– Ну так, – пагадзіўся ён з Артурам. – Няма святла. – Потым пачаставаў Артура арахісам. – Як пачуваешся?
– Як казарма ў нядзелю – большая частка мяне просіцца навонкі, – адказаў Артур.
У цемры Фольксваген невідушча ўтаропіўся ў Артура.
Той запытаўся слабым голасам:
– Слухай, я, пэўна, моцна пашкадую. калі задам табе наступнае пытанне: «Дзе ж, чорт пабірай, мы знаходзімся?»
Фольксваген падняўся.
– Мы ў бяспецы, – адказаў ён.
– Ой, ну добра...
– Мы ў каюце, – дадаў Фольксваген, – аднаго з зоркалётаў Воганскага будаўнічага флоту.
– Што я чую! – прамовіў Артур. – У такім кантэксце слова «бяспека» яшчэ, здаецца, ніхто раней не ўжываў.
Каб знайсці выключальнік, Фольксваген чыркнуў яшчэ адной запалкай. Кругом па сценках зноўку заскакалі пачварныя цені. Здавалася, вакол Артура таўкуцца касмічныя прыхадні. Паветра было напоенае затхлымі пахамі, якія, неапазнаныя, праточваліся ў лёгкія. Праз абрыдлівы гуд на нізкіх рэгістрах мозг ніяк не мог засяродзіцца на мысленні.
– Як мы сюды трапілі? – спытаў Артур, а яго цела праняла лёгкая дрыготка.
– Прагаласавалі, – адказаў Фольксваген.
Артур загарачыўся:
– Выбачай, што?! Ты хочаш сказаць, што мы выпрасталі нашыя рукі з паднятым угору вялікім пальцам, і якаясьці зялёная пачвара з жучынымі вачамі высунула галаву з кабіны і крыкнула: «Здароўкі, мальцы! Лезьце ў кабіну. Падкіну вас да першага светлафору!»?!
– Ну так, – адказаў Фольксваген. – Палец – гэта электрычны прыбор, субэфірны сігнальнік. Першы сфетлафор – зорка Барнарда за шэсць светлавых гадоў адсюль, але больш-менш усё як ты сказаў.
– А пачвара з жучынымі вачамі?
– Адпаведна зялёная. Далібог.
– Цудоўна, – сказаў Артур. – І калі я траплю дадому?
– Ты туды не трапіш, – сказаў Фольксваген Гольф і адразу намацаў выключальнік. – Прыкрый вочы, – загадаў ён і ўключыў святло.
Здзівіўся нават Фольксваген.
– Здурнець можна, – вымавіў Артур,- Дык што, вось так во з сярэдзіны выглядаюць лятучыя талеркі?
Прастэтнік Воган Джэлц цягнуў сваё брыдкае зялёнае цела па пляцоўцы капітанскага мастка. Ён заўсёды пачуваўся раздражнёным, калі зносіў населеную планету. Шкада, што ніхто з падначаленых не прыходзіў, каб патлумачыць, што тут не так: о, тады б ён як след накрычаў на таго падначаленага, каб урэшце адчуць жаданую палёгку!
Воган як мага прыцэльней плюхнуўся на сваё начальніцкае крэсла, спадзеючыся, што яно паломіцца і дасць яму зачэпку ўзлавацца як трэба. Аднак крэсла пад ім адно жаласліва енкнула.
– Прэч! – закрычаў ён на маладога вогана-ахоўніка, які ў гэты момант завітаў на масток. Ахоўнік вокамгненна знік, адчуваючы хутчэй палёгку, чым крыўду.
Воган-ахоўнік цешыўся, што абавязак даставіць апошняе паведамленне выканае нехта іншы. Афіцыйна паведамлялася, што на Дзяржаўнай даследчай базе Дамогран нядаўна быў урачыста спушчаны са стапеля зграбны зоркалёт, які зрабіў гіперпрасторавыя хуткасныя рэйсы непатрэбнымі.
Тут адсунуўся іншы люк, але гэтым разам воганскі капітан не закрычаў, бо люк вёў на камбуз. дзе дэнтрасы гатавалі яму ежу. Абед будзе як ніколі дарэчы.
Праз люк з абедзенным падносам пачала шчаміцца высачэзная кудлатая істота. Твар пачварнага бамбізы аквеціла дурнавата-шчырая ўсмешка.
Прастэтнік Воган Джэлц усцешыўся. Ён ведаў, што калі дэнтрасы выглядаюць гэтак самазадаволена, дык на карабель трапіла штосьці ці хтосьці невядомы, на якога можна будзе вызверыцца як след.
Фольксваген і Артур азірнуліся.
– Так, што скажаш? – запытаў Фольксваген.
– Нейкае ўсё ўбогае...
Фольксваген няўхвальна зірнуў на карэлыя матрацы, нямытыя кубкі і пару іншапланетнай бялізны няўцямнага фасону і паху, якая валялася ў цесным адсеку.
– Ну, гэта, разумееш, працоўны карабель, – патлумачыў Фольксваген. – Гэта спальныя адсекі дэнтрасаў.
– А мне падалося, што ты іх назваў воганамі ці неяк так...
– Ага, – сказаў Фольксваген. – Воганы кіруюць караблём, а дэнтрасы – кухараць. Апошнія нас на борт і ўзялі.
– Анічога не разумею, – прызнаўся Артур.
– Вось, зірні сюды, – сказаў Фольксваген.
Ён сеў на матрац і стаў корпацца ў заплечніку. Артур з недаверам тыцнуў матрац пальцам – і ўрэшце сеў сам. Як на добры розум, дык не варта яму было гэтак нервавацца: перад продажам матрацаводы вельмі акуратна ўсмерцілі і старанна высушылі ўсе матрацы, выгадаваныя ў таплявінах Дрыгвіс-Зэта, і таму да жыцця вяртаўся зусім нязначны адсотак матрацаў.