Выбрать главу

Між тым, як мне распавёў з крыўдай другі гарадзенскі пакутнік Г. Цьвятніцкі, яўныя агенты хадзілі побач па гарадзенскіх вуліцах, ніхто іх не лавіў. Рэч у тым, што ў 41-м годзе немцы вельмі хутка захапілі Горадню, а слаўныя чэкісты так порстка ўцяклі, што не пасьпелі зьнішчыць картатэку ўласных агентаў. Завалодаўшы ёю, гестапа зусім ня рупілася расстрэльваць савецкіх сэксотаў — яно іх хуценька перавербавала і змусіла працаваць на нямецкія ўлады. Так яны і працавалі аж да вызваленьня ў 44-м годзе. А як прыйшлі «другія саветы» (так мясцовыя жыхары называл і тагачасную рэстаўрацыю савецкай улады), чэкісты прывезьлі з Масквы захаваныя там дублікаты даваенных картак, і тыя самыя людзі зноў пачалі працаваць на старых-новых гаспадароў. Тое доўжылася шэраг гадоў, іх пасьпяхова выкарыстоў валі без увагі на іх нядаўняе гестапаўскае мінулае, аж пакуль яны былі патрэбны. Пасьля прыбралі патроху — бяз гвалту і шуму. Але ж людзі ўсё бачылі. Толькі не абураліся.

Прывыклі за гады ліхалецьця.

У кватэры было малаўтульна i сьцюдзёна, па ваду трэба было хадзiць праз тры двары. Але я ўвесь дзень быў вольны i пачаў пiсаць. Пазьней, калi ўжо стаў аўтарам кнiжак, у мяне пыталiся: як i чаму сталася тое? Што хацеў сказаць чалавецтву, якой iсьцiне яго навучыць? Мабыць, — нiякiх iсьцiн; адразу адчуў, што па натуры я не прапаведнiк.

Тады для мяне важна было намацаць свой шлях у жыцьцi, неяк вызначыцца. Мне iшоў 32-гi год, а ў галоўных адносiнах — пошуках свайго месца сярод людзей — я быў пачаткоўцам. Пэўнага месца ў жыцьцi ў мяне не было, што, безумоўна, не магло не турбаваць мяне, як i кожнага чалавека ў гэткiм становiшчы. Тое ж, чым я займаўся зь юначых гадоў, аказалася зманам, пустэчай, поўнаю непатрэбнасьцю.

Суцяшала хiба меркаваньне, што ўсё тое адбывалася не па ўласнай волi. На тое быў змушаны. Лёсам, жыцьцём, людзьмi — добрымi i злымi. А найбольш уладай, якая ў нас тады намагалася вызначаць усё — ад глабальных мэтаў да лёсу маленькага чалавека.

У тую зiму пiсаў шмат, менш перапiсваў i амаль усё рваў на шматкi. Мала што даводзiў да фiналу. Звычайна з ахвотай пачаўшы, неўзабаве трацiў цiкавасьць. Усё здавалася кепска. Даўшы паляжаць зь месяц, выбраў адно апавяданьне, аднёс у рэдакцыю. Мiхась Васiлёк сказаў, што будзе паседжаньне лiтгуртка, дзе i абмяркуем.

Toe паседжаньне абласных аматараў лiтаратуры было першым i апошнiм, у якiм я ўдзельнiчаў. Прыйшло паўтара дзясятка чалавек розных узростаў — студэнтаў i пэнсiянэраў, адна дзяўчына. Галоўным арбiтрам быў выкладчык пэдiнстытуту, якi няшчадна грамiў нас, бы ворагаў прыгожага пiсьменства, пасягацеляў на лiтаратурныя асновы.

Iншыя раўнялiся на кiраўнiка. Мне там дасталося болей за ўсiх. Рэдакцыйны супрацоўнiк пападкрэсьлiваў чырвоным алоўкам усе займеньнiкi ЁН, атрымалася дужа страката i ўражлiва. Toe i вырашыла прысуд: дрэнна ва ўсiх адносiнах. Зрэшты, у iншых было ня лепш. Пасьля Мiхась Восiпавiч суцяшаў, што напачатку так бывае заўжды, хаця для мяне тое было слабым суцяшэньнем. Няхутка пасьля таго наважыўся паслаць новае апавяданьне ў часопiс «Маладосць», якi нядаўна пачаў выходзiць у Менску.

Дзеля праўдзівасьці мушу зазначыць, што перад «Стратай» напісаў невялікую вайсковую аповесьць пад назовам «Апошні баец», якую паслаў у «Маладосьць». Аповесьць, на мой погляд, была беззаганнай у ідэйных адносінах, але ў друк яе не прынялі. Загадчык аддзелу прозы Іван Навуменка, паморшчыўшыся, сказаў аўтару, што для часопісу не падыходзіць. Тады я быў гатовы пакрыўдзіцца, а неўзабаве стаўся ўдзячны будучаму акадэміку і народнаму. Праўда, каб зразумець тое, спатрэбілася надрукаваць аповесьць — з працягам у «Чырвонай зьмене». Болей яе не друкаваў нідзе.

Па справах падпіскі ў Горадню прыехаў Георгі Шчарбатаў, беларускі пісьменьнік, намесьнік рэдактара часопісу «Маладосьць». Ён ужо чытаў мае першыя апавяданьні, адно зь якіх надрукавала і ягоная «Маладосьць». Увечары мы спаткаліся ў кафэ на Савецкай і добра пагутарылі. Георгій уважліва паставіўся да мяне, папытаўся, дзе, што? Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся. Сказаў, што маеш талент, трэба толькі пісаць. Я сказаў, што філялягічнай адукацыі ня маю, ва ўнівэрсітэце не вучыўся. На тое Шчарбатаў заўважыў, што вучыцца, канешне, трэба, але тое не галоўнае. Галоўнае ўсё ж талент. Ні Талстой, ні Горкі, ні Бунін ня мелі ўнівэрсітэцкай адукацыі. У літаратуры ўсё дасягаецца працай. Таксама як нашыя Брыль або Танк. І калі Шамяк ін скончыў двухгадовую ПШ, дык ці так ужо шмат набраў там у галіне літаратуры. У партыйных школах літаратуры ня вучаць, вучаць зусім іншаму. Тыя ягоныя словы ўвогуле мне запомніліся, хоць Георгі Шчарбатаў зусім ня быў пісьменьнікам першай велічыні.