Выбрать главу

Паклаўшы рукі за галаву, Фольксваген адкінуўся назад на матрас. Пры гэтым выгляд ён меў нагэтулькі самазадаволены, што быў у стане раз’юшыць каго заўгодна.

– Фольксвагене, – напіраў Артур. – Не ведаю, можа, гэта прагучыць як лухта, але што тут раблю я?

– Ну, як бы гэта правільна сфармуляваць... -адказаў Фольксваген. – Я выратаваў цябе з Зямлі.

– І што з ёй здарылася?

– А-а, бачыш, яе знеслі.

– «Знеслі»? – роўным голасам перапытаў Артур.

– Ага. І яна выпарылася ў адкрыты космас.

– Слухай, – сказаў Артур. – Я гэтым трохі засмучаны.

Фольксваген насупіўся: выдавала, што ён задумаўся.

– Так, я разумею, – адказаў ён нарэшце.

– Разумееш?! – выгукнуў Артур. – Разумееш!

Фольксваген узняўся.

– Зірні лепш на вокладку!

– Чаго?

– СПА-КУ-ХА!

– Я спакойны.

– Ды ты панікуеш!

– Добра, хай сабе – я панікую... Але што тут яшчэ можна зрабіць?!

– Пракаціцца са мною і весела прабавіць час. Галактыка – кайфовае месцейка. А зараз запусці сабе ў вуха гэтую рыбку.

– Што, прашу прабачэння?! – перапытаўся Артур як мага ветліва.

Фольксваген трымаў у руках невялікі слоік, у якім плавала невялікая залатая рыбка. Артур заміргаў. Як жа ён хацеў, каб перад яго вачыма апынулася што-небудзь простае і пазнавальнае, нешта, што ён зможа асягнуць сваім устурбаваным розумам! О, ён бы адчуў сябе спакойна і ўпэўнена, калі б побач з дэнтраскімі майткамі, дрыгвіскімі матрацамі і бетэльгейзіянцам, які трымаў у руках залатую рыбку і заахвочваў запхнуць яе ў вуха, з’явілася, скажам, запакоўка кукурузных шматкоў. На жаль, гэта адсутнічала ў Артуравым полі зроку, і таму ён заставаўся неспакойны і няўпэўнены.

Немавед адкуль абрынулася лавіна дзікага шуму. Артур цяжка задыхаў. Было ўражанне, што той шум рабіў чалавек, які адпалохвае зграю ваўкоў, спрабуючы пры гэтым папаласкаць рот.

– Ціху! – загадаў Фольксваген. – Слухай уважліва, гэта можа быць важным.

– В-важным?..

– Капітан воганскага карабля робіць абвестку па радыёгукальніку.

– Ты хочаш сказаць, гэты брэх – іхняя мова?!

– Не замінай слухаць!

– Але ж я па-іхняму не разумею!

– Ад цябе гэтага не патрабуецца. Проста запусці сабе ў вуха рыбку.

Бліскавічным рухам Фольксваген пляснуў даланёй па Артуравым вуху, і па целе зямляніна расцяклася млосць ад таго, што па вушным тракце склізнула жывая істота. Аднак праз пару секунд Артуравыя вочы акругліліся ад цікаўнасці. Са слыхам у яго адбывалася тое самае, што адбываецца са зрокам, калі чалавеку паказваюць карцінкі з двума чорнымі сілуэтамі, і раптам у абрысах твараў ён пачынае бачыць выяву белага падсвечніка. Або калі вам паказваюць процьму намаляваных кропачак на паперы, а яны раптам пачынаюць складацца ў лічбу «шэсць», з’яўленне якой у сваю чаргу азначае, што аптаметрыст спагоніць з вас кучу грошай для новай пары акуляраў.

Артур усё яшчэ прыслухоўваўся да брахлівых булькатанняў, хіба цяпер нейкім незразумелым чынам ён разумеў іх гэтаксама добра, як родную ангельшчыну.

І вось што ён пачуў...

6

«Гаў-гаў, буль-буль, гаў, буль, гаў-гаў-гаў-гаў, буль, гаў, буль-буль, гаў, буль-буль-буль, гаў, ням-ням, ...ям-ям... людзі павінныя весяліцца... Паўтараю паведамленне. Гаворыць капітан вашага карабля, і таму, калі ласка, спыніце ўсё, што б вы там ні рабілі, і ўважліва паслухайце. Па-першае, як паказваюць нашыя прыборы, у нас на борце завяліся два аўтаспыннікі. Прывітанне, падарожныя людзі, кім бы вы ні былі! Я толькі хачу расставіць усе кропкі над «і» – вас тут ніхто не чакаў!!! Я выжыльваўся з усяе моцы, каб апынуцца на тым месцы, дзе знаходжуся цяпер, і пасада капітана Воганаўскай будаўнічай эскадры не далася мне нагэтулькі лёгка, каб я дазволіў ператварыць свае караблі ў таксоўку для бадзячых дармаедзін. Я ўжо выслаў пошукавы атрад, і як толькі ён вас знойдзе, я вышпурну вас за борт. Калі вам пашчасціць, дык перад выкіданнем я, можа быць, прачытаю вам свае вершы...

...Па-другое. Неўзабаве мы маем зрабіць гіперкасмічны скачок да зоркі Барнарда. Па прыбыцці туды мы застанемся ў доках на трое сутак для рамонту і загрузкі. Падчас гэтай стаянкі ўсім чальцам экіпажу строга забараняецца пакідаць борт карабля. Паўтараю: усе звальненні на планету адмяняюцца. Мяне толькі што кінула каханка, і мне незразумела, чаму ў такі час іншыя людзі павінныя весяліцца. Канец паведамлення».

Брэхабульканне спынілася.

Артур з сорамам заўважыў, што сам ляжыць скручаны ў клубок на падлозе, а яго рукі абхопліваюць уласную галаву. Ён слаба ўсміхнуўся.

– Прыязная істота! – сказаў ён. – Шкада, што ў мяне няма дачкі, каб я мог урачыста забараніць ёй жаніцца з воганамі...