Людзі пасля доўга ўспаміналі добрым словам майстра. Гляне хворае дзіця на драўлянага зайца — і ачуняе. А ў лапцях тых можна было сто вёрст прайсці і не стаміцца.
Ішоў наш княжыч, ішоў, і прывяла яго дарога да невялікага гарадка з дзіўнай назвай Глінішча. Прыпыніўся тут. Некалькі дзён тупаў вакол, па зямлі на каленях поўзаў. Твар свяціўся, як адпаліраваная ваза. Чаго-чаго, а гліны тут хапала: і чырвонай, і жоўта-залацістай, і нават белай. Мяў у руках яе, спрабаваў на смак. Была яна тлустая, як масла, клейкая. У родных мясцінах такой ніколі не сустракаў. Дзед вачам бы не паверыў.
«Застануся ў Глінішчах назаўсёды, — рашыў княжыч. — Але дзе жыць, за якія грошы купіць ганчарны круг?»
Хутка ці не, але ўзбіўся княжыч на капейку. Выручылі, як выручалі не раз па дарозе, тыя ж лапці і звяркі драўляныя. Пасяліўся, як і хацеў, наводшыбе ў адзінокай бабулі. Заплаціў ёй наперад за жытло і харч.
Хата стаяла на прыгорку. Побач гаманілі бярозы, спрачаўся малады дуб з дзядзькам яварам, а ўнізе, бліз рэчкі, туліліся адна да адной драўляныя хаты местачкоўцаў. У цэнтры — царква, на ўскраіне — кірмаш.
Падымаўся княжыч раней сонца, а спаць клаўся ледзь не апоўначы. У моцных лазовых кошыках насіў і насіў ён гліну, а вечарамі майстраваў ганчарны круг.
Народ у Глінішчах, як і ў кожным мястэчку, дасціпны, людзі часта спынялі майстра на паўдарозе, стараліся загаварыць з ім, а ён маўчаў, толькі рукамі размахваў, паказваў нешта. Тады і назвалі яго Маўчановічам.
— Вунь Маўчановіч гліну панёс, — казалі, — цягае і цягае. Навошта яму так шмат яе? Можа, дом хоча з гліны зляпіць ці драбіны да неба?
Неўзабаве княжыч назапасіў гліны, колькі хацеў, і круг ганчарны змайстраваў. Не было толькі ганчарнай печы. Але хіба гэта клопат для сапраўднага майстра? Хутка і печ з'явілася. I вось аднойчы прыснілася фея-кветка.
— Я ведаю, — сказала яна, — сумна табе. Зрабі найперш жалейку. З яе песняй-музыкай у душы свята паселіцца. Вось тады і парадуеш людзей!
Цэлы дзень чараваў над жалейкай Маўчановіч. З белай гліны яе вытачыў, распісаў фарбай чырвонай, абпаліў у печы. Ледзь астыла — да губ паднёс. I жалейка заспявала, ды так звонка, весела, што аж бабуля пусцілася ў скокі, шпакі здзіўлена замаўчапі, а самому майстру захацелася як найхутчэй сесці за круг і шчыраваць, шчыраваць…
Слава пра Маўчановіча разнеслася па навакольных гарадах і вёсках. Адкуль толькі ні прыязджалі людзі, каб купіць яго распісныя збаны і гаршкі, дудачкі, свістулькі ці паслухаць чарадзейную жалейку.
Ад'язджалі ад Маўчановіча з песняй у сэрцы. У збанах тых, каласочкі-красачкі, ніколі малако не кісла, а ў гаршках, колькі б ні стаяла страва, — ніколі не псавалася. Яны былі адметнымі: гляне на іх добры чалавек і адразу здагадаецца, аб чым хацеў сказаць людзям маўклівы майстра. А гаварыў ён аб дабраце, радасці жыцця.
Доўга круціў свой ганчарны круг Маўчановіч. Да слыннага майстра прыязджалі паны і падпанкі з усяго свету, ішлі простыя людзі.
Неяк дапяў да Глінішч аканом князя Ясінскага. I пазнаў ён у Маўчановічу князевага сына. Аканом забыўся нават на збаны і гаршкі, ускочыў у брычку і панёсся ў Гарадзішча, каб паведаміць яснавяльможнаму прыемную навіну. Цэлую шапку золата абяцаў насыпаць князь таму, хто знойдзе сына. Не ў радасць стала Ясінскаму паляванне, больш не склікаў ён шляхцюкоў з шляхцянкамі на баль, штодня хадзіў у царкву, замольваў свой грэх, шчодра адорваў жабракоў. Дзеду-майстру, які вучыў сына, падпісаў вольную. Адпусціў на волю яго дзяцей і ўнукаў, а таксама ўсіх слабодскіх майстроў.
Апошнім часам стары князь дужа хварэў. Баяўся памерці і не ўбачыць сына.
Пачуўшы ад аканома радасную вестку, князь падхапіўся з пасцелі, сам запрог коней, сеў на козлы за фурмана і пусціў тройку выязных рыссю.
А ў палацы варылі, смажылі, пяклі, рыхтаваліся да сустрэчы маладога Ясінскага.
У Глінішчах, каля карчмы, князь спыніўся, шпурнуў фурману лейцы, а сам пешкі падаўся да бабулінай хаты. Наперодзе бег, паказваючы дарогу, аканом, бо князь наступаў на пяты.
Сына ён пазнаў адразу. Быў май, і той вынес свой круг ганчарны на двор. Нага круціла кола. Дужыя і спрытныя рукі дакраналіся да гліны, і тая на вачах ажывала. Адухоўлены твар ганчара свяціўся. Князь не вытрымаў.
— Сынок! — закрычаў нема. — Ці ты гэта?
Ганчар спыніў кола, падняўся. Перад ім стаяў не грозны князь-уладар, а сівы дзядок, стомлены дарогай.
— Ба-бацька! — пачуўсвой голас— Бацька! — і кінуўся абдымаць дзеда.