Выбрать главу

Зноў — амаль ужо зiмовае мора, шторм, шквальны вецер i жахлiвая ноч да Карсакаўскага порту. Гаўбiчны полк стаяў у лесе за Долiнскам. Неяк дабраўся. Далi кватэру — на падсяленьне да нампалiта. Агульная кухня, цесны пакойчык i, канешне, сьцюдзёны. Не пасьпеў прыняць справы ў батарэi, як новы загад: паехаць з камандай маiх жа батарэйцаў на ахову i адгрузку драўнiны. Адзiн iнтэндант, сустрэты па дарозе са штабу, сказаў: глядзi, старшы лейтэнант, там справа нячыстая. Дровы прапiлi, раскралi, а як замяло сьнегам, хочуць палiчыць, што ўсё цэлае. Як бы не давялося плацiць…

Зноў — плацiць! Як заўжды, у 12,5-кратным памеры. Не пасьпеў прыехаць, i ўжо падстаўляюць. Але каго ж i падстаў ляць, калi не чужога. Новенькага. I я назаўтра сказаў: не паеду. Як не паедзеш? Дзiва, афiцэр адмаўляецца выканаць загад камандаваньня! Тады — гаўптвахта. Добра, пайду на гаўптвахту. 10 сутак ад камандзiра дывiзii. Узяў тоўстую кнiгу («Угрюм-река» Шышкова), пайшоў у Долiнск, сеў на гаўптвахту. Успомнiў, як колiсь сядзеў у Мiкалаеве. Не, тут трохi iначай. Тут лiбэралiзм. Сядзi, ляжы, чытай… Увечары прыйдзе хто са знаёмых старых сядзельнiкаў, прынясе бутэлечку i рыбца на закусь. Частуемся. Ды яшчэ начальнiка каравулу пачастуем. Не, армiя наша яўна рэфармуецца. Такога яшчэ нядаўна не здаралася.

Адседзеў усе 10 сутак, позна ўвечары зiмовага дня выйшаў. Памятаю, на вулiцы гэтага пасёлку падаў мяккi сьняжок, а радыё на клюбе гучна вяшчала пра тое, што адбыўся суд над здраднiкам радзiмы, агентам розных замежных разьведак, подлым змоўшчыкам i правакатарам Берыем, якi прысуджаны да вышэйшай меры сацпакараньня, i прыгавор ужо прыведзены ў выкананьне. Тая вестка была бы ўзнагарода, бы бальзам на сэрца. Хоць адным зь iх ды стала меней…

Вярнуўся ў полк зь некаторай упэўненасьцю, што ўжо цяпер не пашлюць «на дровы». Наiўны чалавек, ня ведаў, як начальства ўмее свайго дамагацца. Вучылася таму ўсю сваю службу, i ня толькi ў акадэмiях. Праз пару дзён мусiў паехаць за гару шахцёрскага пасёлка, што меў чамусьцi мой назоў — Быкаў, дзе былi тыя дравяныя нарыхтоўкi. Увечары сядзеў з новым памочнiкам старшыной Гузам у горача напаленай падсобцы, i той мяне заспакойваў. Нiчога тут не прапiта, усё на месцы.

Бо прапiваць не было чаго. Улетку, як нарыхтоўвалi, пiсалi дзьмутыя лiчбы, а фактычна тут нiчога няма. Гурбы сьнегу, а пад гурбамi пуста. Дзякуй, заспакоiў. Думаў, што прыйдзецца плацiць за якi недахоп, а тут, аказваецца, наогул пуста…

