Руцiнная вайсковая служба ўвогуле была, як i ўсюды: заняткi, нарады, догляд зброi i тэхнiкi. Ну i, вядома ж, палiтпадрыхтоўка — сьвятая справа ўсёй Савецкай армii. Але якраз руцiннымi заняткамi мы меней за ўсё i займалiся, бадай усё першае лета пайшло на перавозку боепрыпасаў. Вялiзныя акiянскiя сухагрузы цi ня кожны тыдзень паяўлялiся на нашым рэйдзе, i мы на лодках-кунгасах згружалi зь iх скрынкi (тысячы скрынкаў) самых розных боепрыпасаў, вазiлi iх углыб востраву ў адмысловыя баясховiшчы.
Мяркуючы па ўсiм, камандаваньне рыхтавалася да новага Порт-Артуру. Якраз усчалася карэйская вайна, i аднойчы нас, падняўшы па трывозе, вывелi на цiхаакiянскае ўзьбярэжжа. Адразу ж пачалi капаць-акопвацца, а затым будаваць болей грунтоўныя ўмацаваньнi (блiндажы, бункеры, агнявыя пазыцыi, НП ды КП). З дня на дзень чакалi нападу амэрыканцаў. Начальства патрабавала дасканалiць абарону, перакрываць збудаваньнi лесам ды глыбей закопвацца ў зямлю. А лесу не давалi, ляснiцтва лавiла i штрафавала самавольшчыкаў, што секлi пiхты ды хвоi. Афiцэры лаялiся, плацiлi штрафы, а начальства патрабавала, каб усё было збудавана паводле статуту iнжынэрнай службы. I так восень, зiму i лета. I зноў восень…
Улетку хоць была сувязь з мацерыком, хадзiлi параходы, завозiлi правiзiю. А восеньню рэйсы спынялiся, шэсьць месяцаў востраў быў адрэзаны ад краiны. Харчавалiся толькi кансэрвамi, пiлi 95-градусны сьпiрт, якi з жалезных бочак прадавалi рыбалавецкiя кааператывы ў суседнiх сёлах. Пад вясну канчаўся i сьпiрт, тады найбольш спрактыкаваныя пераходзiлi на адэкалёны, ласьёны, розныя тэхнiчныя вадкасьцi накшталт антыфрызу. Камандзiры былi розныя, пераважна ветэраны вайны, але прыбывалi i маладзейшыя — з вучылiшчаў. Першыя звыкла цягнулi вайсковую лямку, выслугоўваючы пэнсiю, а маладзейшыя, апынуўшыся на краi iмпэрыi, часам бунтавалi, служыць не хацелi. Як мой малады сябра Лёшка Клiмаў. Ён скончыў вайсковае вучылiшча, а раней — Сувораўскае, усё жыцьцё рыхтаваўся стаць афiцэрам, а стаўшы iм, зразумеў, што зрабiў памылку. Але начальства таго не разумела i Лёшкаў бунт перапыняла сродкамi дысцыплiны — вымовамi ды гаўптвахтай.
Палком камандаваў стары служака, герой мiнулай вайны, чалавек увогуле разважлiвы, але малапiсьменны. Нават i ў вайсковай справе малапiсьменны, чым нярэдка карысталiся яго маладзейшыя падначаленыя. На ягоны загад штосьцi зрабiць звычайна спакойна адказвалi: «Але ж тое не па статуце». Палкоўнiк хвiлiну раздумваў i пагаджаўся: ну калi не па статуце, хай будзе так. Насамрэч нiякага статуту тут не было i блiзка, падначаленыя ашуквалi. Аднойчы здарыўся выпадак, якi засьведчыў, хто галоўны ў палку. Неяк прапаў мой салдат, не было яго на сьняданку, не прыйшоў на абед. I нiхто ня бачыў, дзе ён. Toe ўжо было ЧП, i я пайшоў дакладваць. Якраз у кабiнэце камандзiра палку было некалькi афiцэраў, я далажыў, i кампалку кажа: «Пачакаем да вечара». I тут ускочыў палкавы асабiст ды як пачаў крычаць на камандзiра палку, старога афiцэра: «Што значыць — пачакаем? Зараз жа арганiзуйце пошукi, пасылайце на перахват. Ён ужо, можа, па дарозе ў Японiю, здрадзiць радзiме, тады ў нас з вамi паляцяць галовы з плячэй». Палкоўнiк моўчкi выслухаў капiтана i пацiснуў плячыма, што значыла: рабiце, як гэты сказаў. А салдат пасьля абеду знайшоўся — проста ён заснуў у траве за артпаркам. Быў змораны. Трэба, аднак, зазначыць, што страх асабiста быў ня марны, у нас ужо здаралiся выпадкi пераходу некаторых вайскоўцаў у Японiю. Зiмой туды цераз забiты таросамi пралiў перабег памежнiк. Але на востраве была ня толькi памежная служба ў выглядзе наземных заставаў, але i марская, што ажыццяўлялася пагранкатэрамi, асаблiва ўлетку. Катэры прыходзiлi часам да нашага пiрсу. I вось аднойчы салдаты ўбачылi, як з такога катэру згружаюць нейкi мех, бы з качанамi капусты, i адтуль чуецца знаёмы голас: «Прывет, землякi, мяне ўжо прывезьлi». Таго ўцекача ўжо прывезьлi ў завязаным мяшку. Сваю чэкiсцкую ролю ў палку капiтан-сьмершавец затым даказваў няраз. I яго баялiся болей за ўсiх. Камандзiр палку мог аблаяць, пасадзiць на гаўптвахту, ня даць чарговага званьня. Гэты ж быў здольны спляжыць усё жыцьцё. I пляжыў, не зважаючы на рэпутацыi i званьнi.