Выбрать главу

Праз колькі гадоў Я. Еўтушэнка напіша, што вялікія мала чым могуць дапамагчы пачаткоўцам, якім звычайна плённа дапамагаюць сярэднія таленты. Тое — праўда.

Першага жывога пісьменьніка-празаіка я пабачыў у Гародні, то быў Піліп Пястрак. Неяк, будучы на Савецкай, згледзеў, як пажылы чалавек у саламяным капелюшы штось прыпыніўся на ходніку і азіраецца. Прытым з замілаваньнем вымаўляе адно толькі слова «кошык». Сапраўды, непадалёк пераходзіць вуліцу вясковая кабета з пустым лазовым кошыкам. У тым чалавеку я пазнаў знакамітага на той час пісьменьніка Піліпа Пестрака.

То быў ці не апошні з арыгіналаў — заходнебеларускіх пісьменьнікаў-камуністаў, шмат год сядзеў у Гродзенскай турме, дзе, дарэчы, студыяваў марксізм, выхоўваючыся як пралетарскі рэвалюцыянер. Ім ён і застаўся на ўсё жыцьцё.

Аднойчы, у час чарговае дэкады беларускай літаратуры, група беларускіх пісьменьнікаў езьдзіла па раёнах, дзе іх вадзілі па жывёлагадоўчых комплексах, паказвалі новыя сіласныя вежы. Як група ў белых халатах пайшла ў чарговы сьвінарнік, Піліп Сямёнавіч прытрымаў мяне за крысо — што, ты не нанюхаўся гаўна? Пойдзем у аўтобус. Мы зайшлі ў пусты аўтобус, і Піліп Сямёнавіч адразу выпаліў: парадку ня будзе. — Чаму? — Бо ўладу захапілі ворагі. — Якія ворагі? — Клясавыя.

Пястрак памаўчаў. — У гэтага ж І. было аж 80 гектараў зямлі. А ў Б. — 40. А ў вашага Карпюка — 30. Во яны і кіруюць. Да чаго дакіруюцца…

Гэта быў даўні пункцік Піліпа Сямёнавіча. А ўвогуле ён быў чалавек прыстойны, нават чалавечны. На пісьменьніцкіх мерапрыемствах заўсёды выступаў у абарону слабых і пакрыў джаных. Ня ладзіў з начальствам. Любіў Барадуліна — можа, ня так за вершы, як за ягоную апалітычнасьць. У паездку заўжды выпраўляўся з старым пацертым партфелікам, зь якога, як толькі займаў месца ў купэ, выстаўляў бутэльку, клаў ладны шмат сала, пару цыбулінаў. І пачынаў пачостку з размовай. Калі здаралася наведаць рэстаран, замаўляў гарэлку на вагу — але не па 200 грамаў, а адразу на ўсіх — 800. Заўжды плаціў сам.

Ягоны канфлікт з уладамі пачаўся ў 39-м. Адразу пасьля вызваленьня з Гродзенскай турмы Пястрак кінуўся ствараць рэвалюцыйны камітэт, каб помсьціць палякам. Але чырвонаармейцы прывезьлі ў Горадню свой рэўкам, а шматгадоваму вязьню сказалі — асадзі назад. Ён, натуральна, пакрыўдзіўся, ды стрываў. Пасьля яшчэ шмат разоў крыўдзіўся, бо яго асаджвалі ўсё ніжэй і ніжэй. Памёр ён на адзіноце, ці ня ўсімі забыты, аўтарам ці не аднаго, хоць і таўстога, раману «Сустрэнемся на барыкадах».

Тым часам настала вясна, на Савецкай вулiцы ў Гораднi зацьвiталi каштаны. Я перабраўся на iншую кватэру — таксама нехуцавую, але з водаправодам. Сталай працы ўсё яшчэ ня меў. Неяк iдучы па вулiцы, спаткаў намесьнiка галоўнага рэдактара Андрэя Салаўёва, якi папытаўся пра мае справы i сказаў зайсьцi ў рэдакцыю. То быў удалы вiзыт: неўзабаве я заняў месца ў сакратарыяце — тое самае, якое пакiнуў сем год таму. Маiм новым начальнiкам — адказным сакратаром — тады стаў Андрэй Колас, якi незадоўга перад тым пераехаў з Ваўкавыску. За сталом побач працаваў мастак-рэтушор Валодзя Фрыдрыхсон, выкрутлiвы лёс якога закiнуў з Архангельску на Беларусь. Ён нарадзiўся ў сям’i абруселага немца, але як пачалася вайна, каб пазьбегнуць пэўных праблемаў, выдаў сябе за яўрэя, ды быў выкрыты i апынуўся ў працоўных лягерох на Паўночным Урале. Будучы па адукацыi кiнаапэратарам (скончыў ВГІК), ня мог уладкавацца ў Расеi, а ў Гораднi яго прыгрэла ўсё тая ж добрая душа Андрэя Абрамавiча Салаўёва. Георгiй Цьвятнiцкi, як i раней, за сталом насупраць мераў лiнейкай набор ды маляваў макеты газэтных старонак.

Я на той раз меў шмат сакратарскiх абавязкаў. Найперш вычытваў тасаўскiя i белтаўскiя стужкi, што перадавалiся па тэлетайпе, пасьля правiў тэксты перакладаў зь беларускай на расейскую i наадварот. Вычытваў таксама расейскiя матар’ялы. Для таго давялося грунтоўна заняцца стылiстыкай. Андрэй Абрамавiч неяк уручыў мне тоўстую кнiгу — курс газэтнай стылiстыкi для завочнiкаў, якi я добрасумленна праштудыяваў. Газэтная практыка, вядома ж, куды як адрозьнiвалася ад пурытанскай тэорыi, i маёй праўкай журналiсты былi незадаволеныя. Усе так пiшуць, казалi яны. Сапраўды, менскiя газэты, у тым лiку «Советская Белоруссия» i «Звязда» (ды i «Правда» таксама), кiравалiся ўласнымi партыйнымi правiламi стылiстыкi. Чаму «Гродзенская праўда» павiнна кiравацца iнакшымi? I я махнуў рукой. Хай iдуць, як iшлi дагэтуль, гэтыя несьмяротныя выразы накшталт: вядуць барацьбу, вядуць уборку, вядуць нарыхтоўку. Ды шмат iншых. Колiшняга строгага раўнiўца лiтаратурна-газэтнай мовы Мiколы Аўчарова ўжо не было ў рэдакцыi. Зь яго «падазроным» мiнулым ён тут працаваў нядоўга i, звольнены, зьехаў у Таганрог, дзе паступiў на камбайнавы завод рабочым. А то быў выдатны мовавед, якiя ў рэдакцыях здараюцца нячаста. На пачатку лета з аддзелу культуры мне далi адзiн матар’ял наконт кватэрнай несправядлiвасьцi, i я за выхадны напiсаў фэльетон. Iрына Суворава ў маёй прысутнасьцi аддала той фельетон Коласу, дадаўшы пэўныя камплiмэнты ў адрас аўтара. Toe змусiла мяне да нiякаватасьцi. Нязвыклы да пахвалы, я ня ведаў яшчэ, што ў пэўныя моманты лягчэй трываць папрок, чым пахвалу. Тым болей публiчную i ад жанчыны, да якой маеш сымпатыю.