Выбрать главу

Гэтая сварка была ўжо не першая, таму Кантэн стараўся маўчаць. Усё гэта не мела сэнсу, бо сама Марыя-Луiза вось-вось павiнна была прыехаць. Аднак Iзабэла не сунiмала крыку:

- I не ўздумай, калi яна прыедзе, дурыць ёй галаву з гэтай гiсторыяй! Мне не патрэбны гэты дурнаваты ў нашым доме!

Яна ўсё не магла забыцца пра настаўнiка. Ён выбiў яе з каляiны. Iзабэлу больш за ўсё злавала тое, што хлопец прыйшоў, нягледзячы нi на мароз, нi на дрэнную дарогу, з адной мэтай, каб даведацца, цi прыедзе Марыя-Луiза. А ў гэту выдумку з кнiгай яна адразу не паверыла. I яна ўзялася зноў кпiць з Кантэна:

- Ты заўсёды маеш мяне за дурнiцу. Асаблiва калi прыходзiць гэты тып. Для вас я - неадукаваная мурза. Я ж не чытаю кнiжак, як вы. Аднак што датычыцца будучага нашай дачкi, гэта мурза без адукацыi бачыць далей, чым ты.

Кантэн не адказваў. Ён думаў, якою сiлаю волi павiнен валодаць знешне кволы i сарамлiвы настаўнiк, каб чуць усё сказанае Iзабэлай i не раззлавацца. Хлопец гатоў быў усё вытрымаць дзеля Марыi-Луiзы. Чым больш Кантэн разважаў, тым несправядлiвейшай здавалася яму пагарда Марыi-Луiзы да настаўнiка. Яго не здзiўляла тое, што дачка не кахала гэтага хлопца, але ж навошта яна пасылала яму лiсты? I чаму раптам яна перастала яму адказваць? Гэта не было ўласцiва Марыi-Луiзе, ва ўсякiм разе, той Марыi-Луiзе, якой яна была два гады назад. Гэтыя думкi не давалi старому спакою, а тут яшчэ жонка сыпала i сыпала свае папрокi. Яна папракала яго ў эгаiзме, яна лiчыла ненармальным тое, што бацька жадае, каб дзецi жылi побач з iм.

- Так было сто гадоў назад, - не супакойвалася Iэабэла. - Я табе ўжо колькi разоў казала, што табе трэба было нарадзiцца ў мiнулым стагоддзi. А ты лiчыш сябе разумнейшым за ўсiх.

Гэта быў яе галоўны папрок. I сапраўды, з дня ад'езду Марыi-Луiзы яна цвярдзiла яму гэта мо сотню разоў. Але кожны раз, калi яна так гаварыла, Кантэн крыху адчуваў сябе пераможцам, паколькi жонка хоць i лiчыла, што можа распазнаваць яго думкi, аднак яшчэ не здагадвалася, што Кантэн аб гэтым думае на самай справе. Кантэн чытаў газеты, слухаў радыё, раз у месяц наведваў базар, якi праводзiўся ў Лон-лё-Сан'е. Ён ведаў, колькi людзей гiне штодзень на дарогах, у горадзе, i таму быў шчаслiвы, што жыў на хутары. Як iм пашанцавала, думаў ён, што яны жывуць далёка ад дарогi i нават ад вёскi, што яны могуць жыць так, як жылi тут iх бацькi i дзяды. I Кантэну было б шчасцем адстаць на стагоддзе: сто гадоў назад Марыя-Луiза не паехала б ад iх у горад.

Не перастаючы папракаць мужа, Iзабэла высыпала на стол кошык гароху ў стручках i пачала яго лушчыць. Кантэн сеў насупраць i стаў дапамагаць ёй. Дэнiза сядзела ў канцы стала i чысцiла тоўстыя шэрыя ранеты. На некаторых яблыках засталiся яшчэ з саду засохлыя кавалачкi глебы. Калi Iзабэла змаўкала на хвiлiну, каб перавесцi дыханне, на кухнi чуваць было толькi сухое шапаценне стручкоў ды звонкi грукат гарошын, якiя падалi ў жалезную пасудзiну. Час ад часу шыпела сыраватае палена. Вiдаць, гэта было адно з тых, якiя Кантэн браў з верху вярсты. Апошнiя дажджы i снег крыху падмачылi iх. Слухаючы гэта шыпенне, Кантэн зноў успомнiў, як Марыя-Луiза марыла ў дзяцiнстве аб маленькiм цёплым дамку, у якiм яна сядзела б гадзiнамi ля акна.