Старшына бы ў ваду глядзеў — нiякай нi з кога адказнасьцi. Але паколькi дровы патрэбны, дык жалезны загад: пiлаваць i вывозiць. Для таго далi паўразьбiтую палутарку, якая раз за разам ламалася. Лесапавал рабiўся на схiле гары. Сьпiлаваўшы, дрэвы цягнулi ўнiз, складвалi ля прабiтай у сьнезе дарогi. Адтуль цераз аўражыну — за 20 кiлямэтраў на станцыю. Там грузiлi на плятформы. I так праз усю зiму таго злашчаснага году. А вясной, як растаў сьнег, у тайзе пачалiся пажары. Жахлiвая гэта рэч, лясныя пажары. Суткамi мы iх гасiлi, вядома ж, падручнымi сродкамi, вецьцем i рыдлёўкамi, затоптвалi ботамi. Не зважаючы на ўсе салдацкiя намаганьнi, пажары гойсалi па ўсёй сахалiнскай тайзе, выгаралi тысячы гектараў хвойных пародаў. Як iдзе вiрлiвая сьцяна гэткага палу, з-пад агню ўцякае ўсё жывое — зайцы, лiсiцы, барсукi, нават мядзьведзi. Нiхто зь iх не нападае адзiн на аднаго, i, што цiкава, нiводная жывёлiна не палохаецца чалавека. Наадварот, усе шукаюць у яго абарону, толькi на яго i спадзяюцца. I мы ратавалi iх, адганялi ў больш-менш бясьпечнае месца. А адзiн малады мядзьведзь дык упадабаў нашу лесавую стаянку, дзе пахла тушонкай ды кашай, i, можа, з тыдзень жыў непадалёк. Пасьля кудысьцi сышоў. Улетку, як скончылася патрэба ў дровах, вярнуўся ў гарнiзон на батарэю.

Тут была трохi iнакшая атмасфэра — фарсiравалi баявую падрыхтоўку, мелася праверка дывiзii нейкай камiсiяй Мiнiстэрства абароны. Зрэшты, тых розных адмысловых камiсiяў заўжды было мноства, для салдатаў i нiзавых армейскiх падразьдзяленьняў яны ня мелi нiякага значэньня. Затое вышэйшае начальства заўжды ўпадала ад iх у панiку i пасылала свае папярэднiя камiсіi. Такiм чынам, войска кiравалася спрэс камiсіямi зь iх праверкамi, кантролем, i — бясконцымi нарадамi, дзе «накручвалi хвасты». Адзiн наш новы камандзiр дывiзiёну падпалкоўнiк Дзятлаў заўжды быў спакойны, гэты ўлюбёны ў артылерыю афiцэр, неблагi матэматык, з свае наiўнасьцi думаў, што галоўнае для нас — умець па-майстэрску страляць, а не палоць канавы, баючыся прыезду камiсій. Кожны тыдзень ён нас, камбатаў, трэнiраваў па артстралковай, спакойна, але настойлiва выпрацоўваў з нас прафэсiяналаў, майстроў трапнага агню. Сьпярша тое яму ўдавалася, мы, трое яго падначаленых, няблага правялi самыя цяжкiя i складаныя батарэйныя стрэльбы па марскiх цэлях, тое ж было пасьпяховым i ў складзе дывiзiёну. Камдыў мог быць задаволеным i нават разьлiчваць на нейкiя даброты ад начальства. Але, як вядома, д’ябал у войску нiколi ня сьпiць, ён заўжды на бязьзьменным дзяжурстве. Падпiльнаваў д’ябал i наш дывiзiён — неяк уначы загарэлася казарма. Паколькi яна, як, дарэчы, i ўсё тут, была з дрэва, дык да ранку i згарэла датла. Людзi ўбераглiся, але згарэла шмат зброi, тэхнiкi, рознага вайсковага майна. А тут яшчэ, як прыехалi пажарнiкi, у вогнiшчы пачалiся выбухi — рвалiся снарады i наўкола засквiрчэлi асколкi. Як пасьля высьветлiлася, то былi прыхаваныя боепрыпасы, якiя старшыны мелi ў капцёрках, каб кожны раз перад iмiтацыйнымi стрэльбамi ня бегаць па iх на склады.