Выбрать главу
3
Не пакідай мяне, мой бераг, Ані ў раскошы, ані ў бедах. Ты быў і застаешся светам, Маім салодкім зорным летам.
У нёманскіх у водах шэрых Схавалі хвалі мрояў шэраг, На месцы незабыўным гэтым З адным няскончаным партрэтам.
Мой бераг ціхіх ночак белых, Садоў гаючых, яблык спелых, Дзе я валодала сакрэтам, Як быць жанчынай і паэтам.
* * *
Ад нараджэння і да смерці самай Мы захапляцца краем можам, Як захапляецца дзіцятка мамай — Разумнай самай і прыгожай.
За вечны ўспамін
1
Бярозы, бярозы… Шумяць векавыя Над нашым сучасным, над тым, што было… Старэнькая хата і продкі жывыя. — Дзень добры, хаціна! Дзень добры, сяло!
Дзядуля ў сваёй даматканай кашулі На покуці самай сядзіць за сталом, Чакае цярпліва яечні бабулі… Яшчэ не прачнуўся, салодка спіць дом.
Яшчэ не рыпяць яго чулыя дзверы, На досвітку смачна спіцца малым. — Хай крыху падрэмлюць сыны-кавалеры, Яшчэ напрацуюцца, хопіць і ім.
2
Дзе зараз твае сыны-кавалеры? Старэйшы няведама, дзе ляжыць. Яму шлях кароткі век сумны адмераў: Хацеў не сабе, а народу служыць.
Другі — на вялікіх будоўлях Сібіры, Катаргі дзікай знесці не змог, — Распухлыя ногі — не ногі, а гіры, Бог і яго для цябе не збярог.
А трэці, сярэдненькі, прыткі, бы вецер. Тады, калі «рыба гніла з галавы», Згубіўся у тлуме, у горадзе недзе. Няўжо ж не сказаў бы, калі б быў жывы?
Чацвёрты, малодшы, падобны да Бога: Прыгожы, вясёлы — йшчэ жыць бы ды жыць, Салдату заўсёды ад хаты дарога... Ля самага Гродна ў кургане ляжыць.
Што куля... Яна — нібы дзеўка дурная, Абы на каго таропка ляціць... А хіба ж ахвяру яна выбірае? Яе прымушаюць забойцам служыць.
Чатыры сыночкі, чатыры надзеі, А ці вінаватыя ў грэшным яны? Дзе каты-забойцы, дзе ліхадзеі? Якія ім сёння бачацца сны?
Каго яны топяць хлуснёю зайздроснай, Якім яны моляцца сёння багам? Праўду пад старасць шукаць — невыносна. Даволі капацца на сметніку нам.
3
Сядайце жа, хлопцы, яечня гатова, Нядзелька заўсёды была божым днём. Ў кішэнь не адзін не палезе па слова... Так, слова за слова, той час памянём.
А ты што стаіш каля печы, старая, Хіба ж ты не бачыш, што я не адзін? Унучак прыехаў, віно налівае — За вечную памяць, за добры ўспамін.
* * *
Купалля дзіўныя агні, Святыя біятокі. Ляцім туды, дзе карані, Дзе родныя вытокі.
Ляцім, пакуль хапае сіл, Хоць вецер крылле нішчыць. Ляцім да спадчыны магіл, Да родных папялішчаў.
Туды, дзе поле, дзе рака, Дзе ўсё здаецца раем, Дзе дарагога земляка Па цвёрдым «р» пазнаю.
Ляцім да родных берагоў І да забытых хатак, Туды, дзе вернецца наноў Жыцця пачатак.
Ляцім, забыўшыся на тых, Каго клялі бабулі... Ляцім, бо памяці ўскалых Душу расчуліў.
О, як жа хочацца душы Свяцейшага прычасця. Калі смуткуеш — паспяшы, Бо ў гэтым — шчасце.
* * *
Нялёгкая, скажаце, праца — Да каранёў сваіх вяртацца, — На іх трымаецца ўвесь свет. Але не кожны, не сакрэт, Вярнуцца можа. Дапамажы, магутны Божа, Дапамажы ў імкненні гэтым — Надзеям здзейсніцца і мэтам І навучы сучасны люд Свой есці хлеб, займець свой кут, Дзе б мог нашчадак прытуліцца І за Айчыну памаліцца.
* * *
Айчына, Айчына, людзьмі ўшанавана, Хоць шлях і не блізкі між мной і табой, Пад дах твой ляціць душа ўсхвалявана — Шукае малітвы святой.