Выбрать главу

Маладзенькі шляхціц з вусікамі, што нагадвалі дзве вышчыпаныя з кудзелі шматочкі, верашчаў, ажно Брастоўскі паморшчыўся. Пранцішу самому давялося напружыць голас:

— Я шмат гадоў ведаю пана Баўтрамея Лёдніка. Магу прысягнуць, што ён не здольны на такое злачынства. Нагадаю, панове, што тры гады таму ён выйграў тут жа, на пляцы ля ратушы, ардалію, Божы суд! Магу засведчыць, што панна Праксэда Брастоўская рабіла ўсё па добрай волі і авалодвала справай медычнай з хрысціянскіх пабуджэнняў… У мінулы аўторак пан Лёднік гасцяваў у мяне, у Капанічах, і ніякай паненкі не пераследваў…

— Саўдзельнік! Схізматык! Ганьба!

Пранціш разумеў, што менавіта на ягоную адмову асудзіць сябра і разлічвалі. Тут жа ў падсудка знайшоўся ліст ад пана войта Юзэфа Радзівіла. За неадпаведныя дзеянні пан суддзя менскі Пранціш Вырвіч пазбаўляецца сваёй пасады, і на ягонае месца прызначаецца…

Вырвіч нат не расчуў, хто менавіта пасуне яго з судзейскага крэсла, за ўхвальным ровам натоўпу. Новы суддзя тут жа аб’явіўся, варушачы, як жук, чорнымі вусамі, і няправедны суд прадоўжыўся… Але зараз жа і скончыўся, калі загаварыў нарэшце ягамосць падскарбій вялікі літоўскі Брастоўскі. Вырвіч, якога, дзякуючы ягоным гайдукам з Капаніч, з залы не вытурылі, толькі да сцяны адсунулі, зноў вушам уласным не верыў. Падскарбій уладна запатрабаваў, каб забойцу дачкі аддалі пад ягоную юрысдыкцыю, як старосты ашмянскага, ён якраз збіраецца ў Ашмяны, вось і збярэ гродскі суд.

І каб быў Лёднік радавітым, успомніў бы хтось пра недатыкальнасць шляхціца, роўнасць усіх паноў-братоў і святасць Статуту — бо дапусці прэцэдэнт, гэтак любога вораг зможа забраць у сваю вотчыну на расправу… Але Баўтрамей Лёднік быў бязродным, што ўмудрыўся ўкруціцца ў давер да каранаваных асобаў, і вось ужо яго выводзяць воі Брастоўскага… І паблісквае абыякава вечаровае сонца, што здолела прабіцца праз пыльнае ваконнае шкло, на залатых галунах ды аголеных шаблях…

Дарэмна Вырвіч крычаў пра каралеўскі Трыбунал, які толькі і мае права асудзіць шляхціца… Дарэмна, успомніўшы, што пан Брастоўскі жанаты з сястрой князя Міхала Багінскага, нагадваў пра сваяцтва: жонка Пранціша, Дамініка з Гараўскіх, была дачкой зводнай сястры князя. Брастоўскі толькі злосна ашчэрыўся…

Традыцыі для пана заканчваліся дыяментавым гузам на шапцы.

Чорны Доктар паспеў прагаварыць да Вырвіча, калі той прабіўся да яго бліжэй:

— Прыглядзі за маёй сям’ёй… Алеся забяры…

Вось так Вырвіч і паехаў у Вільню.

…Да першай прыдарожнай карчмы, дзе яны з Аляксандрам Лёднікам збіраліся ночыць, яшчэ заставалася вёрст дзесяць. Хмары ляцелі ў бок Менска, падабраўшы шэрыя фальбоны, быццам спазняліся да пачатку нябеснай асамблеі…

Алесь выцер з твару восеньскі дождж.

— Хтосьці дапаможа?

З сядзельнай сумкі малодшага Лёдніка несамавіта высоўваў бліскучы нос мікраскоп.

Вырвіч і без павелічальнага шкла бачыў бяду.

— Кароль рады Бутрыма з жыцця вытрасці, як каменьчык з бота. Тызенгаўз супраць не папрэ, Жылібер сведчыць — адразу пачаў пра Бутрыма рэзка адзывацца. Сам Жылібер спачувае, але што ён зробіць…

На прыдарожным крыжы вісеў абраз, пасечаны нечай шабляй. Засталося адно цёмнае сумнае вока…

— А бацька… жывы яшчэ?

Вырвіч і сам хацеў бы пэўнасці — ці мала няшчасных павісала ў петлях ды палівала крывёй шыбеніцы ў дварах магнацкіх палацаў…

— Суд яшчэ мусіць быць.

Самому б у гэта верыць.

— А што, калі… Да расейскай царыцы звярнуцца?

Вырвіч скасавурыўся на Алеся: наколькі шмат ён ведае пра стасункі бацькі і імператрыцы? Паколькі хлопец адвярнуўся і пачырванеў — ведае досыць.

І ў такім бядотным становішчы можна было і да царыцы… Калі б мудры ганарысты Бутрым, які паставіў за мэту быць незалежным ад ласкі вяльможнай, якраз напярэдадні не спаліў сабе і гэты масток — пра што Вырвіч з расчараваннем даведаўся толькі пасля суда. Імператрыца пажадала пачуць, як дзейнічае Адукацыйная камісія, як працуе ў Гародні медычная школка… У дэлегацыю, што мусіла пра гэта дакласці, згодна негалоснаму манаршаму распараджэнню, належала ўключыць прафесара Баўтрамея Лёдніка. А той упёрся… Не варты, этыкету не навучаны, радаводам не выйшаў… Ясна, што дзеля спакою каханай Саламеі ў вязніцу пойдзе за аслушэнства — але не дасць новай падставы брудным чуткам. Ніякіх больш палацаў і імператрыцаў…

Панятоўскі дык толькі ўсцешыўся. Але ў Санкт-Пецярбургу ганарыстага доктара кляйном адпаведным пазначылі.

— Я не паеду дадому.

Алесь Лёднік упарта падціскаў вусны. У глыбокай калюжыне ад сялянскіх калёс люстравалася неба падзеленай краіны.