Выбрать главу

Баўтрамей пачціва перачакаў, пакуль уладар і ягоная світа адсмяюцца, а блазан прымаў ганарыстыя паставы і кідаў перабольшана пагрозныя позіркі.

— Рады служыць вашай княскай мосці.

Вырвіч прамовіў нешта гэткае ж пачцівае.

— Гэта праўда, доктар, што ты маю былую жонку, гадзюку, лекаваў?

Лёднік зноў пакланіўся:

— Я — лекар, вашамосць, я мушу дапамагаць кожнаму, хто мае ў тым патрэбу.

— Ну-ну… — князь пагрозна выкаціў на доктара пукатыя мутна-блакітныя вочы. — Хіба не твой сын абвінавачваў Тэрэзу ў судзе, што яна забіла ягоную маладую жонку? А потым нейкую лухту нёс пра падмену майго стрыечнага брата?

Лёднік не змяніўся ні рысачкай.

— Мой сын — малады, гарачы юнак. Гора адняло ў яго асцярогу. У нас былі падставы меркаваць, што да нападу на нашу сям’ю былі датычныя альбо яемосць пані Тэрэза, альбо пан Міхал Брастоўскі, цесць майго сына, альбо пан Юзаф, староста Менскі. Але доказаў аказалася недастаткова.

— Яшчэ б! — фыркнуў князь. — Уздумалі, шарачкі бязродныя, з князямі вадзіцца. Навука вам наперад. Радуйцеся, што за паклёп да ганебнага слупа не выставілі.

— Выставілі, вашамосць, — меланхалічна абвесціў Лёднік. — Мяне.

— Ты ж нібыта маеш патэнт на шляхецтва? — троху здзівіўся пан Караль.

— Гэта было не па суду. Бутрым узяў на сябе ўсю віну за словы сына, — паспяшаўся патлумачыць Пранціш. — Паколькі абраза была адразу некалькіх уплывовых асоб — старосты менскага з ягоным братам, падскарбія літоўскага, пані Тэрэзы са Ржавускіх, тыя настойвалі на пазбаўленні маёмасці і гонару. А тады каб Баўтрамей адказаў не па артыкуле дваццаць сем трэцяга раздзела Статута, а па артыкуле дваццаць два, як бы не шляхціц абразіў шляхціца — пакаранне ля ганебнага слупа. Але ўрэшце пагадзіліся вырашыць справу прыватным чынам. Маёмасць і шляхецтва застаюцца ў сям’і, доктар Лёднік аддаецца на волю пана Міхала Брастоўскага. Абражаныя асобы засталіся задаволеныя сатысфакцыяй і прынесенымі выбачэннямі.

На Пане Каханку пачутае не зрабіла асаблівага ўражання, ён толькі абыякава пацікавіўся:

— І многа табе ўсыпаў Брастоўскі ля слупа, пане каханку?

— Мне даводзілася цярпець горшае, ваша княская мосць, — спакойна адказаў Лёднік. — Усё прамінае, і гэта прамінула. Сын вучыцца ў Венскім універсітэце, ён таленавіты медык і натураліст. Дзякуй богу.

Пранціша перасмыкнула. Хацелася выкрасліць з памяці тыя жудасныя падзеі. Як хавалі бедную Праксэду на Кальварыйскіх могілках Менска. Як Алесь крычаў на іх з Бутрымам — навошта былі ўсе гэтыя хітрыкі, дамовы з магнатамі? Урэшце самавольна падаўся ў суд. І што з ім было, калі даведаўся, што не толькі ніхто не будзе заводзіць справу, але й ягонаму бацьку давядзецца зведаць публічную ганьбу за паклёп. І як Пранцішу давялося ўласнаручна скруціць недарасця, каб не нарабіў гвалту. І як Бутрым, які яшчэ не ачуняў ад раны, пагадзіўся дзеля сям’і на неадпаведнае шляхціцу пакаранне ў якасці сатысфакцыі і на цікаўных вачах натоўпу ў ашмянскім уладанні пана Брастаўскага падстаўляў спіну пад бізуны. Як трэслася ад плачу Саламея. Як выскаляўся ашмянскі кат Ігнарус, якому даверылі важную справу пакарання таго, хто абразіў ягонага пана. Дачакаўся местачковы Харон сваю ахвяру. А што ж — пан Панінскі, няздзейснены маршалак здраднага Варшаўскага сойму, патрабаваў, каб Тадэвуша Рэйтана за тое, што самавольна адабраў у яго маршалкоўства і перашкаджаў падзелу краіны, таксама білі ля ганебнага слупа. Добра, не здзейснілася. А магло. Гнеў і бяссілле. Не дай Гасподзь каму зведаць гэты напой і дапамажы застацца пасля яго на светлым баку быцця.

— Адной з умоў, што пані Тэрэза даруе паклёп, і было, каб Баўтрамей Лёднік адпрацоўваў нанесеную ёй шкоду лекарскім сваім майстэрствам, — змрочна дадаў Пранціш. — Вось Бутрым і наведваў пацыентку, пакуль яна не з’ехала.

Так, прыдумала пані Тэрэза, як вярнуць сабе забаўку. Праўда, Бутрым умеў яе ўтаймоўваць, можа, адзіны з усіх. Ды яшчэ і — неверагодна! — шкадаваў. Маўляў, ніхто не нарадзіўся пачварай. У пані сваё пекла было, з якога яна калекай выйшла.

Блазан смешна перакрывіўся і раптам зрабіўся падобны да акрутнай пані Тэркі, захістаў сцёгнамі, пачаў папраўляць неіснуючую фрызуру.

— А шкада, што гэтую сучку Ржавускую не ўдалося засудзіць ні разу, — злосна выгукнуў пан Караль, скасавурыўшыся на свайго Пшчольчыка. — Як гарох ад жалеза — усё ад яе адлятае. З тваёй нявесткай, доктар, не ведаю, што за цёмная гісторыя была. А вось у мінулым годзе, калі я разводзіўся, паслаў у Белакамскі замак свайго вернага шляхціца Чашэйку, каб забраў мой падарунак, каштоўныя перліны, якія маёй маці належалі. Дык гэтая нягодніца напачатку паспрабавала майго пасланца спакусіць. А калі не ўдалося — аддала яму перліны, забраўшы мой ліст на тое. Чашэйка толькі выехаў з замка — абвесціла, што ён яе абакраў. Небараку схапілі, тлумачэнняў слухаць не сталі. Тут жа асудзілі і адсеклі галаву!