Выбрать главу

МЁРТВЫЯ ДУШЫ

ПАЭМА

ТОМ ПЕРШЫ

РАЗДЗЕЛ I

У вароты гасцініцы губернскага горада НН уехала даволі прыгожая невялічкая брычка на рэсорах, у якой ездзяць халасцякі: адстаўныя падпалкоўнікі, штабс-капітаны, памешчыкі, якія маюць каля сотні душ сялян, — словам, усе тыя, каго завуць панамі сярэдняй рукі. У брычцы сядзеў пан не прыгожы, але і не брыдкі з твару, не вельмі тоўсты, не вельмі тонкі; нельга сказаць, каб стары, дый не так, каб надта малады. Яго прыезд не нарабіў у горадзе зусім ніякага шуму і не выклікаў нічога асаблівага: толькі два рускія мужыкі, якія стаялі каля дзвярэй карчмы супроць гасцініцы, зрабілі такія-сякія заўвагі, якія мелі дачыненне ўрэшце больш да экіпажа, чым да таго, хто сядзеў у ім. «Бачыш ты», сказаў адзін другому:«вось якое кола! што ты думаеш, даедзе тое кола, калі-б здарылася, у Маскву, ці не даедзе?» — «Даедзе», адказаў другі. «А ў Казань, дык, я думаю, не даедзе?» — «У Казань не даедзе», адказаў другі. — На гэтым размова і скончылася. Ды яшчэ, калі брычка пад’ехала да гасцініцы, сустрэўся малады чалавек у белых каніфасавых [1] панталонах, вельмі вузкіх і кароткіх, у фраку з прэтэнзіяй на моду, з-пад якога відаць была манішка, заколатая тульскаю шпількаю з бронзавым пісталетам. Малады чалавек павярнуўся назад, паглядзеў на экіпаж, прытрымаў рукой шапку, якая ледзь не зляцела ад ветру, і пайшоў сваёй дарогай.

Калі экіпаж уз’ехаў на двор, пана сустрэў тракцірны слуга або палавы, як іх завуць у рускіх тракцірах, жвавы і вяртлявы да такой ступені, што нават нельга было разгледзець, які ў яго быў твар. Ён спрытна выбег з сарвэткай у руцэ, увесь доўгі і ў доўгім дэмікатонным сурдуце са спінкаю ледзь не на самай патыліцы, страсянуў валасамі і спрытна павёў пана наверх па ўсёй драўлянай галдарэі паказваць пасланы яму богам пакой. — Пакой быў вядомага роду; бо гасцініца была таксама вядомага роду, гэта значыць якраз такая, як бываюць гасцініцы ў губернскіх гарадах, дзе за два рублі ў суткі праязджаючыя атрымліваюць ціхі пакой з тараканамі, што выглядаюць, нібы чарнасліў, з усіх куткоў, і дзвярыма ў суседняе памяшканне, заўсёды застаўленымі камодам, дзе ўсталёўваецца сусед, маўклівы і спакойны чалавек, але надзвычай цікаўны, якому трэба ведаць усе падрабязнасці аб праязджаючым. — Надворны фасад гасцініцы адпавядаў яе сярэдзіне: яна была надта доўгая, на два паверхі; ніжні быў неатынкаваны і заставаўся ў цёмначырвоных цаглінках, якія яшчэ больш пацямнелі ад дрэнных перамен надвор’я і сталі бруднаватыя ўжо самі па сабе; верхні быў пафарбаваны вечнаю жоўтаю фарбаю; унізе былі крамкі з хамутамі, вяроўкамі і абаранкамі. У кутняй з гэтых крам, ці, лепш, у акне, змяшчаўся збіценшчык [2] з самаварам з чырвонай медзі і тварам такім-жа чырвоным, як самавар, так што здалёк можна было падумаць, што на акне стаялі два самавары, калі-б адзін самавар не быў з чорнай як смоль барадою.