Iзабэла ўсё не магла забыцца пра настаўнiка. Яна кпiла з яго слоў пра снег. Жанчына лiчыла, што любiць снег або рабiць выгляд, што любiш яго, адзнака вялiкай дурноты.

- Дарэчы, - завяршыла яна, - трэба быць ёлупнем, каб уявiць сабе, што ў яго нешта выйдзе з Марыяй-Луiзай.

Кантэн сцiпла заўважыў:

- Ты гаворыш гэта, а сама нават не ведаеш, што мiж iмi было. Яны перапiсвалiся...

Жонка не дала яму дагаварыць. Яна рэзка ўзмахнула худой рукой, у якой трымала высахлы стручок, i адрэзала:

- Нiчога памiж iмi не было! Нiчога! Калi б нешта было, Марыя-Луiза сама сказала б мне пра гэта.

Хоць яна цяпер не крычала, Кантэн не пярэчыў ёй. Ён нават ледзь не засмяяўся, бо стручок у жончынай руцэ вельмi нагадваў яму маленькую шаблю. Кантэн апусцiў галаву, а жонка замаўчала. Вiдаць, яна вырашыла, што пераконваць яго не мае сэнсу.

Такiм чынам, на доўгi час усталявалася цiшыня. На каленi Кантэну скокнула котка. Стары слухаў яе мурлыканне i думаў пра Марыю-Луiзу. Час ад часу, не перастаючы лушчыць гарох, ён пазiраў то на яселькi, то на вогнiшча, то на запацелую шыбу, па якой паўзлi шэра-зялёныя ручайкi. Кантэн глядзеў i казаў сабе, што неўзабаве Марыя-Луiза ўбачыць усё гэта, i яны сапраўды адчуюць сябе шчаслiвымi, калi яна ўвойдзе ў хату.

4

Яны яшчэ не скончылi лушчыць гарох, як за дзвярыма пачулiся крокi. Котка скокнула на дол i схавалася за Плiтою сярод складзеных дроў. Усе трое пераглянулiся i замёрлi на месцы. Па выразе жончынага твару Кантэн зразумеў, што яна, як i ён сам, падумала пра паштальёна. Але калi прыйшоў паштальён, то гэта значыць...

Сапраўды, гэта быў паштальён. Кантэн пазнаў яго па тым, як ён стукаў у дзверы. Перад тым як адказаць, Кантэн яшчэ раз паглядзеў на Дэнiзу. Яе напружаны твар з напаўадкрытым ротам быў павернуты да ўвахода.

Кантэн адгукнуўся, i на парозе з'явiўся мясцовы паштальён. Сёння пад блакiтным кепi ў яго быў шарсцяны шлем. Паштальён, як заўсёды, гучна сказаў:

- Здаровы былi, Кантэны!

Нiхто яму не адказаў.

Iзабэла i Кантэн паднялiся i стаялi ля сваiх крэслаў, пакуль паштальён не наблiзiўся да стала з пiсьмом i не сказаў:

- Прынёс навiны ад вашай большай.

Тады Кантэн падышоў да буфета, узяў лiтр вiнаграднай гарэлкi i дзве шклянкi. Вярнуўся, налiў i спытаўся:

- Ну, як дарога, Фернан?

- Тут яшчэ нiчога, - адказаў паштальён, - а вось у нiзiнах намяло. Цяжка будзе прабiцца снегаачышчальнiку.

- Трэба час.

- Ведаю, але ты можаш не турбавацца. Гэтым займаецца Густаў Ламбэр. Ён не будзе губiць сваю жывёлу. Кожны раз, калi выпадае нагода асушыць бутэльку, ён дае трактарыстам дастаткова часу, каб яны аддыхалiся i ачысцiлi дарогу да яго фермы. А твая побач.

Кантэн слухаў яго, а сам глядзеў на блакiтны канверт, што ляжаў на рагу стала. Iзабэла таксама не брала яго ў рукi. Яна глядзела то на канверт, то на паштальёна, то на дзверы. Нiхто не дакранецца да гэтага пiсьма, пакуль тут гэты чалавек.

Паштальён адпiў палову сваёй гарэлкi, цмокнуў языком i сказаў:

- Я бачыў сляды, як праходзiў каля пiльнi, i падумаў, што нехта прыходзiў ранiцай. Няўжо, думаю, Кантэн выходзiў з дому? А потым прыгледзеўся: сляды чапляюцца адзiн за другi, не, не яго.