Выбрать главу

Але i добра, што я адышоўся зь перадавой (бо наўрад цi я адважыўся б у гэткай сытуацыi з’язджаць з поля бою), безь мяне хлопцы ўратавалi гарматы, а галоўнае — уратавалiся самi. Неяк i нам пашэньцiла жывымi дабегчыся да ўкрыцьця, а танкi далей не пайшлi. Пасьля неяк разабралiся.

Але я доўга прыглядаўся, калi бачыў, што нехта староньнi iдзе на агнявую: цi ня той капiтан? Ён не прыйшоў. Здаецца, у нейкiм сэнсе ён быў неблагi сьмершнiк, пра што сьведчыў той ранейшы выпадак з гарматамi лейтэнанта Беражнога. Я ўжо гатовы быў у тым упэўнiцца.

Тады ж у нейкiм аўстрыйскiм гарадку я спаткаў правобраз сваёй будучай Джулii. У гарадку тым, як, зрэшты, i ў многiх iншых аўстрыйскiх гарадках, было шмат прыгнаных з усходу (ды i з захаду таксама) рабочых, што працавалi на аўстрыйскiх вайсковых заводах. Жылi яны ў вялiзных даўгiх бараках, а як горад займала Чырвоная армiя, разбрыдалiся, хто куды. Вядома ж, кiруючы найперш на радзiму, калi тое было магчыма. Неяк мы сталi калёнай машын з гарматамi на гарадзкой вулiцы, чакалi, пакуль начальства наперадзе штось вырашыць. I тады ля машын паявiлася спрытненькая чорнавалосая дзяўчынка ў паласатым убраньнi, якая нешта пыталася ў салдат, што сядзелi ў кузавах. Аказваецца, пыталася пра нейкага Iвана. Канешне, амаль з кожнага кузава ёй адгукаўся якi-небудзь Iван, але дзяўчына круцiла галавой — не. Так яна абышла калёну, не знайшоўшы таго, хто быў ёй патрэбны. Тады я падышоў да яе i папытаўся, каго яна шукае? На кангламераце нямецка-руска-iтальянскiх словаў яна распавяла, то яе iмя Джулiя, яна iтальянка i шукае рускага палоннага Iвана, зь якiм летась разам уцякала з канцлягеру. У гарах iх схапiла палiцыя, яе зноў кiнулi ў канцлягер, а што сталася зь Iванам, яна ня ведае. Цяпер яна мае надзею знайсьцi яго сярод чырвонаармейцаў. Канешне, то была марная надзея.

Але невялiчкая тая гiсторыя запомнiлася мне, каб гадоў пра 20 зрабiцца «Альпiйскай баладай».

А ў другiм месцы, заняўшы агнявыя пазыцыi на гарадзкой ускраiне, мы пастукалiся ў дзьверы блiжняга катэджу. Нам адчынiлi адразу — на парозе стаяла маладая дзяўчына ў белым фартушку, якая спытала па-расейску, што нам трэба. Toe нас дужа зьдзiвiла, i мы ў сваю чаргу спыталi ў яе, цi яна руская? Так, быў адказ, яна руская. Але тут жыве пан прафэсар, ён стары i просiць яго не турбаваць. Але хто такая яна i чаму тут? А яна з Днепрапятроўску i служыць у пана прафэсара, якi зусiм цывiльны чалавек i вельмi добра адносiцца да яе. Toe нас зьдзiвiла яшчэ болей: гэтая зямлячка абараняе немца? I, падобна, не зьбiраецца пушчаць нас у гэты заможны катэдж. Toe ўжо абурала. Нехта з нас падвысiў голас, нехта схапiўся за пiсталет. Тады мой сябра, таксама ўзводны Валька Бахцiгозiн, рашуча мовiў: стойце, адставiць! Пайшлi назад… Мы пайшлi адтуль, знайшлi iншае прыстанiшча, дзе нас нiхто не спыняў. Не запрашаў, але i не спыняў. Пасьля я папытаўся ў Валькi, чаму ён стаў у абарону тае зямлячкi, i Валька сказаў, што ў Эўропе трэба паводзiць сябе цывiлiзаванымi людзьмi, а ня хцiвымi азiятамi. Toe мне запомнiлася. Як i сам Валька — самы малады з нашых узводных, далёкi нашчадак польскiх ссыльных у Сiбiры, родам з гораду Ачынска, адзiны сын у матулi, якая цi ня кожнага дня слала яму на фронт пранумараваныя лiсты i прасiла яго рабiць гэтаксама, — яна працавала бухгалтаркай. Валя так не рабiў, хоць меў добрую натуру i любiў сваю маму. Начальства недалюблiвала надта маладога i нейкага не характэрнага для ўзводных хлопца. А я любiў Валю. Пасьля вайны з усiх нашых ветэранаў найбольш хацеў адшукаць Валю Бахцiгозiна, ды марна…

