Выбрать главу

Дагэтуль не магу зразумець, як за той пажар наш Дзятлаў ня страцiў пагоны. Ды i мы разам зь iм. Праўда, тое ды iншае страцiў адпраўлены на пэнсiю немалады ўжо камандзiр палку. Мабыць, гэта выратавала iншых. Што да мяне, дык я ў чарговы раз падаў рапарт на дэмабiлiзацыю. Паколькi ранейшыя мае захады на гэты конт ня мелi вынiку, дык я зьвярнуўся да мiнiстра абароны маршала Малiноўскага, якi быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад нашай акругi. Тое давала мне права на адмысловы зварот. Доўга не было нiякага адказу, i я пачаў ужо думаць, што мой рапарт не дайшоў да маршала. Ды неяк сьцюдзёным студзеньскiм ранкам пазванiлi з Долiнску, каб я неадкладна прыбыў у штаб дывiзii. Адзiная дарога туды колькi дзён была перамецена, i я пашыбаваў чыгункай. Насустрач дзьмуў ледзяны вецер, мароз быў градусаў пад 30. Але я шыбаваў, радуючыся, што, мабыць, нарэшце наш дэпутат звольнiць мяне з свае апрыклай мне армii, якая ўжо рабiлася для мяне вечным пракляцьцем. Азяблы i абмёрзлы прыйшоў у пэўную штабную каморку, далажыў. Малады франтаваты афiцэр-кадравiк паварушыў на стале паперы i знайшоў патрэбную. «Вы зьвярталiся да Мiнiстра абароны, маршала Савецкага Саюза, дэпутата Вярхоўнага Савету Саюза СССР таварыша Малiноўскага?» — «Так, зьвяртаўся». — «Атрыманы адказ. Зачытваю: паводле артыкулу такога Канстытуцыi СССР служба ва Узброеных Сiлах СССР ёсьць сьвяшчэнны абавязак кожнага грамадзянiна СССР. Растлумачыць тав. Быкаву В. У., што ён як грамадзянiн СССР цалкам i поўнасьцю павiнен выконваць патрабаваньне Канстытуцыi Саюза ССР. Подпiс: Мiнiстр абароны Саюза ССР, Маршал Савецкага Саюза, дэпутат Вярхоўнага Савету Саюза ССР Р. Малiноўскi. Вам зразумела?» — «Зразумела». — «Расьпiшыцеся, што азнаёмлены…» Бы пабiты, стомлены i падаўлены прыбрыў у свой таежны пасёлак. Даўно ўжо зразумеў, што вырвацца з войска па-добраму — марная справа. Заставалася адно выйсьце — скандал. Але на тое патрэбны быў iншы характар, якiм я не валодаў. Зноў жа, тут важна было не перабраць меру, каб замест дэмабiлiзацыi не апынуцца пад трыбуналам. Як мой колiшнi сябра Лёшка Клiмаў, якi, неяк добра «ўзяўшы», нацкаваў на крыклiвага начальнiка штабу сваю аўчарку — вялiзнага, даволi злоснага Джыма, i загрымеў пад суд. З адной няволi прыдбаў яшчэ горшую.

Па дарозе са службы спаткаў знаёмага нампатэха, якi сказаў: «Дзiвак-чалавек, да каго ты зьвяртаешся! Што мы для мiнiстра, дэпутата i маршала? Во i я, напрыклад. Служу з вайны i ўсё камандзiрам тэхроты. Неяк прыехаў Малiноўскi з iнспэкцыяй, сабраў афiцэраў — якiя жалабы? Ну я i сказаў: званьне не прысвойваюць, 15 год — капiтан. Ён да ад’ютанта: запiшы. Той запiсаў. Чакаю. Увосень загад па кадрах. Параграф першы — званьне палкоўнiк прысвоiць… Параграф другi — званьне падпалкоўнiк… Трэцi — маёр. Я чакаю, мяне ўсё няма. Нарэшце — званьне капiтана прысвоiць камандзiру транспартнай роты Сьцепаненку, гэта значыць, мне. Я ўстаў, плюнуў i пайшоў. Дзякуй за клопат, таварыш маршал. Так i хаджу — двойчы капiтанам». Я маўчаў, бо мне ня званьне патрэбна — патрэбна, каб мяне адпусьцiлi на волю. Абрыдзеў мне гэты расейскаяпонскi Усход, хачу дамоў. Мiнула ўжо чатыры гады, як я абыходжуся бяз водпуску, зьнябыўся на чужыне, сумую па сваiх чэзлых алешнiках. Што мне гэтыя таежныя нетры, кедры ды бамбук[?] Ды гэтае вайсковае бязладзьдзе, уцiск i дысцыплiна — я хачу дадому.

Але тое былi асабiстыя, суб’ектыўныя жаданьнi, а служба i рэальнае жыцьцё патрабавалi свайго — жорсткага i канкрэтнага. Кожнага дня, як заўжды ў 9.00 — развод на заняткi. Камандзiру батарэi трэба прыйсьцi раней, узяць рапарт ад дзяжурнага, праверыць якасьць «запраўкi коек». О, гэтыя «койкi» ды iхняя запраўка, зь якой пачынаўся лёс кожнага дня! Iх правяралi дзяжурныя, старшына, камбат, а пасьля i камдыў. I ня дай Бог, калi яшчэ праверыць камандзiр палку цi начальнiк штабу. Ужо яны абавязкова знойдуць, што дзесь крыва цi няроўна, i ўбачаць у гэтым злачынства супраць дзяржавы. Можна быць выдатным спэцыялiстам свае вайсковай прафэсii, «адданым справе ЛенiнаСталiна», але калi ў тваёй атэстацыi будзе запiсана, што ты недастаткова патрабавальны да выкананьня ўнутранагараспарадку, дык нiякага падвышэньня табе ня бачыць. Я ня прагнуў падвышэньня, таму аднойчы i назаўжды плюнуў на ўнутраны распарадак зь ягонымi «койкамi». Але тое ня значыла, што на яго ж плюнулi мае начальнiкi. Яны якраз i ня плюнулi, а засяродзiлi на тым усю сваю пiльную ўвагу, якую i зафiксавалi ў характарыстыках i атэстацыях Быкава. З гэтага можна зрабiць выснову, што як Быкаў адносiўся да вайсковай службы, так i служба адносiлася да яго. Узаемна мы адно аднаго не прымалi.