Выбрать главу

Пэўна, не спадабалася мядзведзю, што перастаў яго частаваць, у торбу рыбу хаваю. Вось і выламаў ламачыну і давай лупцаваць.

Хадзіў я на тое месца, мае вы саколікі, і сляды шукаў, і ламачыну, абгрызеную мядзведжымі зубамі. Толькі і зараз не магу даўмецца, чаму мядзведзь разам з рыбай рыбака не з'еў. Мо свежыя язі смачней? А мо гэта той самы мядзведзь, якога я на стозе сена спудзіў, як ваўкі яго акружылі? Усякае бывае. Калі той самы, то мы квіты: паскакаў я дроздзіка, думаў, богу душу аддам.

Адарваны хвост

То, Гараська, даўно было, яшчэ да калгасаў. Яшчэ ў мяне не расла барада, толькі вусікі прабіваліся. Але што гэта я не так пачынаю, нібы крэсіва сапсавалася. Дай праверу, ці высякае іскру. Ёсць агонь! То слухай, няхай цябе качкі ўбрыкнуць.

У кожнага гаспадара быў свой конь, а хто спраўнейшы і двух меў. Ну, пра багацейшых я і не кажу. У той час без каня ты ні богу свечка ні чорту качарга: кладзіся на лаву і ногі адкідвай. Без каня не ўзарэш, не пасееш, не прывязеш палена дроў. Гэта цяпер трактары ды машыны, зноў жа электрыка. А тады за канём, як за дзіцем, хадзілі. Не тут кажучы, захварэе, то ўсёй сям'ёй не спалі.

Слаўны быў у нас конік. Дорашам звалі. Рахманы такі, ласкавы і разумны, што чалавек. Засну на начлезе, далёка не адыдзе, побач скубецца.

Ды, пэўна, ты не ведаеш, што такое начлег. Вядома, не, а я, стары дурань, байкі баю… Хіба слухай… Вясной, улетку і восенню коней на ноч выганялі ў поле. На начлег. Каб цыганы не ўкралі ці не напалі ваўкі, кожны свайго пасвіў. Часцей падлеткі, хлопцы ці дзяўчаты, радзей сталыя.

Ой, цікава было. Вечарам з гіканнем і свістам, ухапіўшыся за грывы, імчым наперагонкі праз вёску. Такі гармідар устройвалі, што шкло у вокнах дрыжала. За рэчкай стрыножым коней, раздзелімся на кучкі, кастры палім… Чаго толькі не пачуеш тут: і пра нячыстую сілу, нябожчыкаў, здарэнні незвычайныя. Ды самае цікавае за поўнач пачыналася, калі меншыя носам клявалі.

Дагарае вогнішча. Раса з'явіцца. Зябка, хоць і лета. Скруціцца Васька ці Пецька ў клубочак ля агню і сапе ціхенька ў дзве дзірачкі. А жартаўнікі-фокуснікі тут як тут. Раскладуць касцёр на тым баку рэчкі, а цяпельца ля соннага патушаць. Круціцца, бедны, і так і сяк, даймае холад. Нарэшце прачнецца: ні кастра, ні таварышаў. Глядзь, а вогнішча ў другім месцы, і галасы адтуль далятаюць. «I як я тут апынуўся?» — гадае небарака. Накіне світку на плечы і брыдзе на агонь. Вейкі зліпаюцца. Вакол цемра. Хутчэй да агню. Ён ужо блізка, рукой падаць. I раптам боўць у ваду: «Ай, ратуйце, тану!» «Га-га-га», — рагочуць фокуснікі, цягнучы з вады тапельца. Ён, як курыца мокрая, ніяк не можа зразумець, чаму касцёр апынуўся на тым баку рэчкі…

Бач, люлька патухла. Мы зараз запалім… Ды на чым гэта я спыніўся? Ага, на забаўках. Прыеліся яны мне. Рашыў адзін каня ганяць, без кампаніі. I траву лепшую знайсці можна (на лузе даўно выпасвілі), і ніхто ноччу над вухам звягаць не будзе. Вядома, аднаму страшнавата, але, сам ведаеш, я не з палахлівага дзесятку, што мне там цыганы ці нейкія ваўкі. Так і так, кажу бацьку, хачу адзін пасвіць. «Добра, сынок, надумаў, — ухваліў стары. — Толькі Клінавага каня захапі. Захварэў дзед Клін, трэці дзень конь у хляве стаіць».

Я, вядома, згадзіўся. Ці аднаго пасвіць, ці двух. Загнаў Дораша і Клінавага Хіжака ў Абадзец, пад самы лес. Спутаў і пусціў. Сам расклаў цяпельца, грэюся, на зоркі гляджу, гадаю, дзе мая. Дораш, як заўсёды, не адыходзіць ад кастра, побач скубецца. Час ад часу голас падасць — заржэ: маўляў, не турбуйся, я тут. Ты-то тут, думаю, а дзе Хіжак. Пайшоў шукаць. Аж ля лесу на след натрапіў. Прыпёр назад. Ой, намучыўся я з ім: і біў, каб не ўцякаў, і бульбай печанай падкормліваў. Не памагае. Толькі прысну, а каня і след прастыне. Плюнуў аднойчы, прападзі ты пропадам. Гуляй, дзе хочаш, вернешся пад раніцу. Так і пасвіў амаль усё лета. Ад'еліся коні на траве-мураве, пакруглелі. Ужо на восень бралася. Ноччу і ў кажуху зябка. Таму і не тушыў касцёр, знайду добры пянёк, да раніцы тлее. Сам драмлю: то адным бокам, то другім павернешся да агню. Не сон, а нейкае паўзабыццё. Драмлю так адзін раз, чую, нібыта конь іржэ. Прадраў вочы, Дораш побач, ля кастра, вушамі стрыжэ. Іга-га-га, зноў чую, Хіжак азваўся. Узяў галавешку, іду. Прайду колькі складу рукі ў трубу: «Ого-го-го! — крычу. — Кося, кося». Адзываецца. А раней крычы, хоць ахрыпні, голасу не падасць.