Выбрать главу

Калі развіднела, сержант з нейкае выспы добра агледзеў наваколле і, не ўбачыўшы ніякіх адзнак войска, раскруціў сцяг. Спачатку ён зняў бліскучы наканечнік, потым распароў ім шво і згарнуў палотнішча. Яно не вельмі ладна прышлося на яго схуднелым целе, але гімнасцёрка прыхавала шоўкавую чырвань, а папруга падціснула і замацавала скрутак. Так, глухі, з адзінай гранатай у кішэні сержант выправіўся ў далеч.

У адным месцы каля лесу Пятрусь напаткаў цэлае поле суніц. Пад рэдкім лісцем, панікшы долу, віселі сакавітыя ярка-чырвоныя ягады. Убачыўшы іх, хлопец адчуў незвычайны голад і аж пахіснуўся, раптам страціўшы сілу. Толькі цяпер зразумеў ён, што павінен падсілкавацца, інакш не дайсці яму да сваіх і не ўратаваць сцяга. Прыступ голаду быў такі моцны, што, не грэбуючы лісцем, кузуркамі і чарвякамі, што ліплі да пераспелых ягад, ён зграбаў іх з галін заскарузлымі далонямі і глытаў, не перажоўваючы. Мабыць, доўга поўзаў ён тут, між гарэлых пнёў на гэтай дзяляне, але голад не змяншаўся. Тады хлопец спалохаўся, што патраціў гэтулькі часу, і, агледзеўшыся па баках, пайшоў далей.

…Яшчэ два дні і дзве ночы ішоў ён, спадзеючыся напаткаць сваіх.

Пятрусь па-ранейшаму мінаў вёскі і ўхіляўся ад сустрэч з людзьмі. Рабіў ён гэта не ад страху трапіць у рукі ворага, а таму, што не мог глядзець на чужое гора. Кусок хлеба з салам, здабыты аднойчы ў далёкай лясной вёсцы, ён з’еў і цяпер зноў галадаў. Добра яшчэ, што на лясных прыпалінах трапляла шмат суніц, на імшарынах выспявалі чарніцы, але наедак з ягад усё ж быў дрэнны. Ён вельмі схуднеў, і некалькі разоў, калі піў у ручаях, аж палохаўся, не адразу пазнаючы сябе. Слых яго аднак палепшыўся, ён ужо чуў, як крумкаюць вароны ў ельніку, невыразным, прыцішаным гулам даносіўся да яго шум самалётаў у небе.

Надвячоркам чацвёртага дня Пятрусь перайшоў зялёнае аўсянае поле і падаўся па-над узлескам, што крывой лініяй агінаў палі.

Дзень быў сонечны і ветраны, па небе сям-там плылі невялікія воблачкі, лес маркотна і нязмоўчна шумеў, і гэткім жа маркотным тлумам поўнілася хлапечая галава. Часам Петрусю здавалася, што ён сніць усё гэта, што ён зусім не баец і няма ніякай вайны, проста ён звар’яцеў і туляецца па абшарах. Часам ён адчуваў сябе вельмі нешчаслівым, слабым, і хацелася яму плакаць ад жалю да сябе. Але хлопец моцна сціскаў папругай сваю незвычайную ношу, напружваў волю і прымушаў сябе быць мужнейшым.

Аглядваючы поле ярыны, Пятрусь прыкмеціў, што аўсяныя палеткі ў многіх месцах былі патаптаны, зблытаны людскімі слядамі. Часта сустракаліся палосы танкавых гусеніц. Пятрусь пільна ўглядаўся ў гэтыя сляды бою і ледзь не ўскрыкнуў ад нечаканасці, калі ўбачыў у невялічкай лагчыне абпалены і нерухомы ўжо варожы танк. Працягнуўшы за сабою ў аўсе дзве крывыя сцежкі, ён спыніўся там, не дапоўзшы якіх дзесяці крокаў да маленькага акопчыка-ячэйкі. Акопчык гэты, відаць, паспешліва выкапаны нейкім спрытным байцом, быў пусты; на брустверы паблісквалі свежыя вінтовачныя гільзы, бялела клочча газетнай паперы. Адсюль, пэўна, паслаў баец пагібель той варожай грамадзіне і выратаваўся сам. А танк, апаліўшы навокал ярыну, стаяў ужо бездапаможны і мёртвы, гарматны ствол скрывіўся на бок, люкі былі расчынены, і з таго, што дзіркай чарнеў у борце, звісала нерухомая постаць мёртвага танкіста. Пятрусь, перасільваючы агіду, нерашуча падышоў да яго, са злоснай радасцю пазіраючы на абпаленыя агнём крыжы на баку, зазірнуў у люк. Там было цёмна, смярдзела паленай гумай і гарэлай анучай. Ногі танкіста так і засталіся ў люку, а рукі віселі над аўсяным долам. Вецер раскудзеліў бялявыя валасы, на шэрую стрыжаную патыліцу ўжо лёг слой пылу.

Пятрусь не стаў затрымлівацца, з агідай плюнуў у збажыну і падумаў сабе, што ёсць усё ж пагібель і на гэтую сталёвую навалу. Мо’ гэты самы вось танк некалькі дзён назад разам з іншымі ганяў яго па тым полі, дзе загінулі рэшткі палка. Але нейкі адзін чалавек знішчыў гэтае страшыдла, уратаваўшы жыццё мо’ нават многіх людзей.

У другім месцы на полі Пятрусь убачыў зводдаль яшчэ некалькі гэтых грозных і страшных машын. Усе яны стаялі цяпер нерухомыя і мёртвыя. Хлопец вельмі ўзрадаваўся ад гэтай удачы невядомых байцоў, і ў яго, здаецца, прыбыло сілы, каб крочыць далей.