Выбрать главу

У адным зь летнiх нумароў «Маладосьць» надрукавала маё апавяданьне «Страта». А яшчэ празь невялiкi час тое апавяданьне выйшла ў маскоўскiм часопiсе «Советский воин». Пераклаў яго вайсковы журналiст Якаў Плехаў, якi тады таксама пачынаў сваю лiтаратурную творчасьць. Гэта падвойная ўдача адразу ўзьняла аўтара ў яго ўласных вачох, хаця зьнешне я стараўся быць як мага спакайнейшым. Мабыць, баяўся спалохаць нечаканую ўдачу. Тым болей, што, прачытаўшы абодва тэксты, знайшоў там масу слабiны i нават недарэчнасьцяў, з чаго доўга пакутаваў. Тыя перажыванкi iмкнуўся заглушыць працай над новымi рэчамi, калi, здавалася, напiшацца лепш. Бо ўжо займеў нейкi вопыт. На жаль, лепей усё не пiсалася. Цi вопыт аказаўся недастатковы, цi — што болей верагодна — спрацавала выснова: у лiтаратуры кожны новы твор пачынаецца як бы ў першы раз. У першы раз наогул. Пасьля колькi я нi пiсаў, кожны раз успамiнаў тое, прачытанае, здаецца, у Парандоў скага. Тады я наогул шмат чытаў лiтаратуры такога кшталту — галоўным чынам пра пiсьменьнiцкую тэхналёгiю. Думалася, менавiта ў ёй — сакрэты пiсьменьнiцкага посьпеху. Аказалася — ня ў ёй. Цi ня толькi i ня столькi ў ёй. Даўно вядома, што складнiкi культуры — жыцьцё i сама культура. Адно без другога мала што значыць i ў лiтаратуры.

У мяне, як здавалася, веданьня жыцьця хапала, меў вопыт, нагледзеўся на мноства людзей i людзкiх тыпаў. Культуры, ведама, не хапала. Але, як пасьля зразумеў, культура — рэч бязьмерная. Колькi яе ў каго нi ёсьць, наўрад цi можна сказаць, што хапае. Культура — мора, бязьмежны акiян, назапашаны чалавецтвам праз тысячагодзьдзi. Зрэшты, як i жыцьцё таксама. Мабыць, нiкому немагчыма тое ды iншае ахапiць у поўным аб’ёме. Але для нашага чалавека мала клопату было да сусьветнай культуры — яму абы дапяцца да культуры савецкай. Нацыянальнай па форме i сацыялiстычнай па зьмесьце. Адмыслоўцы гэткай культуры выхоўвалiся партыяй, навучалiся ў ВНУ, шчыравалi ў лiтаратуразнаўчай i фiлялягiчнай навуках. Акадэмiя навук Беларусi выдала расейска-беларускi слоўнiк пад рэдакцыяй акадэмiка Крапiвы, дзе беларуская лексыка амаль упадабнялася да расейскай, што, паводле задумы, павiнна было працаваць на зьлiцьцё народаў у адну братнюю сям’ю. Народы не зьлiлiся, але моўнай шкоды той слоўнiк нарабiў нямала, гэтая шкода адчуваецца i дагэтуль. Працуючы ў сакратарыяце, я змушаны быў правiць беларускiя тэксты паводле таго слоўнiка, хаця часьцяком мая беларуская натура працiвiлася моўнаму гвалту. Успамiналiся мамiны словы i выразы, якiя былi iншыя, нават iншай прыроды, але ж iх на газэтную старонку ня ўставiш. Iх выкрасьлiць карэктар, перад якiм на стале ляжыць моўны закон у выглядзе таго ж слоўнiка акадэмiка Кандрата Крапiвы, адзначанага Дзяржаўнай прэмiяй СССР.

Што ўжо казаць пра мову мастацкай лiтаратуры, над партыйнай чысьцiнёй каторай шчыравалi партыйныя рэдактары ўсiх лiтаратурных выданьняў. Тым болей iхнiя памагатыя зь лiку маладых выхаванцаў Белдзяржунівэрсытэту.

Першы мой пiсьменьнiцкi канфлiкт быў менавiта ў галiне мовы, якая, вядома ж, не адпавядала выдавецкарэдактарскiм канонам. Мае апавяданьнi вярталi, перакрэсьленыя шматлiкiмi заўвагамi-прыдзiркамi. Toe, вядома, было непрыемна, але i давала адчуць неабходны ўзровень тагачаснай лiтаратуры, нейкiм чынам адаптавацца да яго.

Напрыканцы года я атрымаў ад Саюзу пiсьменьнiкаў запросiны на ўдзел у штогадовым сэмiнары маладых, што адбываўся ў Каралiшчавiчах пад Менскам. Мiлы той маёнтачак апальнага партыйнага функцыянэра шмат год служыў i спрыяў беларускаму пiсьменству, празь яго прайшлi цi ня ўсе тагачасныя маладыя. Старыя там шэраг гадоў мелi магчымасьць перавесьцi дых ад партыйнай задухi на месцах свае працы, iдэалягiчных пасадах. Там сярод елак i хвой усе бы рабiлiся роўныя, заглыблялiся ва ўласны мастакоўскi сьвет i тварылi, тварылi… Як i што — гэта ўжо iншая справа, мабыць, кожны сваё. Meлеж тварыў ня тое, што тварыў Пасьлядовiч, Броўка iнакш, чым Куляшоў. Дапушчаныя туды на тыдзень, мы назiралi i слухалi. Прафэсар Гутараў палымяна ўводзiў нас у прагрэсiўны, на ягоную думку, сьвет сацрэалiзму, марксісцка-ленiнскую эстэтыку, Шамякiн з уласным вопытам партыйнага раманiста нацiскаў на адлюстраваньне авангарднае ролi партыi ў барацьбе з нямецка-фашысцкiмi захопнiкамi. Уладзiмер Карпаў завастраў нашу ўвагу на прошуках заходнiх агентаў, былых калябарантаў, якiх трэба было выкрываць. Брыль тае ўвагi не завастраў, болей гаварыў пра лiрызм у лiтаратуры, прыкладам маючы ўласнае апавяданьне «Галя». Брыль тады падабаўся маладым, у той час як Мележ быў мала знаёмы i нiхто не чакаў ад яго неспадзяваных «Людзей на балоце». Мы, паўтара дзясятка ўдзельнiкаў, што прыехалi з правiнцыi, чыталi i абмяркоўвалi прывезенае з сабой, хаця ўсё тое было так сабе i не запомнiлася. Апроч хiба «Зонi» маладога Вячаслава Адамчыка. Адамчык быў прызнаны несумненным талентам, казалi: малады, а глядзi, як апiсвае старых. Тое было праўдай. Мае вайсковыя апавяданьнi надта ня ганiлi, але i не хвалiлi. Мабыць, мелi на тое рацыю.