Выбрать главу

Адразу па звароце д-р Ермачэнка быў арыштаваны гэстапо. Яго дапытвалі на працягу трох дзён, і толькі пасьля ўмяшаньня гэнэральнага камісара Кубэ д-р Ермачэнка змог вярнуцца да працы.

Выглядала, што кіруючыя нямецкія дзейнікі ў Бэрліне не былі задаволеныя з бягучай дзейнасьці д-ра Ермачэнкі. ён не здабыў агульнай папулярнасьці ў народзе і не перашкодзіў разьвіцьцю савецкай партызанкі. Захады Ермачэнкі аб арганізацыі масавай збройнай Беларускай Самааховы выклікалі недавер у немцаў.

У жніўні 1943 году д-р Ермачэнка быў выдалены з Менска ў Прагу Чэскую з забаронай займацца грамадзкімі справамі. Па забойстве гэнэральнага камісара Кубэ ў Менску ў канцы 1943 году д-р Ермачэнка быў арыштаваны ў Празе як падазроны ў садзейнічаньні гэтаму забойству, бо ён рэкамандаваў працаўнікоў гэнэральнаму камісару. Прызначаны на транспарт у лягер сьмерці з Прагі, Ермачэнка быў уратаваны захадамі д-ра фон Мэндэ і зьняты з транспарту.

На старшыню Галоўнай управы БНС быў прызначаны бурмістр гораду Баранавічы, былы пасол у польскім сойме, Юры Сабалеўскі. Дзейнасьць БНС цяпер была абмяжаваная да матар'яльнай дапамогі патрабуючым жыхарам. Асабісты ўплыў галоўнага старшыні БНС на гэнэральнага камісара спыніўся і БНС мусіла пільнавацца толькі загадаў нямецкіх кіраўнікоў. Справа арганізацыі збройнай Беларускай Самааховы была поўнасьцю спыненая.

Замест установы Мужоў Даверу была ўведзеная гэнэральным камісарам іншая ўстанова — Беларуская Рада Даверу, на старшыню якой быў прызначаны Вацлаў Іваноўскі, захаваўшы за сабой і становішча бурмістра Менска. Заступнікам старшыні Рады Даверу быў прызначаны Ю. Сабалеўскі. Іваноўскі рэкамандаваў сваіх кандыдатаў на сяброў Рады Даверу, агулам 16 асобаў, якія былі зацьверджаныя. У іх ліку быў Міхаіл Ганько, кіраўнік Саюзу Беларускай Моладзі (СБМ), прызначаны сакратаром Рады Даверу. Сябрамі Рады Даверу былі прызначаныя: Аўген Калубовіч, старшыня Беларускай Рады Культуры; д-р Надзея Абрамава, старшыня аддзелу дзяўчат СБМ; Канстанцін Рябушко, старшыня Прафэсыйных Саюзаў Гэнэральнага камісарыяту Беларусі і 10 прадстаўнікоў акругаў (па адным ад кожнай акругі Гэнэральнага камісарыяту). В. Іваноўскі быў прызначаны таксама старшынёй Беларускага Навуковага Таварыства, куды ён рэкамандаваў сваіх кандыдатаў у сябры. Як Іваноўскі, так і Рада Даверу ня мелі ўплыву на гэнэральнага камісара і на беларускую грамадзкасьць у тым абсягу, які меў д-р Ермачэнка. Беларускі палітычны і грамадзкі арганізацыйны рост амаль спыніўся. Таксама спыніўся ўплыў беларускіх кіруючых дзейнікаў на кіраўніцтва Праваслаўнай Царквы. Іваноўскі як каталік акружаўся пераважна людзьмі каталіцкага веравызнаньня і ня меў доступу да праваслаўных царкоўных дзейнікаў.

Неўзабаве пасьля сфармаваньня, у сярэдзіне жніўня, Беларуская Рада Даверу зажадала супольнай нарады з гэнэральным камісарам Беларусі і яго адміністрацыяй. Беларускія прадстаўнікі ў сваіх дакладах прадставілі наступныя пільныя патрэбы: 1) зварот усёй собскасьці прыватным собсьнікам, як гэта было перад бальшавіцкай рэвалюцыяй; 2) адчыненьне сярэдніх школаў і унівэрсытэту для адукацыі беларускай моладзі; 3) зьмена мэтадаў змаганьня супроць савецкіх партызанаў. Яны прасілі спыненьня безсэнсоўных нямецкіх рэпрэсыяў супроць мяйсцовага насельніцтва ў адказ на варожую дзейнасьць савецка-расейскіх партызанаў. У дакладах сьцьвярджалася, што партызаны былі арганізаваныя расейцамі, скінутымі на парашутах з самалётаў, з расейскіх вайсковапалонных, якія паўцякалі з лясоў.

Ня гледзячы на незадавальненьне некаторых удзельнікаў нарады адносна часткі прадстаўляных спраў, даклады былі прынятыя і Кубэ абяцаў паправу і перадачу ў Бэрлін адносна безпадстаўных актаў, робленых органамі, яму не падпарадкаванымі. Аднак адказ на гэтыя даклады не быў атрыманы.

22 верасьня І943 году гэнэральны камісар Кубэ быў забіты выбухам бомбы, падкладзенай пад яго ложак беларускай прыбіральшчыцай памешканьня Галінай Мазанік. Бацька яе быў у гэтым часе старастам Чыгуначнай Царквы ў Менску. Савецкія партызаны выкарысталі Галіну, паведаміўшы яе, што ейны муж забіты ў СД як партызан. Па падлажэньні міны Галіна зараз-жа была вывезеная партызанамі з Менска ў партызанскі раён.

Прыехаўшы з Бэрліну ў Менск, Борман, заступнік Гітлера, лаяў усіх нямецкіх кіраўнікоў за іх даверлівасьць і лагоднасьць да беларускага насельніцтва. Ён ударыў па твары д-ра Кайзэра, заступніка Кубэ, і выслаў яго жаўнерам на Усходні фронт. Некалькі сотняў беларусаў, якія ў прызначаны для тэрору дзень прыпадкова праходзілі каля муроў дому, у якім быў забіты Кубэ, было схоплена і на грузавікох вывезена за горад ды расстраляна.