце вы, мэм… А са мной, як шоўкавы… Усё робіць! I заўважце, мэм, усё есць… нават пярловую кашу. Варта толькі было вам апынуцца ў клініцы, у яго на наступны ж дзень з’явіўся апетыт і перастаў балець жывоцік… Як бачыце, іншым разам і хвароба на нешта вартая.

Юля. А што Баранеса?

Кім. У-у-у! Трагедыя… Учора вярнулася са школы, залітая слязьмі, як дажджом…

Юля. Што здарылася?

Кім. Тройка па літаратуры!

Юля. I што?

Кім (дражніць). Мой тата — паэт, а ў мяне тройка па літаратуры!

Юля. Што ты ёй сказаў?

Кім. А я сказаў, што ў мяне тата — дэсантнік, парашу-тыст, а я з другога паверху вышыні баюся… Галава кру-жыцца…

Юля. I што?

Кім. Зарагатала. Усё, мэм! Позна, мне рана ўставаць… Заўтра зранку адну лыжачку…

Юля. За што ты купіў разынкі і мёд?

Кім. Эканомія…

Юля. Кім!

Кім. Што Кім? Што Кім? Мы зарабілі! Мы з Пінем пра-цавалі…

Юля. Дзе?!

Кім. Упрыгожвалі парк…

Юля. Зноў?!

Кім. Мэм! Мы прыбіралі парк!

Юля. Зноў?

Кім. Мэм! У вас «предрассудки»… Дарэчы, «предрассудки» з двума «с».

Юля. Не!

Кім. Няўжо з адным?

Юля. Не! Забабоны пішуцца без «с»!

Кім. Не можа быць…

Юля. Я ж цябе прасіла…

Кім. Што я зрабіў дрэннага? 3 Пінем. Мы прыбіралі парк пасля свята, там было шмат бутэлек. Я хацеў іх выкідваць, але ваш Піня, мэм, хадзіў за мной як хвост і талдычыў: «Сто ты! Сто ты? Зацэм? Зацэм? Здадзім, здадзім!» Я б не дадумаўся! Ну такі расце прашчалыга, такі круцель… Уяў-ляеш, стаміліся, селі адпачываць, я адвярнуўся на хвілінку, прыходжу. Сядзіць на лавачцы, ну, такі няшчасны, такі бедны, такі галодны… Між іншым, ідучы ў парк, ён з’еў банку тушонкі і во такую талерку пярлоўкі, а тут… Зрабіў такі выгляд, быццам яго ад дня нараджэння ніхто ніколі нічым не карміў. I шапачка побач. I ў шапачку ўжо накідаць паспелі… Я яго ледзь не забіў! (Дражніць.) А сто я зрабіў? Сто я зрабіў? Я стаміўся! Я заснуў! Сапацка звалілася. А цаго яны туды гросы кідалі? Я не прасіў! I сапраўды ж не прасіў, паразіт!

Юля. Кі-ім…

Кім. Калі ў Баранесы бацька паэт, то ў гэтага… Я не ведаю… Банкір, мабыць.

Юля. I ты не выкінуў іх?