Пакуль прыезджы пан аглядаў свой пакой, былі ўнесены яго манаткі: перш за ўсё чамадан з белай скуры, крыху пашарпаны, які сведчыў, што быў не першы раз у дарозе. Чамадан унеслі фурман Селіфан, нізенькі чалавек у кажушку, і лакей Пятрушка, чалавек гадоў трыццаці, у прасторным падношаным сурдуце, як відаць з панскага пляча, чалавек крыху суровы на выгляд, з вельмі вялікімі губамі і носам. Услед за чамаданам была прынесена невялічкая скрынка, чырвонага дрэва, з штучнымі выкладкамі з карэльскай бярозы, шавецкія капылы і загорнутая ў сінюю паперу смажаная курыца. Калі ўсё гэта было ўнесена, фурман Селіфан падаўся на стайню даглядаць коней, а лакей Пятрушка пачаў уладжвацца ў маленькім пярэднім пакоі, вельмі цёмным закутку, куды паспеў прынесці ўжо свой шынель і разам з ім нейкі свой уласны пах, які быў уласцівы і прынесенаму ўслед за тым мяшку з розным лакейскім туалетам. У гэтым закутку ён прыладзіў да сцяны вузенькі трохногі ложак, накрыўшы яго нечым крыху падобным да сенніка, умятым і плоскім, як блін, і, магчыма, таксама замасленым, як блін, які ўдалося яму выпатрабаваць у гаспадара гасцініцы.

