Выбрать главу
Бралі сілу з айчыннай жывіцаю З найчысцейшых крывіцкіх крыніц, Каб была Беларусь белаліцаю І ніколі не падала ніц.
* * *
Мы спадчыны не выбіраем — Ад нараджэння ў нас жыве. Ці ў краі мы, ці па-за краем, — Яна ў душы і ў галаве. Аб ёй мы мроім ў час вясновы, Кароткай ночкай снім яе, І доля наша з той высновы, Якую спадчына дае.
Роздум
Мне б памаўчаць каля бярозы, Пайсці ў вясновыя сады, Змахнуць з павек вільготных слёзы, На снезе захаваць сляды.
Наведаць родныя магілы, Птушыны прывітаць прылёт, Аддаць зямельцы роднай сілы — Праліць на ёй салёны пот.
Працуючы, не мець спакою, І з Божым запаветам жыць, Сваёй уласнаю рукою Свой дом ад зла абараніць.
Мне б захапляцца мовай, словам, На роздум мець якісьці час, Ды ў свеце гэтым грэшна-новым Знайсці, зусім прапаўшых, нас.
Не сустракацца больш з хлуснёю, З усімі ў ладкі не пляскаць, А быць заўжды самой сабою, Душу ў гадзіны не ўціскаць.
Рабіць ці горкім, ці салодкім Сваё заўсёды адкрыццё… І не пакажацца кароткім Тады жыццё.  

Вяртанне

Куток прыгожы, продкаў таямніцы,

Глыток салодкага прычасця…

* * *
Куток прыгожы, продкаў таямніцы, Глыток салодкага прычасця… Жыцця чысцейшыя крыніцы… Ўсё тое, што завецца шчасцем. Дзеля нашчадкаў захавалі продкі Наш боль, наш сум, наш спеў салодкі — Айчына…
Белая мая зямля
Не забываецца твой твар З пары, калі цябе спазнала І слова першае сказала, Грудзьмі ўдыхнуўшы водар траў.
Не забываецца цуд твой — Дзяцінства той разліў вясновы, — Я ў ручайку губляла словы Слязінкай першаю сваёй.
Вяртаюся да сумных дзён, Дзе дзічка хіліцца да плоту… Пара птушынага адлёту: Зімы шчасліва-змрочны сон.
Мне не забыць часін ліхіх, Чарнобыльскага пекла-джала, Калі зямля наўкол дрыжала… І сум вачэй, мне дарагіх.
Твой погляд не забуду я, Калі, шукаючы дарогі, Амаль у кроў збівала ногі, А ты ўсё клікала назад.
Мне не забыць тваёй душы, Калі заўчасна ад'язджала, А пры расстанні ты крычала: «Ў замежжы мову зберажы!»
Мне ўсмех твой бачыцца здаля, І не забудзецца ніколі Ў душы маёй жаданне волі — Ты будзеш жыць, зямля мая!
* * *
Дзе сонца шлях свой пачынае, Мой родны Нёман спачывае, Бы адбіваючы паклоны. Над ім схілілі хвоі кроны, Яго на подзвігі натхняюць І на руках сваіх люляюць. А там, дзе ў травах берагі, Адбеглі ад вады стагі. О, Беларусь! Свет белы пройдзеш — Другіх такіх мясцін не знойдзеш.
* * *
Так мы плылі ў туман густы, Віталі нас чужыя людзі. Гублялі розум з нематы, — Такога, мабыць, больш не будзе. Хіба ж не збераглі ў душы Матулі любае аблічча? У сэрцы міг надзеі жыў, Што родны край яшчэ пакліча.
* * *
Апалі леташнія росы, Схавалі срэбра ў моры траў. Нязменныя законы лёсу, Бо лёс наш лепшым і не стаў. Палітыканам не спыніцца, — Як на сваёй зямлі нам жыць, Якому Богу нам маліцца, Якою мовай гаварыць?
Прызнанне
1
Мой край, ты — кветка ў летні дзень... Па кладцы сонейка ідзе, — Яму смяецца ручаёк, Які цячэ у наш гаёк. Вакол такая прыгажосць... Ці ўсё, што сэрцу трэба, ёсць? Ці тое стрэлася ў жыцці? Ах, сонца-сонейка, свяці!
2
Ах, край мой, любы край квяцісты, Азёраў, рэчак цуд празрысты. У іх глядзяць з любоўю хвоі, Умый сваёй вадой жывою Мае знясіленыя ногі, Дай адпачыць крыху з дарогі. Шмат зведана на свеце белым, А ўсё душа назад глядзела... Я для цябе хавала словы Сваёй чароўнай роднай мовы.