— Увайдзіце!
Я падаў дырэктару пісьмо і пачаў чакаць. Мне ўжо было вядома, што дырэктар — чалавек напышлівы і вельмі рэзкі. З надзеяй глядзеў на гэтага плячыстага мужчыну ў рагавых акулярах, на яго энергічны, аздоблены пышнымі рудаватымі вусамі твар. Астроўскі прачытаў пісьмо, кінуў на мяне позірк:
— Дзе вучыўся?
— Трохі ў Расіі, а пасля сам па сабе, — нясмела адказаў я.
— І думаеш у чацвёрты клас?
— Хацелася б.
— Ну-ну, — мармытнуў дырэктар. — Здавай экзамены, паглядзім.
Экзамены я здаў добра, і нават па нямецкай мове, якой вельмі баяўся…За добрую здачу экзаменаў мяне не толькі прынялі ў чацвёрты клас, а яшчэ аслабанілі ад платы за вучобу і за інтэрнат”. [7]
З успамінаў чамяроўскага паэта Анатоля Іверса (рукапіс іх захоўваецца ў аўтара гэтай кнігі, які перадаў Янка Саламевіч), згадваецца, што вакол Чамяроў у сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя пасялілася 14 польскіх вайсковых асаднікаў. Яны захапілі лепшыя землі, занявольвалі беднату, вялі ганенне на тутэйшае насельніцтва. Але людзі не маўчалі. У 1925 годзе ў Чамярах ужо дзейнічалі тры ячэйкі КПЗБ, а праз год узнікла і моладзевая арганізацыя. Была створана і актыўна дзейнічала таксама арганізацыя МОПРа. Анатоль Іверс у сваіх успамінах піша: “Імкнучыся знішчыць беларускую культуру і апалячыць беларусаў, правіцелі буржуазна-памешчыцкай Польшчы стваралі на вёсках розныя арганізацыі тыпу “Кулко млодзежы”, “Стшэлец”, дзе праводзілі ў адносінах мясцовага насельніцтва варожую агітацыю. Але людзі змагаліся з палітыкай акупантаў. Вось урывак са справаздачы Слонімскага акружкама КСМЗБ за лістапад 1932 года: “”Солтыс сумесна з настаўнікам арганізавалі “Кулко млоддзежы вейскей” (гурток сельскай моладзі) у вёсцы Чамяры. Каго ўзялі пагрозай, а каму паабяцалі льготы пры спагнанні падаткаў, крэдыты і г.д. Удалося арганізаваць чалавек да 30-ці. У вёсцы пачаліся п’янкі, бойкі. Жыцця не было. Наша камсамольская ячэйка вырашыла разбіць “КМВ”. Пачалі праводзіць шырокую растлумачальную работу і хутка нам удалося адлучыць частку моладзі ад “КМВ”. Цяпер “Кулко млодзежы вейскей” амаль замірае…”. Далей Анатоль Іверс успамінае: “Каб адцягнуць увагу ад барацьбы за свае правы, разбіць згуртаванасць сялян, польскія ўлады правялі ў вёсцы Чамяры так званую камасацыю (ліквідацыю цераспалосіц, сцаленне разрозненых участкаў з перасяленнем некаторых гаспадароў на хутары). І тым не менш у 1934 годзе ў Чамярах забаставалі рабочыя, якія працавалі на пасадцы лесу. Да іх далучыліся лясныя рабочыя з навакольных вёсак, што сведчыла аб салідарнасці працоўных.
Хоць палякі ліквідавалі масавыя легальныя арганізацыі, але дэфензіва не змагла знішчыць падполле. Страшныя катаванні ў засценках дэфензівы перанеслі Іван Багданчук, Мікалай і Сяргей Багданчукі, Іван Кароль, Якуб Міско, Даніла Хвясеня, Цімох Хвясеня і многія іншыя. Прайшла праз катаванні, польскія турмы, Картуз-Бярозу і чамяроўская дзяўчына Ганна Кароль. У канцы 1939 года вяскоўцы выбралі яе старшынёю сялянскага камітэта ў Чамярах. А з 1940 года да пачатку вайны яна працавала старшынёю Парэцкага, а пасля Шылавіцкага сельсаветаў на Слонімшчыне. Была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР...”.
Жыццё Ганны Кароль трагічна абарвалася ў снежні 1947 года. Яе застрэлілі ў сваёй хаце выстралам праз акно.
Пахавалі Ганну Кароль у Слоніме. А праз пэўны час адной з вуліц горада прысвоілі яе імя і ўстанавілі мемарыяльную шыльду.
Вядома, калі глядзець вачыма сённяшняга часу, то тады Ганна Кароль стала чарговай ахвярай савецкай улады. Большая палова слонімскіх сялян была супраць бальшавікоў і калгасаў. А чамяроўскай жанчыне, якая актыўна ўключылася ў “кіпучае стваральнае” жыццё, трэба была сілаю заганяць вяскоўцаў у калгасы, забіраць ад іх уласнае нажытае дабро і багацце. А каму хацелася з ім развітвацца? Хіба толькі для гультаёў і п’яніц — калгасы былі выратавальнай радасцю. А для астатніх людзей — не. Вось за гэта і заплаціла сваім жыццём чамяроўская савецкая актывістка.
Яскравай старонкай летапісу вёскі Чамяры было стварэнне і дзейнасць на яе тэрыторыі ў канцы 20-х гадоў мінулага стагоддзя легальных гурткоў Беларускай сялянска-рабочай грамады (БСРГ) і Таварыства беларускай школы (ТБШ). У дакументах архіўнага фонду “Комэнда паліцыі Слонімскага павета”, у справе са справаздачамі і данясеннямі паліцыі за 1926-1927 гады змешчаны звесткі, што 25 жніўня 1926 года ў вёсцы Чамяры Слонімскага павета быў створаны гурток Беларускай сялянска-рабочай грамады. Старшынёю гуртка быў абраны Рыгор Іскрык, а сакратаром — Васіль Бурсевіч, казначэем — Васіль Міско, жыхары гэтай вёскі. Па дадзеных паліцыі гурток грамады ў Чамярах налічваў 60 сяброў. Дзейнасць Грамады была забаронена з 21 сакавіка 1927 года. [8] У дакументах архіўнага фонду “комэнда паліцыі Слонімскага павета”, у справе са справаздачамі паліцыі за 1928 год змешчаны звесткі, што па стану на 12 снежня 1928 года ў вёсцы Чамяры Чамяроўскай гміны Слонімскага павета дзейнічаў гурток Таварыства беларускай школы (ТБШ). Старшынёю гуртка быў Павел Міско, былы сябра Грамады. [9]