У адпаведнасьцi зь iснуючымi законаўстанаўленьнямi афiцэры на Далёкiм Усходзе павiнны былi служыць тры гады i пасьля замяняцца зь iншымi на цэнтральныя i заходнiя акругi. Але то — павiнны. На справе ж служылi па чатыры, пяць i шэсьць гадоў без замены i адпачынкаў, кожны год пiшучы рапарты, якiя заставалiся без адказу. Звычайна прасiлiся ў болей камфортныя Маскоўскую або Кiеўскую цi Закарпацкую акругi, часам у Прыбалтыйскую. У Беларускую было мала аматараў, лiчылася, што там жыцьцё беднае. Калi з дэмабiлiзацыяй у мяне нiчога не атрымалася, я пачаў дамагацца замены i напiсаў, што жадаю паехаць у Беларускую акругу. Нечакана на шостым годзе далёкаўсходняй службы прыйшоў загад аб маёй замене. Належала здаць батарэю, разьлiчыцца са службамi i адбыць у горад Асiповiчы, БССР.
Я асьцярожна парадаваўся i пачаў складаную працэдуру разьвiтаньня з палком.
Здаць батарэю, яе маёмасьць, зброю i тэхнiку аказалася надзвычай складана. Суцэльныя недахопы. Нешта згубiлася, нешта ў час ня сьпiсана i, хоць даўно знасiлася, значыцца ў наяўнасьцi. Штось даўно перададзена iншаму падразьдзялень-ню, а ў палкавых дакумэнтах таго не адзначана. Калi ўжо шмат з чым разабралiся, выявiлася, што не хапае аднаго буйнакалiбернага кулямёта, якi некалi выкарыстоўвалi для iмiтацыйных стрэльбаў. Праз той кулямёт я рызыкаваў застацца зiмаваць на Сахалiне. Выйсьце падказаў адзiн вопытны служака. Ён сказаў: «У цябе знойдзецца восем дваццаць? Схадзi ў краму, купi бутэльку каньяку, пастаў начальнiку боепiтаньня». Так i зрабiў. Калi мы з начбоем выходзiлi ўвечары з забягалаўкi, я папытаўся, дзе ўсё ж ён знойдзе той кулямёт? Цi хоць бы дастане на замену? А маёр кажа: нашто мне яго шукаць? Я яго проста выкрасьлю з кнiгi ўлiку… Нарэшце ўсё было скончана, усе бегункi падпiсаныя, атрымаў дакумэнты на праезд ад Сахалiну да ст. Асiповiчы, што ў Беларусi. Зноў прыйшлося з тыдзень цi больш нудзiцца на бакавых палiцах плацкартнага вагону, пакуль даехалi да Масквы. Ехалi спрэс афiцэры, што адслужылi сваё на дзiкiм Усходзе i цяпер радыя былi, што дапялiся цывiлiзаванага Захаду. У Маскве жонка з сынам паехалi наведаць яе сястру, што жыла ў Монiна, а я пайшоў паглядзець сталiцу, у якой па сутнасьцi яшчэ ня быў. Пачаў, вядома ж, з Чырвонай плошчы, якая зусiм не здалася мне вялiкай, якой уяўлялася на сьвяточных здымках, затое сьцены Крамля падалiся куды вышэйшыя, чым уяўлялася. У даўжэзную чаргу да маўзалею ня стаў, пайшоў па вулiцы Горкага ўгару. Хадзiў-хадзiў, захацелася дзе-небудзь перакусiць. Сярод сталiчнага люду адчуваў сябе, як i трэба было чакаць, няўклюдай — бы чалавек, што прыехаў з тайгi ў цывiлiзаваны край. Хадзiў спатнелы, у кiцелi, юхтовых ботах. Афiцыянтка кафэ, куды не без ваганьняў завiтаў,вядома ж, найперш зьмерала наведвальнiка пагардлiвым позiркам i праз зубы папытала, чаго ён жадае. Чаго я мог пажадаць? Сто грамаў i чаго-небудзь на закусь. Спытала — амлет? Хай будзе амлет. Асаблiва выпiваць аднаму не хацелася, але мусiў. Памятаў, як колiсь у Мiкалаеве, iдучы ранкам на службу з Валькам Бахцiгозiным, заўжды хацелi есьцi. На вулiцах у латках прадавалi бутэрброды з кiлькай i тут жа гарэлку на разьлiў. Купляць адны бутэрброды было сорамна, дык мы дадавалi: ну i сто грам. Тады бойкiя цёткi-прадаўшчыцы роблена зьдзiўлялiся: ай-яй, такiя маладыя, што вам па сто грам! Бярыце па дзьвесьце!
Даводзiлася браць па дзьвесьце. Гэтак i тут. Выпiў сто, пасьля яшчэ сто. Ну i добра! Настрой стаў весялейшы iМасква прыгажэйшая.
У вайсковай камэндатуры станцыi Асiповiчы, канчатковага пункту майго падарожжа, дазнаўся, што патрэбны мне полк зусiм ня тут, а ў Лапiчах, гэта дзесьцi далей, у лесе. Што гэта — буйнакалiберны (152-мм гаўбiцы-гарматы) армейскi полк. Як дабрацца туды? Звычайна — на шашу i галасаваць.
Так i зрабiлi. Неяк ускараскалiся на паўзагружаную трохтонку, куды падсеў яшчэ адзiн капiтан, якi таксама ехаў у Лапiчы. Я зь цiкавасьцю азiраў восеньскiя палеткi наўкола, застаўленыя белымi мяхамi, — сяляне выбiралi бульбу. Дзе-нiдзе ў неба вiлiся празрыстыя дымкi. Надвор’е было цiхае, стаяла пара бабiнага лета. Хвойныя бары абапал дарогi выклiкалi ў мяне шчымлiвае замiлаваньне — столькi год гэтае хараство я бачыў толькi ў снах на Усходзе. Сусед-капiтан распавёў, як хораша цяпер ловiцца на блясну шчупак, толькi ўчора ён выцягнуў з рэчкi трохкiлаграмовую рыбiну. Цяпер там пасьля службы ўсе афiцэры размахваюць сьпiнiнгамi. Я слухаў яго i раптам падумаў: буду служыць! Хай, калi так сталася, ня змог вырвацца там, дык тут застаюся. Усё ж дома, не на чужыне. Беларусь — не Курылы.