Выбрать главу

19.ІІ. Закончыў верш пра Ф. Багушэвіча. Разлічыўся з дэпутацкай поштай. Вярнуўшыся з лечкамісіі, дома застаў А. Сухую, ад якой даведаўся аб смерці майго старога друга — А. Хадзінскага. Разам працавалі мы з ім у камсамоле, некалькі год з ім і з яго братам Мікалаем жылі разам у Вільні. Быў і у Петруся Броўкі. Вельмі дрэнна выглядае. Aлe, не зважаючы на сваю хваробу, па-ранейшаму заняты рознымі справамі, збіраецца ехаць у Барвіху. Скардзіўся на горла, што стала цяжка гаварыць, а пагаварыць ён заўсёды любіў і любіць. Быў у яго A. Т. Кузьмін.

21.ІІ. У эфіопскай казцы «Залатая зямля» расказваецца аб тым, як імператар вітаў еўрапейскіх вандроўнікаў, як іх багата адарылі. Але, калі яны вы-язджалі, іх папрасілі зняць абутак і ачысціць ад зямлі, бо такі ў іх звычай: «Гэта зямля дорага нам. У яе мы кідалі зярняты, хавалі мёртвых. Мы кладземся на яе, калі адпачываем пасля працы, на яе лугах пасём скаціну. Сцяжынкі, па якіх вы ішлі па даліне ў горы, са стэпаў у лясы — гэтыя сцяжынкі пратапталі ногі нашых продкаў, нашы ногі і ногі нашых дзяцей. Мы аказалі вам гасціннасць, мы далі вам каштоўныя падарункі. Але зямля Эфіопіі — самае каштоўнае, што ёсць у нас, і таму мы не можам аддаць вам і драбінкі гэтай зямлі».

22.ІІ. Наведаў Петруся Броўку. Незадаволены, як яго даглядаюць. У палаце — гарачыня. Дрэнна кормяць. Уся надзея на Барвіху, куды абяцалі яго накіраваць. Толькі, відаць, нашы дактары супроць гэтай яго паездкі. Мне здаецца, што хоць ён і бадзёрыцца, але адчувае сябе, як у пастцы, з якой няма і надзеі вырвацца. I самае дзіўнае, што, адчуваючы гэта, ён мужна трымаецца, дзякуючы нейкай сваёй надзвычайнай вітальнасці.

Чуваць, што ў Афганістане ўжо многія нашы хлопцы злажылі свае галовы. Прызнацца, хоць мы і гаворым, што разрадка застаецца асновай нашай мірнай палітыкі, баюся, каб мы не ўліплі ў небяспечны зацяжны канфлікт, як амерыканцы ў Карэі i В'етнаме, за які дорага прыйдзецца расплачвацца.

26.ІІ. На свята Міжнароднага дня жанчын думаем склікаць свой хурал. Любаша запрасіла і Софію Захараўну. I сёння быў у Петруся Броўкі. Казаў, не спаў усю ноч. Паднялася тэмпература.

Сярожка, прыйшоўшы ca свайго дзіцячага сада, неспадзявана спытаў у мяне: «Дзядуля, а французы з намі дружаць?»… Цікава, як палітыка адбіваецца нат у свядомасці малышоў, якія стараюцца зразумець свет дарослых.

В. С. Смірноў прапануе ўзначаліць дэлегацыю, якая едзе ў Бельгію. Адмовіўся. Чуюся нейкі разбіты. Відаць, у такім стане пісаў Шапэнгаўэр, што, узважыўшы ўсе за і супроць, лепей было б не радзіцца,

Чытаю нарыс А. Асэнкі пра Пікасо, які, будучы ў Польшчы ў 1948 г., вёў сябе вельмі «беспасрэдна». Калі ў музеі не было дзе сесці, садзіўся на падлозе, калі было горача, здымаў пінжак, камізэльку, кашулю.

Р. Гохут піша, што пасля замаху на Гітлера са школьных праграм быў выкраслены шылераўскі «Вільгельм Тэль» і забаронена было яго ставіць на сцэне.

5.ІІІ. Памёр Я. Івашкевіч. Так яму і не ўдалося пабываць у Навагрудку, на радзіме А. Міцкевіча, аб чым ён марыў і аб чым дамаўляліся мы, калі ён з польскай урадавай дэлегацыяй гасціў у Мінску. Чалавеку, які зведаў амаль увесь свет, на суседні Навагрудак не хапіла часу.

Глыбокае ўражанне пакінула выстаўка работ М. Сеўрука. Асабліва цікавымі былі яго ранейшыя палотны. На выстаўцы быў і мой зборнік «На этапах», які ён афармляў. Тэму вокладкі я яму падказаў. Яна пераклікаецца з вокладкай лукішскага часопіса «Краты». Праўда, ён яе вырашыў значна глыбей і лепш.

7.ІІІ. Усе польскія газеты працягваюць пісаць пра Я. Івашкевіча. У «Культуры» — апошняя падборка яго вершаў. Трэба будзе спрабаваць іх перакласці. Рэдка каму з сучасных пісьменнікаў удалося ўзняцца да вяршынь яго майстэрства і ў паэзіі, і ў прозе, і ў драматургіі. Талент яго не знаў старасці, стомы, якая прыходзіць з гадамі. Стыль яго нагадвае графіку. Здаецца, заплюшчыўшы вочы, вобмацкам можна чытаць яго творы. Дзіўнае і зайздроснае майстэрства.

10.ІІІ. Памог калгасу «Маяк» набыць аўтамашыну і машыну для ўборкі камення.

У другой палове дня разгулялася завея. Відаць, сёлета прыпозніцца вясна.

Нешта не магу разабрацца ў паэзіі О. Жупанчыца. Мо пераклады дрэнныя. I гэта бывае. Кажуць, Б. Пастарнак, прачытаўшы свае вершы ў англійскіх перакладах, толькі цяжка ўздыхнуў.

13.ІІІ. Быў у П. Броўкі. Ён нейкі час адпачываў у Аксакаўшчыне. Учора зноў вярнуўся ў лечкамісію. Пагаварылі мы з ім пра нашы пісьменніцкія справы. Потым зайшоў у палату да У. Караткевіча, які гэтымі днямі выпісваецца з бальніцы.