Выбрать главу

Савецкая партызанская акцыя вырасла настолькі, што амаль усе воласьці і частка паветаў на Усходняй Беларусі, і многія воласьці на Заходняй Беларусі былі апанаваныя імі. Даставы павіннасьцяў з гэтых абшараў амаль не паступалі да немцаў. Чыгуначныя і аўтамабільныя шляхі часта былі замініраваныя. Забойствы нямецкіх ураднікаў і вайскоўцаў сталі частымі здарэньнямі. Беларускія кіраўнікі і сяляне часта гінулі ад рук партызанаў. Цяпер немцы ўзмоцнілі свой тэрор. Ува ўсіх акруговых і паветавых гарадох былі збудаваныя шыбеніцы, на якіх немцы вешалі людзей дзеля постраху іншых. Распачаліся вялікія карныя экспэдыцыі немцаў у партызанскія раёны.

Аднак нямецкае кіраўніцтва разумела, што самым тэрорам супроць усяго насельніцтва пад час цяжкай вайны кіраваць Беларусяй будзе цяжка. Таму, каб прыцягнуць большую колькасьць беларусаў да супрацоўніцтва з нямецкай цывільнай адміністрацыяй і каб гэта супрацоўніцтва было больш карысным, гэнэральны камісар Беларусі на ўгодкі нападу Нямеччыны на СССР, 22 чэрвеня 1942 году, абвесьціў, а 29 чэрвеня 1942 году паклікаў да жыцьця ўстанову Беларускіх Мужоў Даверу. Галоўным Мужам Даверу пры гэнэральным камісару Беларусі, рэпрэзэнтуючым беларускі народ праз арганізацыю БНС, быў вызначаны д-р I. Ермачэнка, які затрымаў за сабой кіраўніцтва палітычнымі справамі. На прапанову д-ра Ермачэнкі былі вызначаныя Мужамі Даверу: па справах культуры інж. I. Касяк — кіраўнік аддзелу культуры Галоўнай управы БНС; па справах прапаганды рэд. А. Адамовіч — галоўны рэдактар «Беларускай Газэты»; па справах асьветы д-р I. Скурат — заступнік школьнага іспэктара. Мужы Даверу мелі права і абавязак радзіць і рабіць прапановы па справах беларускага насельніцтва адпаведным кіраўнікам Гэнэральнага камісарыяту Беларусі.

На жаданьне гэнэральнага камісара д-р Ермачэнка запрапанаваў па адным Мужу Даверу пры акруговых камісарах, якіх цяпер было 10. Акруговыя Мужы Даверу праз БНС былі прадстаўнікамі і дараднікамі ад насельніцтва для камісараў.

Адначасна гэнэральны камісар зажадаў выданьня адозвы да беларускага народу, каб ён уключыўся ў барацьбу з бальшавіцкімі бандамі на Беларусі. Канкрэтныя захады адносна барацьбы належала праводзіць праз гэнэрал-маёра Цэннера, камандзіра брыгады СС і паліцыі на Беларусі, арганізуючы Беларускую Самаахову. «Чым мацнейшым будзе беларускі народ у барацьбе супроць маскоўскіх бандаў, тым лепшая будзе ягоная будучыня ў вялікім кантынгэнце народаў»,— пісаў гэнэральны камісар у сваім прызначэньні Мужоў Даверу.

Неадкладна была прынятая і выдадзеная друкам адозва да беларускага народу, у якой апісвалася антыбеларуская і антырэлігійная дзейнасьць бальшавіцкай Расеі і злачынствы ейных бандаў, беларускі народ заклікаўся да змаганьня з бальшавізмам. Адозву падпісалі д-р I. Ермачэнка, арх. Філафей, кс. В. Гадлеўскі, бурм. В. Іваноўскі, рэд. У. Казлоўскі і Ю. Саковіч.

Па справах арганізацыі Самааховы хутка ў 1942 годзе быў скліканы першы агульны зьезд БНС у Менску. У зьездзе прынялі ўдзел Мужы Даверу, кіраўнікі БНС з акругаў і вядучыя бурмістры і кіраўнікі беларускай паліцыі. Па даўжэйшай нарадзе было пастаноўлена арганізаваць Беларускую Самаахову — збройную сілу для абароны беларускага насельніцтва ад бальшавіцкіх расейскіх бандаў. Было пастаноўлена стварыць пры БНС аддзел вайсковых спраў, ды арганізаваць збройную самаахову па ўсіх акругах. Пастаноўлена распачаць гэтую працу ад арганізацыі ў Менску курсаў для перашкаленьня афіцэрскіх кадраў, а наступна і падафіцэрскіх.

На кіраўніка аддзелу вайсковых спраў пры Галоўнай управе БНС у Менску быў пакліканы д-м Ермачэнка каштан Францішак Кушэль, які да гэтага часу арганізаваў і кіраваў падафіцэрскай школай паліцыі ў Менску. На свайго памоцніка Кушэль запрасіў лейтэнанта Мікулу. Неадкладна ў Менску былі адчыненыя курсы перашкаленьня афіцэраў для Беларускай Самааховы. Курсантаў прыслалі акруговыя ўправы БНС, падбіраючы кандыдатаў на будучых камандзіраў з быўшай царскай, польскай і савецкай арміяў. Былі праведзеныя тры курсы для афіцэраў адзін за другім, па 80—100 чалавек на кожным. Курс для трупы трываў адзін месяц. Кап. Кушэль навучаў вайсковую тактыку. Капітаны Канавалаў, Хаўхуневіч, Рыбалтоўскі і лейтэнант Мікула навучалі аб муштры, зброі, дысцыпліне і інш. Д-р Я. Станкевіч вучыў гісторыі Беларусі, рэд. А. Адамовіч — аб сусьсветных палітычных падзеях сучаснасьці. Нагляд над курсамі мелі: з нямецкага боку капітан паліцыі Каммэр, а з беларускага боку Ю. Саковіч. Па сканчэньні перашкаленьня палкоўнік Мірскі прызначаў афіцэраў на камандзіраў Самааховы ў паасобныя паветы. У некаторых акругах зараз-жа былі арганізаваныя курсы для перашкаленьня падафіцэраў, як ў Менскай, Баранавіцкай, Наваградзкай і Слонімскай. У Наваградку былі перашколеныя чатыры зьвязы падафіцэраў.