Выбрать главу

Хутка ўсё скончылася, бо адразу з прыходам Чырвонай Арміі пачаліся рэпрэсіі. Па стане на 7 кастрычніка 1939 года органамі НКУС БССР у Заходняй Беларусі было ўжо арыштавана больш за 2,7 тыс. чалавек. Сталінскія рэпрэсіі не абмінулі і Чамяры. У Мінску быў арыштаваны і прыгавораны тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці да вышэйшай меры пакарання Максім Бурсевіч. Ці ведалі пра гэта яго чамяроўскія вучні? Магчыма не. У верасні 1939 года арышты пачаліся і ў Чамярах. Спачатку былі выкліканыя ў Касцянёўскі сельсавет два чамяроўскія хлопцы — Антон Міско і Гаўрыла Чыгрын. Пра іх з той пары ні слыху. У лістападзе 1939 года арыштавалі Якуба Міско і двух яго родных братоў Васіля і Івана. Што рабілася ў гэты час у Чамярах: па вёсцы з хаты ў хату хадзілі розныя чуткі. Але чуткі чуткамі, а Васіля і Івана Міско ў 1940 годзе засудзілі на восем гадоў турмы. Праўда Якубу пашанцавала: з турмы ён напісаў пісьмо П.К.Панамарэнку, які даў каманду “разобраться по существу”. Дзякуй Богу, разабраліся, і Якуб Міско апынуўся на волі.

Толькі ніхто не разабраўся з яго братамі. Пад канец 1944 года землякі атрымалі першае пісьмо ад Івана са сталінскіх лагераў з Комі АССР. А ў 1948 годзе, адбыўшы за нішто васьмігадовае зняволенне, ён вярнуўся ў свае Чамяры. Іван і расказаў, што Васіль у 1941 годзе знямогся ад нялёгкай працы, ад холаду і голаду, захварэў і памёр у Карэліі. А як пачалася вайна, то зняволеных, у тым ліку і Івана, адправілі ў Комі АССР на лесанарыхтоўкі. Пазней абодвух Васіля (пасмяротна) і Івана рэабілітавалі. Іван усё жыццё пражыў у родных Чамярах. Нялёгка было, бо хапала ўсяго: і здзекаў, і абразаў, і розных плётак чуў у свой адрас. Бо людзі не ведалі праўды. У 1989 годзе і яго не стала.

Быў рэпрэсіраваны і чамяроўскі палітык, змагар і вязень польскіх турмаў (адсядзеў 7 гадоў, з іх некалькі гадоў у адзіночнай камеры № 38 гродзенскай турмы) Аляксандр Багданчук. Пасля лагераў жыў у Томску, працаваў будаўніком. Ён прымаў удзел у паўстанні нарачанскіх сялян-рыбакоў у 1935 годзе і быў паранены. Дарэчы, Аляксандр Багданчук (тады — Стах) стаў для Максіма Танка прататыпам Грышкі — героя ў яго паэме “Нарач”. А яшчэ, як успамінала Аляксандра Бергман “ён разам з Ігнатам Дварчаніным і Антонам Мальцам вывелі ў поле высокіх чыноўнікаў Навагрудскага ваяводства! Ды што там, аднаго ваяводства. Сарвалі путы, накладзеныя на ўсю Заходнюю Беларусь у выбарчай кампаніі ў сейм у 1928 годзе. Сталі яны ўпапярок дарогі Пілсудскаму, які загадаў, каб на гэты раз не дапусціць у сейм ніводнага левіцовага беларускага пасла. Гэтую волю Пілсудскага здзяйсняла цэлая армія чыноўнікаў і ўстановаў ва ўсіх паўночна-ўсходніх ваяводствах. Яны ўздумалі, каб не дапусціць да прадстаўлення левіцовых выбарчых спіскаў, затрымаць у арышце тых, хто склаў гэтыя спіскі. Але тры мужыкі перахітрылі іх усіх. Планы “валадароў свету” рынулі, і беларускі левіцовы клуб “Змаганьне” ўсё ж паўстаў у 1928 годзе і дзейнічаў два з паловай гады. Ды што там многа гаварыць. Багданчук быў тым, які кропля за кропляй і вялікімі порцыямі сардэчную сваю кроў і натужную працу свайго мозгу і волі аддаў дзеля таго, каб людзям жылося лягчэй і каб было гэта наша жыццё прыгажэйшым. Такім застаўся ў маёй памяці”. [14] І падобных чамяроўскіх лёсаў было тады шмат.

