Выбрать главу

У гэтым месцы красамоўнага расповеду Пранціш ледзь не забыўся на тое, што трэба працягваць ківаць галавой з сур’ёзным і захопленым выглядам.

Лёдніку не зарагатаць удалося прасцей — не да смеху доктару. Дасюль смерць асістэнткі і гора сына лічыў ледзь не сваёй віной. А тут зноў нагадалі.

— Часам пакутуеш не ад таго, што сказаў, але і ад таго, што не паспеў сказаць, — мармытаў доктар сабе пад нос, калі яны ўжо выходзілі з палаца разам з Давыдам, што іх дачакаўся.

На шчасце, ваявода, надаваўшы даручэнняў пра паветраную містэрыю, адпусціў Чорнага Доктара і ягонага сябрука з рэплікай «з табой усё адно піць нецікава, не ўмееш, пане каханку».

— Ты гэта да чаго, Бутрым?

Полацкі Фаўст горка ўздыхнуў:

— Гэта я наконт Праксэды. Я ж стараўся з ёй нават не размаўляць апошнія дні, позіркам не сустракацца. Не хацеў Алеся і Саламею раніць, дый ёй, думаў, будзе лягчэй з непатрэбным пачуццём справіцца.

— А сам справіўся? — рэзка папытаўся Пранціш.

Бутрым схіліў чорнасівую галаву.

— Цяпер і не ведаю, што адказаць. Кавалак душы ў мяне дакладна вырваны, з крывёй. Прамільгнула яркай знічкай дзяўчына наша.

Між кустоў зноў замільгалі залатымі пер’ямі паўліны. Адзін з іх выпусціў у белы свет абураную агідную руладу.

— Дык Аляксандр зараз у Вене? — перапытаў Давыд. — Што ў яго чуваць?

Чорны Доктар уздыхнуў:

— Атрымаў учора ліст ад яго. Збівае хлапца з тропу пан Агалінскі. Заманьвае ў Амерыку, ваяваць на баку калоніі супраць англічан. Пан Гервасій, уявіце сабе, зараз генерал! І Тадэвуш Касцюшка ў камандзіры цэліць. Баюся, з’едзе Алесь. Добра хоць, выкінуў з галавы, што сваім з’яўленнем на свет прынёс мне адны няшчасці.

— А вы самі, дзядзька Бутрым? — пацікавіўся Давыд. — Не было спакусы кінуць гэтую зямлю з новымі парадкамі? Адсюль жа зараз усе з’язджаюць. Памятаеце Саламона Маймона?

— Вядома. Хлопец са светлай галавой. — кіўнуў Баўтрамей.

— Уцёк усё-ткі! З’ехаў у Еўропу. Дабраўся да Берліна, але там яго палічылі за блюзнера і вытурылі. Жабраваў, пешкі блукаў. Цяпер у Познані. Там добры асяродак вучоных людзей, не зашораных. Саламон імі ўважаецца за вялікага мудраца.

Пранціш успомніў нязграбнага юнака, якога ганяла суровая цешча.

— Што ж, хай яму шчасціць. А мне куды з роднай зямлі з’язджаць? — сумна адказаў Лёднік. — Працы шмат. Колькі школак за апошнія гады змаглі адкрыць, колькі таленавітых дзетак на шлях навукі направілі. У медычнай акадэміі зноў жа справа наладжваецца. Саламея хваліцца — падрыхтавала ўжо дзясятак добрых павітух, якія не будуць цукрам дзіця выманьваць падчас цяжкіх родаў, а возьмуць у рукі абцугі, як умела… Праксэда…

Цень прабегла па худым твары доктара.

— Жылібер батанічны сад ладзіць — не горш, чым у Ліёне будзе. Пастанавіў сабе задачу — апісаць у адным трактаце ўсю флору нашых мясцін. Гербарыі збірае — вучні не паспяваюць зёлкі ірваць. Зуброў узяўся вывучаць. Хоча зрабіць, каб яны ў няволі размнажаліся. Адна зубрыха ходзіць за ім проста па вулках Гародні, а ён корміць яе сенам з уласнага капелюша. Добра хоць, з’явіліся ў Жана і сардэчныя справы. Прыгледзела яго адна панечка. Ветраная, праўда.

Вырвіч уявіў закаханага суровага масона Жылібера. Ой, не вытрымае з ім звычайная шалахвостка.

— А ты, Давыдзе, чаму не жэнішся? Твае парфумы ды касцюмчыкі парыжскія любое дзявочае сэрца скараць!

Давыд закінуў галаву, падставіў твар нясвіжскаму сонейку, памаўчаў:

— Ёсць адна дзяўчынка, але яе за мяне не аддадуць.

І выскаліўся весела.

— Я ж таксама блюзнер, адступнік ад святых традыцый! А другой мне не трэба.

У аддаленні, на гарбатым мосціку, пачціва гутарылі дама з кавалерам — зусім як на парцалянавым куфэрку. Ён трохі схіляецца да яе, яна ва ўдаваным спалоху адхінаецца. А непадалёк стаяць лёкай і пакаёўка, гатовыя падаць гаспадарам любую патрэбную ім рэч — келіх віна, разынкі, араматычную соль, патрымаць парасон, адагнаць мух.

А можа, між тым лёкаем і пакаёўкай ёсць сімпатыя, і мараць яны пабыць сам-насам? Але каханне паноў — для высокай трагедыі, каханне прыслугі — для камедыі.

— А вы, пан Вырвіч, я чуў, зноў палітыкай заняліся? — зацікавіўся Давыд.

Пранціш кіўнуў чубатай галавой.

— Выбралі паслом ад павета на соймік. Трэба ж абараняць законы гэтай дзяржавы, пакуль яны існуюць.

Залаты паўлін паспрабаваў узляцець, але дзе там — перакормленае цела, цяжэнны шыкоўны хвост, дый, можа, яшчэ і крылы падрэзаныя.