Пакуль слугі ўпраўляліся і корпаліся, пан накіраваўся ў агульную залу. Якія бываюць гэтыя агульныя залы — усякі праезджы ведае вельмі добра: тыя-ж сцены, пафарбаваныя маслянай фарбай, пацямнелыя ўверсе ад тытунёвага дыму і зашмальцаваныя знізу спінамі розных праязджаючых, а яшчэ больш тутэйшымі купецкімі, бо купцы ў гандлёвыя дні прыходзілі сюды па шасцёра і па сямёра выпіваць сваю вядомую пару чаю; тая-ж закурэлая столь; тая-ж закурэлая люстра з мноствам вісячых шкельцаў, якія скакалі і звінелі кожны раз, калі палавы бегаў па выцертых цыратах, памахваючы бойка падносам, на якім сядзела такая-ж безліч чайных кубкаў, як птушак на марскім беразе; тыя-ж карціны на ўсю сцяну, пісаныя маслянымі фарбамі, словам, усё тое, што і ўсюды; толькі і розніцы, што на адной карціне намалявана была німфа з такімі вялізнымі грудзямі, якіх чытачу пэўна ніколі не здаралася бачыць. Падобная ігра прыроды, між іншым, здараецца на розных гістарычных карцінах, невядома, у які час, адкуль і кім прывезеных да нас у Расію, іншы раз нават нашымі вяльможамі, прыхільнікамі мастацтваў, якія накуплялі іх у Італіі, паслухаўшы парады кур’ераў, што іх везлі. Пан скінуў з сябе шапку і разматаў з шыі шарсцяную, вясёлкавых колераў касынку, якую жанатым робіць сваімі рукамі супруга, дадаючы пры гэтым адпаведныя настаўленні, як захутвацца, а нежанатым, напэўна не магу сказаць, хто робіць, бог іх ведае, я ніколі не насіў такіх касынак. Разматаўшы касынку, пан загадаў падаць сабе абед. Пакуль яму падаваліся розныя звычайныя ў тракцірах стравы, як, напрыклад: капуста з слаёным піражком, які знарок захоўваецца для праязджаючых на працягу некалькіх тыдняў, мазгі з гарошкам, сасіскі з капустай, пулярка смажаная, гурок салёны і вечны слаёны салодкі піражок, заўсёды гатовы да паслуг; пакуль яму ўсё гэта падавалася, і разагрэтае, і проста халоднае, ён прымусіў слугу, або палавога, расказваць усякую лухту аб тым, хто трымаў раней тракцір і хто цяпер, і ці шмат дае ён прыбытку, і ці вялікі шэльма іх: гаспадар; на што палавы звычайна адказваў: «о, вялікі пане, машэннік». Як у асвечанай Еўропе, так і ў асвечанай Расіі ёсць цяпер вельмі многа паважаных людзей, якія не могуць без таго есці ў тракціры, каб не пагаварыць са слугою, а часам нават пацешна пажартаваць з яго. Аднак, прыезджы не ўсё пытаўся так сабе: ён з надзвычайнай дакладнасцю распытаў, хто ў горадзе губернатар, хто старшыня палаты, хто пракурор, словам — ні абмінуў ні аднаго значнага чыноўніка, але яшчэ з большай дакладнасцю, калі нават не з зацікаўленасцю, распытаў пра ўсіх значных памешчыкаў, колькі хто мае душ сялян, як далёка жыве ад горада, якога нават характару і як часта прыязджае ў горад; распытаў уважліва пра становішча краю: ці небыло якіх хвароб у іх губерні, павальных гарачак, згубных якіх-небудзь ліхаманак, воспы і да таго падобнага, і ўсё так, і з такою дакладнасцю, якая выяўляла больш, чым адну простую цікаўнасць. У манерах сваіх пан меў штосьці саліднае і смаркаўся надзвычай гучна. Невядома, як ён гэта рабіў, ды толькі нос яго гучаў, як труба. Гэтая, як відаць, зусім нявінная якасць прыдабыла аднак-жа яму шмат павагі з боку тракцірнага слугі, так, што ён кожны раз, калі чуў гэты гук, патрэсваў валасамі, пачцівей выпростваўся і, нагнуўшы з вышыні сваю галаву, пытаў: ці не трэба чаго? Пасля абеда пан выпіў кубак кавы і сеў на канапу, падклаўшы сабе за спіну падушку, якую ў рускіх тракцірах замест эластычнай шэрсці набіваюць чымсьці надзвычай падобным да цэглы і каменняў. Тут пачаў ён пазяхаць і загадаў завесці сябе ў свой нумар, дзе, прылёгшы, заснуў дзве гадзіны. Адпачыўшы, ён напісаў на кавалачку паперы, па просьбе тракцірнага слугі: чын, імя і прозвішча для паведамлення, куды трэба, у паліцыю. На паперцы палавы, сыходзячы з лесніцы, прачытаў па складах наступнае: калежскі саветнік Павел Іванавіч Чычыкаў, памешчык, па сваіх патрэбах. Калі палавы ўсё яшчэ разбіраў па складах запіску, сам Павел Іванавіч Чычыкаў накіраваўся паглядзець горад, якім быў, як здавалася, задаволены, бо знайшоў, што горад быў нічым не горшы за іншыя губернскія гарады: моцна біла ў вочы жоўтая фарба на каменных дамах і сціпла цямнела шэрая на драўляных. Дамы былі ў адзін, два і паўтара паверхі з вечным мезанінам, вельмі прыгожым, па думцы губернскіх архітэктараў. Дзе-ні-дзе гэтыя дамы, здавалася, губляліся сярод шырокай, як поле, вуліцы і бясконцых драўляных платоў; дзе-ні-дзе збіваліся ў кучу і тут было прыкметна больш руху народу і жывасці. Трапляліся амаль змытыя дажджом шыльды з крэндзелямі і ботамі, там-сям — з намаляванымі сінімі штанамі і подпісам нейкага Аршаўскага краўца; дзе магазін з шапкамі, фуражкамі і надпісам: чужаземец Васілій Фёдараў; дзе быў намаляваны більярд з двума ігракамі ў фраках, у якія апранаюцца ў нас на тэатрах госці, што выходзяць у апошнім акце на сцэну. Ігракі былі намаляваны з нацэленымі кіямі, крыху выкручанымі назад рукамі і касымі нагамі, якія толькі што зрабілі ў паветры антраша. Пад усім гэтым было напісана: «I вось завядзенне». Там-сям проста на вуліцы стаялі сталы з арэхамі, мылам і пернікамі, падобнымі да мыла; дзе харчэўня з намаляванай тоўстай рыбай і ўваткнутым у яе відэльцам. Але больш за ўсё было прыкметна пацямнелых

вернуться

1

Парусінавыя.

вернуться

2

Прадавец збітня (напітка з мёдам, гваздзікай і г. д.).