Выбрать главу

Фольксваген працягнуў Артуру кнігу.

-Што гэта? – спытаў Артур.

– «Падарожная кніжка для аматараў Галактычнага аўтаспыну». Электронная такая кніга. Яе прызначэнне – распавядаць пра ўсё ў Сусвеце, усе неабходныя для падарожжаў дэталі.

Артур сутрагавата пакруціў кнігу ў руках.

– Мне падабаецца дэвіз на вокладцы, – сказаў ён. – «СПАКУХА!» Гэта першае талковае слова, якое я пачуў за ўвесь сённяшні дзень.

– Я пакажу табе, як яна працуе, – працягнуў Фольксваген.

Ён выхапіў кнігу з рук Артура, які па-ранейшаму трымаў «Падарожную кніжку» ўсё роўна як памерлую два тыдні назад яшчарку, і адгарнуў вокладку.

– Націскаеш во гэтую кнопку: загараецца дысплэй і выдае запрошаны артыкул.

Дысплэй, што меў памер восем на дванаццаць сантыметраў, засвяціўся. Па ім пачалі стракацець літары, лічбы і сімвалы.

– Хочаш даведацца пра воганаў? Тады я ўвяду гэтае слова.

Яго пальцы націснулі яшчэ колькі клавіш.

– Калі ласка.

Словы «Воганскі будаўнічы флот» запалалі на дысплэі зялёнымі літарамі.

Фольксваген націснуў вялікую чырвоную кнопку пад дысплэем, і па ім паплылі словы. Адначасова звесткі з «Падарожнай кніжкі» дыктар пачала прамаўляць ціхім, спакойным, размераным голасам. Кніга сказала:

«Воганскі будаўнічы флот. Вось што можна зрабіць, калі вы хочаце ўцячы ад воганаў: НІЧОГА. Воганы – адна з самых непрыемных рас у Галактыцы. Не тое каб злыдні, аднак ваўкаватыя, апантаныя бюракратыяй, чэрствыя зануды. Яны і пальцам не паківаюць, каб выратаваць сваю родную бабку ад Траальскай Жукажабнай Ненажэры, калі на гэта не будзе афіцыйнага загаду зверху: надрукаванага ў трох асобніках, дасланага ім на подпіс, адасланага назад ужо з іх подпісам, засведчанага натарыусам, згубленага, знойдзенага, прапушчанага праз прынцып аднаго акна, згубленага зноў і ўрэшце пахаванага сярод брыкетаў з торфам і выкарыстанага як папера на растопку.

Самы эфектыўны спосаб раскруціць вогана на выпіўку – усунуць яму пальцы ў горла, а найлепшы спосаб узлаваць – скарміць ягоную родную бабку Траальскай Жукажабнай Ненажэры. І ў ніякім разе не дазваляйце воганам чытаць у вашай прысутнасці вершы!».

Артур стуліў вочы.

– Вельмі дзіўная кніжка! Дык як жа мы ўсё ж здолелі злавіць воганскі карабель?

– То ж бо то – звесткі ў кнізе састарэлі, – сказаў Фольксваген, запіхваючы кнігу назад у вокладку. – Я раблю палявыя доследы для новага, перапрацаванага выдання. І адной з маіх правак будзе невялічкі ўрывак пра тое, як цяпер воганы наймаюць дэнтрасаў у якасці кухараў. А гэта для нас, аўтаспыннікаў, – амаль як уваходны квіток на воганаўскія караблі.

Грымаса болю перакрывіла Артураў твар.

– Але хто такія дэнтрасы? – перапытаў ён.

– Хвацкія хлопцы, – адказаў Фольксваген. – Яны выбітныя кухары і найлепшыя змяшальнікі алкагольных кактэйляў. Яны шчыра не дбаюць ні пра што іншае на свеце. Яны заўсёды дапамогуць аўтаспынніку трапіць на борт: часткова таму што любяць кампанію, але ў асноўным таму што гэты ўчынак адназначна ўзлуе воганаў. Інфармацыя, безумоўна, патрэбная і карысная, калі ты прасунуты аўтаспыннік, які хоча пабачыць вабноты Сусвету меншы чым за трыццаць альтаірскіх талераў на суткі. І збіранне падобных звестак – мая праца. Праўда, клас?

Артур выглядаў як мыла з’еўшы.

– Ага, здурнець можна, – сказаў ён і ўталопіўся на суседні матрац.

Фольксваген працягнуў:

– На жаль, захрас я на Зямлі нашмат даўжэй, чым планаваў. Прыехаў на тыдзень, а загруз на пятнаццаць гадоў.

– Але як ты трапіў на Зямлю?

– Злавіў папутку з энэлашнікамі...

– Энэлашнікамі?

– Ага.

– Э-э, а хто такія...

– ...НЛАшнікі? Гэта залатая касмічная моладзь, якой няма чаго рабіць. Яны гойсаюць па Галактыцы і шукаюць планеты, дзе яшчэ не адбыўся кантакт з іншапланетнымі цывілізацыямі, лятуць туды і імітуюць яго.

– «Імітуюць»? – Артур пачаў адчуваць, што Фольксвагену падабаюцца здзекі.

– Угу, – пацвердзіў Фольксваген, – імітуюць кантакт з іншапланетнікамі. Спярша знаходзяць якую-небудзь пустэльную тэрыторыю, дзе жыве невялікая жменька людзей. Потым прызямляюцца побач з якім-небудзь гаротным тулягам, якому потым ніхто ніколі не дасць веры, і пасля, начапіўшы на галовы ідыёцкія антэніны, пачынаюць валюхавата пахаджваць вакол яго і гукаць:

«Біп, біп-біп!». Дзетсад дый годзе!