Выбрать главу

З маiх сяброў-школьнiкаў амаль не засталося нiкога — хто прапаў у партызанах, хто ў палiцыi (змабiлiзавалi на пачатку акупацыi), хто быў забiты на фронце пасьля вызваленьня. Некаторыя з маладых, ня трапiўшы пад дэмабiлiзацыю, прадаўжалi служыць. Iншыя прайшлi ўсе колы пекла — мабiлiзацыю ў 41-м, палон i канцлягеры, пасьля — вызваленьне, фронт i зноў лягеры — на гэты раз у iншым боку, на поўначы i ў Сiбiры.

Зьезьдзiў у раённы цэнтар Вушачу — трэба ж было стаць на ўлiк у ваенкамаце. Туды трохi пад’ехаў, а назад iшоў пешшу ўначы. Ледзьве дайшоў, не замёрз. Бо выпiў у колiшняга сябра Мiшы. Гэты, як i той мой саратавец, яшчэ ў войску пашчыраваў наконт пасьляваеннай кар’еры i цяпер рабiў у райкаме партыi. Але ён быў старэйшы за мяне, болей вопытны, а галоўнае — абачлiвы. Toe было вiдаць яшчэ змалку, калi, атрымаўшы раённую газэту, ён пачынаў яе чытаць зь перадавiцы. Я ж прывык заўсёды чытаць з канца, з чацьвёртай старонкi, дзе друкавалiся зьвесткi зза рубяжу. Перадоўку пакiдаў без увагi.

Мой прыезд на радзiму празь сем гадоў небыцьця, вядома ж, ня мог абысьцiся без увагi мясцовага НКВД. Пачалi наведвацца тутэйшыя сэксоты, якiх дужа цiкавiла, дзе я быў у вайну? (Цi ня быў у пляну?) Адна дык сказала: «А я цябе бачыла, як тут немцы былi». Дзе ты мяне бачыла? «Ня памятаю дзе, але, здаецца, бачыла. У такой пiлотачцы…» Мабыць, былi такiя, якiм трэба было нешта ўтойваць, i такiя, каб iх выкрываць. Мая ж вайна, хоць i была далёка адсюль, але ўся — пры сьведках. У палоне я ня быў, на акупаванай тэрыторыi не пражываў. Горш давялося сябру Колю, якi цi ня ўсю вайну прабыў у Заксэнхаўзэне, працаваў на капальнях у Аўстрыi, а пасьля яшчэ i паваяваў на фронце. Дэмабiлiзаваўшыся, ён не паехаў дамоў, а скiраваў у Рыгу, дзе жыве i дасюль. У спакоi, дабрабыце i безь вялiкiх праблемаў.

Бацька спытаўся пра мае пляны — як далей? Сказаў, што хачу дэмабiлiзавацца i прыехаць дахаты, у Беларусь, А ён кажа: цi трэба? Усё ж там, у войску, хоць трудна, ды кормяць. А тут даямо бульбачку i — голад. Як да вайны. Цяпер на сваёй палосцы не пасееш — ня тое, што ў вайну. Ужо зааралi i межы…

Ехаў назад у Мiкалаеў з балючым адчуваньнем расчараваньня, вострым усьведамленьнем таго, што на радзiме не знайшоў гаючага заспакаеньня душы, да якога iмкнуўся ў свае 22 гады. Няўтульным здаваўся навакольны сьвет — непрыдатны для шчасьця ў вайну, малапрыдатны i ў мiры. Зусiм ня гэткiм ён бачыўся ў дзень, калi скончылася вайна. Мiр дужа хутка ткнуў мяне пысай у сьмярдзючую калдобiну жыцьця. Як было зь яе выбрацца?

Адчуваньне пагаршалася яшчэ i тым, што там, у Мiкалаеве, была ў мяне дзяўчына, зь якой я меў жаданьне пабрацца. Там яна мела кватэру, радню, усе працавалi на суднабудаўнiчым заводзе, казалi, што, дэмабiлiзаваўшыся, i я мог бы ўладкавацца ля iх. Але менавiта таго я i не хацеў, бо хацеў дамоў, на Беларусь. Ды, як паглядзеў, — куды б я яе ўзяў на Беларусi? I намер мой пакрысе ачах, нiбы прысак у затухлым вогнiшчы.

Апанураны i зьбянтэжаны вярнуўся ў Мiкалаеў.

Вясной, якраз перад Першым маем, прыйшоў загад на маё звальненьне ў запас. Гэта ў той час, калi я ўжо трохi зьмiрыўся са сваiм вайсковым лёсам, падумаў, што прыйдзецца служыць. Тады i далей усе зьмены майго жыцьця адбывалiся ў час, якi меней за ўсё быў для таго прыдатны. Усё празь нечаканасьць, раптоўна i неспадзявана. Найперш паўстала пытаньне: куды ехаць? Канешне, у Беларусь, тут не было сумневу, але куды канкрэтна? Да бацькоў у калгас патыкацца ня мела сэнсу, але куды яшчэ? Дзе знайсьцi прытулак, хаця б на першым часе?

Паехаў у Менск. Раней у сталiцы ня быў, i тое, што там убачыў, зьбянтэжыла. Горад ляжаў у руiнах. На нейкай вулiцы знайшоў Саюз мастакоў, старшынёй якога тады быў Ахрэмчык. Мне далi магчымасьць яму патэлефанаваць. Расказаў, хто я, па што прыехаў. Ён кажа, што пакуль нiякай вучобы няма, вучылiшча не працуе, дзе яно будзе — у Вiцебску цi Менску, — яшчэ ўрадам ня вызначана. Жыць тут цяжка. Вам, кажа, няма рацыi тут заставацца. У некаторых абласьцях ёсьць аддзяленьнi мастацкага фонду i неблагiя калектывы мастакоў. Напрыклад, у Бярэсьцi цi Гораднi. Раю паехаць туды, там будзе праца, i пражыць там лягчэй, чым у Менску. А пасьля, можа, адчынiцца i мастацкае вучылiшча. Падумаў я, што, вiдаць, так i трэба зрабiць. Якраз на Дзень перамогi цягнiком цераз Баранавiчы паехаў у Горадна — горад, дзе ў мяне не было нiводнай знаёмай душы. I якi гэтак грунтоўна i на шмат год прычынiўся да майго чалавечага лёсу.