Выбрать главу

Сяргей БЕЛАЯР

Выключэнне з правіл

Навукова-фантастычнае апавяданне

Да прыбыцця ратавальнікаў заставалася ўсяго нічога, але для Канстанціна Басалыгіна гадзіны расцягнуліся да вечнасці. Ішлі чацвёртыя суткі вымушанай адзіноты — сярод трупаў, у барацьбе са страхам. З дзесяці адсекаў рудаздабываючай станцыі толькі адзін ён не пацярпеў пасля выбуху энергаўстаноўкі.

За сценамі бушавала пясчаная бура. Канстанцін Басалыгін стараўся не думаць пра тое, што выйсці на паверхню мог толькі вар’ят. Час ад часу ахоўны купал уздрыгваў — вецер парывамі дасягаў хуткасці дваццаць чатыры метры за секунду. Планетоід быў няветлівы, затое багаты на карысныя выкапні.

У той момант, калі Канстанціну здалося, што ратавальнікі ніколі не з’явяцца, пачуліся глухія ўдары. Занадта рытмічныя для галюцынацыі. Сэрца інжынера-геолага забілася хутчэй. Схапіўшы першае, што трапілася пад руку, паспяшаўся да шлюзавай камеры і пачаў азвярэла біць па дзвярах. І яго пачулі.

Ратавальнікам спатрэбілася амаль гадзіна, каб патрапіць унутр. Увесь гэты час інжынер-геолаг сціскаў потнымі рукамі гаечны ключ і з цяжкасцю стрымліваў слёзы. У апошнюю секунду ногі ўсё ж падкасіліся — адбілася перажытае.

Ратавальнікі падхапілі Канстанціна Басалыгіна пад рукі і асцярожна пасадзілі на скрыню. Рэзкі пах нашатырнага спірту прывёў інжынера-геолага ў пачуццё. Яму далі напіцца.

— Усё скончылася! — запэўніў камандзір ратавальнікаў. Яго погляд быў напоўнены шчырым спачуваннем.

— Вялікі дзякуй! — удзячнасць Канстанціна Басалыгіна з’яўлялася такой жа непадробнай.

Праз чвэрць гадзіны інжынер-геолаг апынуўся на борце бота, дзе ім заняўся лекар.

— Нічога сур’ёзнага — усяго толькі нервовае і фізічнае знясіленне! Здаровы сон, вітамінізаваная ежа і спакой паставяць яго на ногі хутчэй, чым мы вернемся на базу!

— Добрая навіна! — мяркуючы па інтанацыі, афіцэр сапраўды лічыў навіну добрай. Гэта выклікала ў Канстанціна Басалыгіна сімпатыю да яго. — Адвядзіце яго ў душ, накарміце, дайце чыстае адзенне і ў трэці медыцынскі бокс. А мы пакуль скончым са справамі!

— Добра... Зможаце ісці самі?

— Думаю, што так.

— У такім выпадку — прашу за мной!

Трэці медыцынскі бокс аказаўся прасторным памяшканнем з двума ложкамі. Інжынер-геолаг заснуў, ледзь дакрануўшыся галавою да падушкі. Упершыню за апошнія суткі ён адчуў сябе ў бяспецы.

— Добрай раніцы! — першым, хто нанёс візіт Канстанціну Басалыгіну, быў камандзір ратавальнікаў. Афіцэр прадставіўся, апусціўся на суседні ложак і клапатліва пацікавіўся: — Як самаадчуванне?

— Мне нашмат лепш.

— Зможаце адказаць на некалькі пытанняў? Я не хацеў вас турбаваць, але... Самі разумееце, служба! — Палямон Дзёмуха глянуў прама ў вочы Канстанціна Басалыгіна.

— Тым больш што я — адзіны сведка... — інжынер-геолаг погляд вытрымаў. Яму не было ў чым сябе абвінаваціць. — Задавайце! Рана ці позна ўсё роўна прыйдзецца даваць адказы!

— З вашага дазволу! — наступіла хвілінная паўза. Афіцэр вывудзіў з кішэні планшэтны камп’ютар і падрыхтаваўся рабіць пазнакі. — Як даўно вы на станцыі?

— Гэта мая трэцяя двухгадовая вахта.

— У тым жа складзе? — стыло шпацыравала па экране.

— За некаторым выключэннем так.

— Гэта значыць, вы асабіста ведалі калі не ўсіх, то шмат каго? Маё пытанне выклікана не пустой цікаўнасцю — мне трэба ведаць, ці не быў выбух наўмысным!

— За ўсіх не паручуся! Мне здаецца, ні ў кога не мелася падставы для таго, каб узарваць станцыю. Калектыў быў дружным! Ды й не дапусцілі б псіхолагі да місіі чалавека з няўстойлівай псіхікай — тэсты падмануць немагчыма. Я таксама выключаю і магчымасць дыверсіі. Не той час!

— Трагічная выпадковасць? — і зноў ацэньваючы погляд. Канстанцін Басалыгін кіўнуў. — Калі ласка, раскажыце, як усё адбылося.

— Быў звычайны працоўны дзень. Прыкладна ў трынаццаць трыццаць з восьмага адсека паступіў сігнал аб паломцы трансфарматара. Я ўзяў інструменты і адправіўся туды. Мая другая спецыяльнасць — электрык.

— А штатны дзе знаходзіўся ў гэты момант?

— Злёг з засмучэннем страўніка, як і яго памочнік. На месцы аказалася, што паломка вельмі сур’ёзная — былі абясточаны драбільныя апараты паўднёвага і ўсходняга сектараў. Я запытаў у каменданта дапамогі і неадкладна ўзяўся за рамонт.

— Прастой каштуе вялікіх грошай?

— Велізарных — апараты павінны працаваць кругласутачна! Па гэтай прычыне побач з імі былі створаны запасы руды на пяць сутак, таксама меўся двайны камплект запасных частак... Па маіх падліках, да таго, як прагрымеў выбух, прайшло крыху больш за чвэрць гадзіны. Станцыю скаланула, як пры моцным землятрусе, пагасла святло, затым аўтаматычна спрацавала блакіраванне дзвярэй. Менавіта дзякуючы сістэме бяспекі я і застаўся жывы... — інжынер-геолаг змахнуў слязу. Казаць было цяжка.