А калі пачалася вайны — для жыхароў вёскі Чамяры наступілі новыя выпрабаванні. 26 чэрвеня 1941 года Слонім і Чамяры былі ўжо акупіраваны немцамі. У першыя яе дні многіх мужчын і юнакоў забралі на фронт, якія адтуль ужо не вярнуліся. Гэта Мікалай Агееў, Іван, Сямён, Уладзімір, Міхаіл і Фёдар Багданчукі, Мікалай Дземяшэвіч, Леанід Чыгрын, Іван Бурсевіч, Іван, Мікалай, Сцяпан, Уладзімір Дземяшэвічы, Ілья Кавальчук, Іван Ляменка, Міхаіл Саванец, Сцяпан Рэдзька, Яфім Сушко, Андрэй Ціханчук, Іван Хвесяня і дзесяткі іншых чамяроўцаў. Падчас вайны слонімская вёска страціла 126 сваіх жыхароў, згарэлі 32 хаты. У Калдычэўскім лагеры смерці загінулі Дарафей Міско і Вера Міско — бацька і жонка паэта Анатоля Іверса, у Асвенцыме — Міхаіл Міско і Міхал Багданчук, у Германіі — Ніна Клімовіч.

Некаторыя чамяроўцы, якія падчас акупацыі знаходзіліся ў роднай вёсцы, пайшлі ў партызаны — адны ў савецкія, другія — у беларускую народную партызанку (БНП). Феакціст Міско за ўдзел у беларускім нацыянальным руху і ў абвінавачванні ў забойстве правакатара дванаццаць гадоў правёў у турмах Польшчы. Калі пачалася вайны, ўцёк з турмы ў Грудзёндзку і дабраўся да родных Чамяроў. Тут арганізаваў антыфашысцкае супраціўленне, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў і сярод слонімскай моладзі. У канцы 1943 года савецкім партызанскім рухам на Слонімшчыне кіраваў сакратар падпольнага райкама кампартыі, упаўнаважаны ЦК КПБ і Беларускага штаба партызанскага руху Міхаіл Анішчык, які вярнуўся з фронта з дзвюмя радысткамі. Таварыш Анішчык падпарадкаваў сабе і антыфашысцкае падполле. Як расказваў мне паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско), у лютым 1944 года ў брыгаднай зямлянцы Міхаіл Анішчын праводзіў сход. Сярод прысутных былі Феакціст і Іван Міско. Хлопцы стаялі недалёка ад акенца каля дзвярэй. Раптам за дзвярыма раздаўся выстрал і Феакціст пачаў падаць. Іван падхапіў яго на рукі, але праз пару хвілін зямляк быў ужо мёртвы. Пасля стала вядома, што з пісталета страляла радыстка Анішчыка Яўгенія Валахановіч (падпольная клічка Вольга). Партызаны адразу хацелі яе застрэліць, але перашкодзіў Анішчык, які гэтага не дазволіў зрабіць. Ён сказаў, што гэта быў “выпадковы” выстрал. Валахановіч з групаю партызан адправілі кудысьці на захад, дзе нібыта яна загінула. Так рукамі сваёй радысткі камуніст Анішчык знішчыў Феакціста Міско — аднаго з самых папулярных чамяроўцаў на Слонімшчыне ў 30-х — 40-х гадах мінулага стагоддзя. Былыя партызаны і сёння прыгадваюць Феакціста Міско. Кажуць, што Анішчык яго знішчыў дзеля таго, каб пасля вайны Феакціст не стварыў яму канкурэнцыі на пасадзе партыйнага кіраўніка раёна.

вернуться

14

Бергман Аляксандра. Замест кветак на свежую магілу Аляксандра Багданчука // Ніва.1977, 27 лютага