Быў ужо май, цьвiў бэз. Стаялi каля невялiчкага горнага гарадка цi, можа, пасёлачку, празь якi праходзiла асфальтаваная шаша. Пазыцыi займалi за лесапiльняй, месца было зацiшнае. Немцы з-за пасёлку зрэдчас пастрэльвалi зь мiнамётаў, разьбiваючы апошнiя ўцалелыя дамоўкi. Я на лесапiльнi раздабыў веласiпед i вучыўся езьдзiць на iм — у дзяцiнстве ж не давялося. Аднойчы разагнаўся з горкi i на павароце нечакана зьбiў таго сьмершаўца. Абодва паляцелi на асфальт, разадраў капiтану штаны. Падняўшыся, ён пачаў бэсьцiць мяне i напомнiў пра мае размовы пад агнём на полi, пра якiя ён не забыўся. Я тады нават струхнуў, бо думаў, што капiтан усё ж забыўся на iх. Але неяк абышлося. Капiтана хутка перавялi некуды, на яго месца прыехаў iншы — на гэты раз з танкавых войскаў. Хаця эмблемы яны насiлi на выбар — якiя iм падабалiся. Так настала сёмае мая. Мы — усё ў тым пасёлку, пяхота таксама на ягонай заходняй ускраiне. Амэрыканцы яшчэ далёка. I вось уначы нашыя радысты дачулiся, што заўтра падпiсаньне капiтуляцыi Германii. А мы атрымлiваем загад: у 19.00 атака на нямецкiя пазыцыi. Падрыхтавацца да атакi, ставiць гарматы на прамую наводку, суправаджаць пяхоту агнём i коламi. Ну, мы найперш напiсалi лiсты дадому, маўляў — iдзём у апошнi бой. Калi што, дык… Псыхалягiчны стан болей чым паршывы, бо пераналадзiлiся ўжо на мiр, паявiлася ўжо надзея, што выжылi. А тут… Праўда, яшчэ памарудзiлi з гадзiну, а тады пасьля кароткага артналёту паднялася пяхота. Але немцы не страляюць, во дзiва! Калi пяхота дабрыла да варожых траншэяў, тыя аказалiся пустыя. Немцы змылiся. I начальства загадала чапляць за машыны гарматы i даганяць немцаў. Але безь пяхоты. Калi што, самiм быць за пяхоту. I за артылерыю таксама. Што ж, мы паехалi. Ехалi ўсю ноч i ранак. Немцаў дагналi. Далей усе дарогi былi запруджаны нямецкiмi калёнамi — пяхота, артылерыя — усе кiруюць на захад, здавацца амэрыканцам. Нам яны здавацца ня хочуць. А мы i не бярэм. Мы атрымалi новую задачу — як мага хутчэй злучыцца з саюзьнiкамi. А гэтых мы проста мiнаем. Некаторыя зь немцаў буркаюць «Гiтлер капут» i ўскiдваюць руку. У каторых на руках гадзiньнiкi, нашыя iх зьнiмаюць. Гадзiньнiкi — самы папулярны трафей. Некаторых раззбройваем. Асаблiва тых, хто ў эсэсаўскай форме.