Выбрать главу

— Не трэба. Вы самі ўсё разумееце, Праксэда. Вы ж кемная. Давайце памолімся святому Кіпрыяну і святой Юстыне…

Голас гучаў мякка-спачувальна.

У Алеся глуха стукала ўвушшу кроў, калі ён ірвануў у свой пакой… І пастараўся выкінуць убачанае з галавы.

Але слімак нікуды не падзеўся. Ён жыў, варочаўся пад сэрцам, змушаў пільна прыглядацца да жэстаў і поглядаў, услухоўвацца ў інтанацыі…

Падазронага больш не было. Цёмныя вочы бацькі заўсёды цяплелі, калі ён глядзеў на жонку. З паннай Праксэдай, як з усімі — строгі і ветлівы. Панна абвязвала шчыльна галаву белай хусткай, як паслушніца, гаварыла мала, шчыравала ў шпіталі, як апантаная, пані Саламею шанавала… А тая часам паглядала на памочніцу з сумным жалем, як на цяжка хворага, што хавае сваю хваробу.

Але — слімак пад сэрцам Алеся жыў. І час ад часу ўзбураў цёмную пену недарэчнага гневу.

Бразнулі дзверы. На парозе карцара стаяў пан суддзя менскага замкавага суда пан Вырвіч. Ладны, русачубы, блакітнавокі… Вось толькі штось не так было з вачыма пана, звычайна такімі ўсмешлівымі.

— Я забіраю цябе з Акадэміі, Аляксандр. Ідзі па клункі, адпраўляешся дадому.

Сярод семестра?

За што Алесь яшчэ больш паважаў дзядзьку Пранціша — той ніколі не хаваў ад яго праўды.

— Бацька твой зняволены. У акрутным забойстве вінавацяць.

Юнак змусіў вусны не дрыжэць. Ясна ж — абвінавачванне лжывае. Двубой — так, Алесь не раз бачыў, як доктар шабляй свой гонар абараняе. Але — акрутнае забойства? Бутрым Лёднік, выбітны фехтавальшчык, і ў вірах ваенных не хацеў нікога пазбаўляць жыцця, гадамі адпрацоўваў адмысловыя ўменні, як перамагаць, не беручы смяротны грэх на душу.

— А хто забіты?

Пан Вырвіч трохі прамарудзіў з адказам.

— Панна Праксэда, што ў вашым шпіталі працавала.

Вільготныя камяні вязніцы скалануліся. І мімаволі ўспомнілася… Тонкая рука дрыжыць ад невымоўнай пакуты і цягнецца да худой шчакі змрочнага высокага мужчыны… Нашто? Ён жа стары… Худы… Непрыгожы…

Бацька невінаваты… Невінаваты… Невінаваты…

Раздзел першы

АПОШНЯЯ СПРАВА СУДДЗІ ВЫРВІЧА

У той год сабралася да прабацькі Абрама на піва самая старая жыхарка Менска, мяшчанка Ружа Твароўская.

Прабацька ўжо, мусіць, дзірку ў аблоках працёр, кабету выглядаючы.

Сто трынаццаць год, шэсць каралёў перажыта.

І абодва Сасы, за якімі еліся лыжкай кілбасы. І Ян Сабескі, што круціўся пад абцасікам каралевы Марысенькі. І Ян Ваза, езуіт суровы, кароль кісялёвы. І недалужны Вішнявецкі, які ад перайманняў за паразы вайсковыя маладым памёр. І кароль Стась Ляшчынскі, што двойчы трон губляў…

А папраўдзе, дык за кожнай каралеўскай мосцю крывавай поліўкі ліцвіны ды іншыя народы Рэчы Паспалітай насёрбаліся, а цяперашні Цялок яшчэ горшага наварыў. Добра, Менску пакінулі Магдэбургскае права, а шмат якія гарады ліцвінскія страцілі яго: у Расейскай імперыі вольнасцям местачковым не існаваць. Цяпер там не ваяводствы, а губерні. У Менску ваявода застаўся, але прызначылі на гэтую пасаду гарбатага Юзэфа Мікалая Радзівіла, крэатуру Чартарыйскіх, які з задавальненнем кіраваў секвестраванымі маёнткамі сваяка-выгнанніка Пане Каханку.

Новая рыдлёўка — новыя грады. Альбо прыстасоўвайся да новых парадкаў, або… Таму без прыхільнасці асаблівай прыняў пан суддзя менскі замкавы, ягамосць Пранціш Вырвіч з рук ліслівага вознага позву на пазачарговае паседжанне суда. Учора толькі з палявання ў Капанічы вярнуліся, бязлітасна абрэзаўшы ніткі лёсу дзіку ікластаму ды ласю губастаму. Сынок малы Янук ля ног шыецца — «Тата, дай пастлаляць!» І касавурыцца на пісталет італьянскай работы, што нядаўна ўпрыгожыў насценную калекцыю. Жонка-разумніца, пані Дамініка з Гараўскіх, дакорліва паглядае: абяцаў жа яе новую карціну ацаніць, а сам, змораны, заснуў. Цесць, пан Гараўскі, які на хаўтурах па дзіку ды ласю анісаўкі сабе не шкадаваў, вось-вось прачнецца… І вырашыць неадменна, што мала выпіта ў памяць замардаваных лясных істотаў. А пану Вырвічу трэба было б яшчэ мазгі добра праветрыць ад тае анісаўкі, на пару з панам Гараўскім учора выпітай, ды добра абдумаць нядаўні візіт пана Баўтрамея Лёдніка.