Выбрать главу

— А нявеста, чыя ж яна дачка?

— Малодшай сястры гетмана, Паланэі.

Давыд, не дужа пасвечаны ў бурлівае куртуазнае мінулае Вырвіча, гаварыў няўважна.

— Там у яе нейкі шлюб незразумелы, выйшла не за роўню, з’ехала кудысь, дзе Абрам і цялят не пасе. У Багінскага самога дзяцей нямашака, выпісаў бедную пляменніцу з-за мора, каб свае справы ўладзіць.

Старое каханне, лёд і кіпень ты…

Значыць, у Паланэйкі, Агалінскай з Багінскіх, акрамя сына, пра якога Пранціш ведаў з адзінага атрыманага з-за акіяна ліста, нарадзілася яшчэ дачка… Але як жа магла неўтаймоўная князёўна, якая выбрала волю замест багацця, аддаць малую дачку ў палітычныя гульні?

— У магнатаў свае законы, — недаравальна паблажліва глядзеў на пыхлівую раскошу аптэкар Давыд. — Трэба — немаўля прызначаць старостам. Альбо ажаніць. Нарадзіўся на паўгадзіны пазней за брата-блізнюка — і ў цябе няма нічога, а ў яго ўсё. Ведаеце, што ў Пане Каханку брат быў, Януш Тадэвуш, на паўгадзіны старэйшы? Памёр рана… А то б ён ардынатам Нясвіжскім ды Слуцкім быў. І ў нашага пана Міхала Брастоўскага малодшы блізнюк ёсць, князь Адам. Ледзь ад рукі пана Міхала не загінуў, калі той з расейцамі барскіх канфедэратаў знішчаў.

Між тым натоўп заварушыўся. Амурчыкі з Псіхеяй скончылі прадстаўленне, і жаніх з нявестай пад дажджом з кветак урачыста рушылі ў касцёл. Давыд схапіў Пранціша і Алеся за рукі.

— Хадзем хутчэй! Ёсць адзін патрэбны нам чалавек… Гэта проста шанцаванне, што я з ім някепска знаёмы, і што ён, здаецца, тут…

Нядаўна да Ашмянскага касцёла ласкай фундатараў былі прыбудаваныя каменныя калоны, быццам старасвецкай пані дзеці падарылі модны казакін, накідваць паўзверх салопа. З’явіліся і дзве доўгія прыбудовы дзеля патрэб калегіюма, што дзейнічаў пры кляштары. Увішнага полацкага аптэкара і ягоных гасцей пачціва прапусцілі туды гайдукі, апранутыя ў колеры Брастоўскіх, сіні з зялёным. Давыд відавочна лічыўся сваім у княскім атачэнні.

Пакой быў доўгі і цёмны, як лекцыя па граматыцы, на паліцах шыхты кніг у скураных мундзірах. За цяжкім дубовым сталом, у кампаніі самотнага металёвага кубка і мядзянага блюда з лустамі белага хлеба, схіліўшыся над малітоўнікам, свяціў лысінай чалавек у суконным чорным каптане. Хто такі, чаму не на імшы? Таксама іншаверац?

Пытанні зніклі, калі чалавек павярнуў твар да прыхадняў. Пранціш дык і не такое бачыў, а Алесь аж трохі назад падаўся, хоць і разводзіў рапух ды слімакоў. На лысую галаву чалавека ўспаўзала ружовая луска, з брудна-жоўтымі плямамі засохлага гною. Такая ж луска ад шыі паднімалася да левага вока. Вочы ж былі светлымі, з адценнем балота, і надзвычай цёмныя зрэнкі, здавалася, пульсавалі ў гэтай светлай дрыгве.

— Вітаю спадара Давыда! Я так і думаў, што васпан завітае ў нашы Палясціны з іх княскімі мосцямі.

Страхалюд гаварыў прыгожым, густым голасам, як гавораць людзі адукаваныя, што наведвалі лекцыі па рыторыцы.

Давыд пачціва схіліўся.

— Вітанне! Як пачуваецца шаноўны пан Ігнарус?

Чалавек асцярожна правёў пальцам па сваёй звыродлівай шчацэ.

— Deus avertat. Дзякуючы табе, Давыдзе, някепска. Прынамсі, сверб не такі нясцерпны. Ты сапраўдны майстра.

Ляйбовіч яшчэ раз пакланіўся.

— Мне далёка да майго настаўніка, доктара Баўтрамея Лёдніка.

Грубаватыя рысы твару нібыта закамянелі.

— Не ведаў, што ў цябе былі такія настаўнікі, Давыдзе.

Ляйбовіч трохі разгублена азірнуўся на спадарожнікаў.

— Дарэчы, вось і сын доктара Лёдніка, пан Аляксандр… Студэнт Віленскай акадэміі. А гэта пан Франтасій Вырвіч, даўні сябар доктара…

— Вось як…

Дужыя рукі Давыдавага знаёмца былі спрацаваныя, як у каваля. Апёкі, драпіны…

— А яны ведаюць, Давыдзе, да каго ты іх прывёў пагаварыць пра доктара Баўтрамея Лёдніка?

Было ў ціхім голасе штось такое, што непадалёк у ціхай рачулцы Ашмянцы, магчыма, паўсплывалі ўсе печкуры жыватамі да восеньскага неба.

Светла-зялёныя вочы ўтаропіліся ў Ляйбовіча.

— Я цаню, Давыдзе, што ты не цураешся мяне. І нашы гутаркі ad amicitiam за келіхам віна цаню. І ўдзячны за лячэнне. Але ты павінен усведамляць, што схіляць мяне да здрады бескарысна.

І з нейкай прыхаванай злой весялосцю перавёў позірк на Пранціша і Алеся:

— Я кат. Ашмянскі кат.

Цяпер сляды апёкаў на руках пана Ігнаруса нагадвалі зусім не наконт працы каваля. Пранціш моцна сціснуў локаць Алеся: не адхінацца, не жахацца, не крывіцца.

— Вітаю шаноўнага пана Ігнаруса. Можа, васпан мае звесткі пра майго пана бацьку? Ён… жывы?