Выбрать главу

А вось і татухна руды.

— Вітаю вашамосцяў! Ну што, доктар, ніяк не разбягуцца нашыя сцяжынкі?

Пан Гервасій Агалінскі ў неахайна падпяразаным жупане трымаў куфаль, як антычны Вакх.

— А што за прыўкрасная паненка з вамі?

Аляксандр урачыста пакланіўся.

— Дазвольце прадставіць, вашамосць: мая жонка, пані Праксэда з Брастоўскіх.

— Што? Як вы маглі, вашамосць! — ад віску Рэгінкі ажно шкельцы ў шыбах задрыжэлі. — Вы павінны былі чакаць майго паўналецця! Здраднік!

На тое, каб калі не супакоіць панну, дык хаця б змусіць не верашчаць, давялося страціць два рэшаты часу. Калі абражаная паненка нарэшце сышла, Праксэда выпадкова заўважыла на сваёй смарагдавай спадніцы пляму сажы, падобную па форме да велізарнага кажана.

Калі толькі паспела амерыканачка!

Нарэшце дайшло да справы.

І інтрыга тут закручвалася наступная. Ягамосць Караль Радзівіл, паколькі ягоныя іерыхонскія трубы выявіліся слабаватымі, намацаў у перамовах з каралеўскім дваром яшчэ адну магчымасць для гандлю. Зараз Тызенгаўза больш за ўсё непакоіў князь Багінскі. Шпегі дакладвалі, што ён змоўшчык, і збірае новую канфедэрацыю. Але цяпер дзейнічае яшчэ больш нахабна, бо амаль парадніўся з расейскім паслом Штакельбергам. З якім у Панятоўскага зараз былі адносіны нацягнутыя, як струны арфы. І не выключана, што пасол вырашыць гуляць у палітычныя гульні на пару са сваім новым сваяком, вялікім гетманам. Панятоўскі, кароль батлеечны, пасядзіць пакуль на цацачным троне, а вось падскарбія надворнага Тызенгаўза дакладна папхнуць. Таму тэрмінова трэба разбурыць гэты небяспечны саюз, пасварыць Багінскага і Штакельберга. А Пане Каханку выдатна ведаў такі спосаб. Паколькі ягоны здрадлівы альбанчык Агалінскі распавёў яму пра лёс сваёй дачкі.

Так што не паспелі амерыканцы далёка адплысці, у порце Бары іх перахапілі.

І заўтра чакаецца яшчэ адна сенсацыйная справа ў Трыбунале. І хтосьці з банды Чорнага Доктара мусіў выступіць сведкам. Распісаць, як жорстка абыходзіліся Багінскія і Брастоўскія з малой Рэгінкай, як яна ўцякла ў бядотным выглядзе ад апекуна, як адмаўлялася стаць нявестай Штакельберга.

Калі ўсё ўдасца, Пане Каханку атрымае ганаровае запрашэнне да вяртання на добрых умовах і літасціва яго прыме. Князю Багінскаму, каб выкараскацца з сітуацыі і вярнуць секвестраваныя маёнткі без дапамогі расейцаў, давядзецца раскашэліцца і шмат у чым прыцішыць амбіцыі.

Так што кароль атрымае абодвух самых небяспечных магнатаў утаймаванымі.

А бандзе Чорнага Доктара за спрыянне — падтрымка ўсемагутнага падскарбія. Які, дарэчы, даволі рэзка нагадаў доктару Лёдніку, што той па-ранейшаму з’яўляецца чальцом Адукацыйнай камісіі і Неўсыпальнай каралеўскай рады, і цяпер, калі непаразуменні з законам вырашаныя, можа пакінуць свой пост толькі ў выпадку дзяржаўнай здрады. З адпаведнымі наступствамі. Ягамосць падканцлер Іяхім Храптовіч, старшыня камісіі, ужо чакае нядбайнага падначаленага з дакладам.

Дзе ж раней гэтыя камандзіры былі, пакінуўшы каштоўнага чальца рады на з’ядзенне магнатам?

Паміж ражном і агнём застаецца толькі засмажыцца.

— Вось што, сведчыць у судзе буду я, — заявіў Пранціш. — Я ні ад Брастоўскага, ні ад Багінскага не залежу.

— Дарэчы, заўтра пад’едзе брат пана Міхала, пан Адам, — весела ўсміхнуўся Агалінскі. — Мы з ім знаёмыя добра, ён дапаможа, калі што, свайго братку ўтаймаваць. Сумленны патрыёт! Даведаўся, што Полацак расейцы пазбаўляюць магдэбургскага права, і адмовіўся ад пасады старосты. Невялікі гонар зганьбаваным горадам кіраваць ад імя ганебных уладаў! Нічога, ягамосць Караль вернецца — у шляхты тутэйшай надзея з’явіцца!

— Дык што, пан Гервасій, вырашыў застацца? — зацікавіўся Пранціш.

Амерыканец дапіў келіх і са шкадобай зазірнуў у ягоную шкляную пустэчу.

— Ды я б застаўся, але ж Паланэйка і сын там, за акіянам… Каб сужонка яшчэ чаго без мяне не ўтварыла… — з няёмкасцю перхануў Агалінскі. — Увесь гэты час баяўся, каб яна сюды не ірванула. Тады не разблыталіся б. Зноў жа, з ангельцамі вайна. Трэба армію збіраць. Я ў Італіі сустрэў аднаго добрага хлапца, Тадзіка Касцюшку. Ён якраз не пры справах — уявіце сабе, закахаўся ў дачку свайго працадаўцы Сасноўскага так, што паспрабаваў яе звезці. Але закаханых выкрылі — між іншым, не без дапамогі Станіслава Панятоўскага, Цялка няшчаснага, якому па старым сяброўстве Тадэвуш сардэчныя справы адкрываў. Збілі небараку слугі ды кінулі, як смяццё. А ён у вайсковай справе — геній! Угаварыў яго, паедзе ў Амерыку. Дык яго звабіў — а сам што, у гарохі?