Выбрать главу

Па адносным упарадкаваньні беларускай адміністрацыі ў Бранскай акрузе обэркрігсфэрвальтунграт Краац з «беларускім штабам» былі 20 красавіка 1942 году накіраваныя ў Смаленск.

Рыхтуючыся да акупацыі ўсёй Расеі, нямецкі ўрад скіраваў на ўсход для дапамогі сваёй арміі пры адміністраваньні Расеяй мноства расейскіх эмігрантаў, сабраных з Нямеччыны і іншых краінаў Эўропы. Гэта былі «салідарыстыя» з Народнага Трудавога Саюзу (НТС), якія хацелі зьнішчэньня бальшавізму, але ўтрыманьня ў цэласьці Расейскай імпэрыі. Паколькі фронт затрымаўся на некаторы час на ўсходніх абшарах Беларусі, то нямецкае вайсковае камандаваньне прызначыла гэтых расейцаў, палітычна пэўных для сябе, на адміністрацыйныя становішчы ў франтавой зоне Беларусі. Такім чынам, адміністрацыя горада Смаленска была ўжо абсаджаная расейцамі, якія адразу варожа паставіліся да прыбыўшых беларусаў, Бурмістр Смаленска Меншагін, савецкі юрысты, быў зацятым расейскім шавіністым. Гарадзкая ўправа была абсаджаная расейскімі «салідарыстамі», прысланымі з Чэхіі. Узяты ў палон савецкі гэнэрал А. Уласаў, якога немцы выкарыстоўвалі для сваёй прапаганды, знаходзіўся блізка фронту ў Смаленску. У дадатку савецкая русыфікацыя Смаленска на працягу 20 гадоў пакінула тут свае глыбокія сьляды.

Астроўскі хацеў адчыніць беларускія пачаткавыя школы ў Смаленску і замовіў беларускія падручнікі з Менска. Аднак расейская адміністрацыя горада зрабіла моцны супраціў, якога нельга было пераламіць. Прыйшлося заняцца Смаленскай акругай і раёнамі Лозно (Віцебская акруга) і Мсьціслаўлем (Магілеўская акруга), якія былі далучаныя да Смаленскай акругі нямецкай вайсковай адміністрацыяй.

Раёны вымагалі шмат арганізацыйнай працы. Некаторыя раёны, як Манастырскі, мелі неадпаведных старшыняў раёнаў; некаторыя працавалі без сувязі з акругай, пад камандай мяйсцовых нямецкіх камандантаў; некаторыя былі апанаваныя савецкімі партызанамі, як у Касплі, дзе з 20 валасьцей толькі паўтары былі пад загадамі раёну. Фактычна ўвесь раён быў партызанскім, бо адміністрацыя яго была ў руках замаскаваных савецкіх агэнтаў.

Астроўскі зьмяніў амаль увесь склад управы раёну, прызначыўшы старшынёй Івана Наронскага з Нясьвіжа. Касмовіч арганізаваў тут эскадрон ОД, які ачысьціў бліжэйшыя да раёну воласьці ад партызанаў. Аднак для ачысткі рэшты — 17 валасьцей былі патрэбныя іншыя захады. Адміністрацыя прыйшла да наступных выснаваў: 1) звольніць насельніцтва раёну Каспля ад усіх падаткаў на год; 2) забараніць немцам рэквізыцыі ў гэтым раёне; 3) даць мяйсцоваму насельніцтву зброю для абароны ад партызанаў; 4) забясьпечыць 4-я аддзелы ОД харчаваньнем.

На чале Смаленскай камандатуры быў стары нямецкі гэнэрал Пооль, які разумеў створаную сытуацыю. Ён згадзіўся з прапановамі і выдаў старшыні раёну Наронскаму грамату, якой усё насельніцтва раёну звальнялася ад усіх падаткаў і паставак, а вайсковым нямецкім аддзелам забараняліся ўсе рэквізыцыі без пісьмовага дазволу гэнэрала. Справу ўзбраеньня і харчаваньня эскадрону гэнэрал патрактаваў прыхільна, узалежняючы колькасьці ад магчымасьця). Абвешчаньне гэтай граматы адразу падняло настроі ў раёне. Воласьці, у якіх былі конныя аддзелы ОД, адбіваліся ад партызанаў, але іншыя не былі ў стане бараніцца. У хуткім часе пачалі прыходзіць да ўправы раёну дэлегацыі з вёсак. просячы зброю і амуніцыю, ды добраахвотнікі на службу ў аддзелах ОД. Арганізаваныя конныя і пешыя аддзелы ОД у колькасьцях па 100—150 чалавек на працягу двух месяцаў ачысьцілі раён ад партызанаў собскімі сіламі.