Выбрать главу

Гэтая партыя нацыяналістых скарыстала агульны зьезд БНС у канцы 1942 году ў Менску і правяла шырэйшы зьезд сяброў і вядучага актыву. На нарадзе былі Ю. Саковіч, I. Касяк, А. Адамовіч, А. Арэхва (Менск), У. Родзька і М. Рагуля (Віцебск), Б. Рагуля (Наваградак), Р. Зыбайла і Я. Дакіневіч (Слонім), А. Сянкевіч і М. Тулейка (Баранавічы), А. Сокал-Кутылоўскі (Ганцавічы) і іншыя. На нарадзе быў прыняты назоў партыі — Беларуская Незалежніцкая Партыя, было пастаноўлена ўзмоцніць арганізацыйны стан і дзейнасць беларускага актыву праз стварэньне сеткі партыі беларускіх нацыяналістых ува ўсім краі. Для наступнага зьезду пастаноўлена падрыхтаваць канчатковы праект праграмы і статуту партыі, бо запрапанаваны сябрамі з Віцебску прыняты статут вымагаў грунтоўнага перагляду.

Дзейнасьць Беларускай Незалежніцкай Партыі праходзіла ў цяжкіх абставінах. Некаторыя беларусы палёнафілы, супрацоўнічаючы з польскім падзем'ем, пранікалі ў шэрагі партыі і дапамагалі вынішчаць беларусаў, якія змагаліся супроць польскай антыбеларускай дывэрсіі.

Польская прапаганда пашырала весткі, што па сканчэньні вайны і перамозе аліянтаў незалежная Польская дзяржава будзе адноўленая ў сваіх папярэдніх межах павэрсальскай дзяржавы. У выніку шэраг вядучых беларускіх нацыянальных дзеячоў рыма-каталіцкага веравызнаньня, а пад іх уплывам і праваслаўныя іх сябры не эвакуаваліся на захад перад наступам савецкіх арміяў у 1944 годзе, хаця мелі на гэта магчымасьць. Яны засталіся на мейсцы, як кс. Адам Станкевіч, інж. Адольф Клімовіч, былы пасол Фабіян Ярэміч, старшыня Глыбоцкага павету Я. Казёл і іншыя. Усе яны былі арыштаваныя савецкім Сьмершам і зьніклі.

Тымчасам савецкая партызанская дывэрсыя вырасла настолькі, што ўсе вялікія лясныя абшары былі поўнасьцю імі апанаваныя. Дастава падаткаў і сыравіны з гэтых абшараў для немцаў стала немагчымай. Узрывы ваенных цягнікоў, едучых да фронту, сталі пастаяннай зьявай. Пачасціліся забойствы высокіх нямецкіх ураднікаў і беларускіх службоўцаў. У Менску быў забіты Ф. Акінчыц, які прыехаў з Бэрліну па справах арганізацыі беларускіх прапагандыстых. Яго застрэліў працаўнік рэдакцыі «Беларускай Газэты» А. Матусевіч, які пасьля гэтага ўцёк да савецкіх партызанаў. Матусевіч ад даўжэйшага часу супрацоўнічаў сукрыта з савецкімі партызанамі. У Вільні быў забіты Ф. Аляхновіч, драматург, рэдактар газэты «Беларускі Голас». У Менску быў забіты рэдактар У. Казлоўскі і старшыня Менскага павету Контаўт. У Баранавічах быў схоплены і забіты ў лесе В. Русак, заступнік бурмістра Баранавіч.

На пачатку 1943 году Розэнбэрг выклікаў у Бэрлін прадстаўнікоў БНС для атрыманьня ад іх непасрэдных інфармацыяў аб сытуацыі на Беларусі і аб прычынах зьяўленьня і росту партызанскай дывэрсыі. Дэлегацыя БНС у складзе д-ра Ермачэнкі, д-ра Вайтэнкі, рэдактара Адамовіча і настаўніка Беляковіча наведала Розэнбэрга, мела з ім гутарку і падала яму загадзя прыгатаваны мэморандум. Там адзначалася, што на пачатку вайны беларускі народ быў прыхільны да нямецкай улады, але самаволя і зьдзекі мяйсцовых органаў гэстапо зьмянілі прыхільнасьць на варожасьць.

Розэнбэрг праз свайго кіраўніка палітычных спраў праф. фон Мэндэ рэкамандаваў дэлегацыі склікаць нараду бэрлінскіх беларусаў і прыняць рэзалюцыю з просьбай да нямецкіх цывільных і вайсковых уладаў аб спыненьні рабаваньня вёсак і прьімусовага высыланьня хворых беларусаў на працу ў Нямеччыну. На гэтую нараду мелі прыбыць радны міністэрства Кляйст і д-р Вэгнер. Аднак гэстапо не дапусьціла да гэтай нарады і вярнула дэлегацыю ў Менск.