21.V. Заўтра партсход. Званіла В. Шчадрына. Пыталася, ці змагу прыехаць на юбілей М. Шолахава. Пісьмо ад В. Ражко. Цікавы з яго чалавек. Піша ўсім, хто чым павінен займацца: Я. Брылю — каб той адрэдагаваў яго ўспаміны, мне — каб памог іх выдаць. А як памагчы, калі гэтыя яго ўспаміны не маюць нічога супольнага з літаратурай, і друкаваць іх нельга. У сваіх паперах знайшоў некалькі рэпрадукцый выстаўкі фінскай прымітыўнай мастачкі А. Алярыэсты, на якіх адлюстраваны суровы быт жыхароў Лапландыі. Некаторыя з іх знаходзяцца на другой старане нашых уяўленняў, як, напрыклад, забойства сваіх дзяцей, каб толькі самім выжыць у галоднай, лядовай тундры.
Трагедыя ў А. Вялюгіна: жонка пакончыла з сабой, выкінуўшыся з акна сваёй кватэры.
Не паспяваю сачыць за прэсай. Відаць, прыдзецца скарыстаць парады Е. Дзімнета: «Не чытай добрых кніг! Жыццё закароткае. Чытай найлепшыя».
Хвароба Любашы не адступае. Ногі як налітыя волавам. Болі не даюць спаць. Не ведаем, што рабіць, бо ніякія лекі не памагаюць.
28.V. Сустрэў М. С. Арэхву. Пытаўся, каб удакладніць, калі польскімі уладамі быў закрыты беларускі сатырычны часопіс «Асва». Мне здаецца: у маі 1933 г. А найлепш запытаць у былога рэдактара П. Радзюка, які за гэты свой часопіс чатыры гады адсядзеў на Лукішках. Зараз ён — у Польшчы, працуе інспектарам тэхнічных школ у Шчэціне.
З1.V. Дзень нараджэння Іры і Веры. Пётр Маркавіч званіў у лечкамісію, прасіў свайго сябра неўрапатолага абследаваць Любашу. 3 кожным днём ёй усё цяжэй. Баюся, што і я звалюся з ног.
Недзе чытаў, што Вялікі Леанарда тры гады працаваў над сваёй «Джакондай» і, быццам, закончыўшы яе, сказаў, што не таго хацеў, што атрымалася.
У Гродне памёр доктар М. Марцінчык — адзін са старэйшых дзеячаў Таварыства беларускай школы, былы сябра Р. Р. Шырмы. У бальніцы ляжыць і Янка Хвораст — арганізатар нашых танцавальных кружкоў у Вільні, у Беластоку, у Гродне.
3.VI. У 10 г. раніцы забралі Любашу ў лечкамісію. Застаўся дома адзін, бо Сашава бабка з унукамі паехала на Нарач. Размарозіў халадзільнік, які ўжо стаў падобны на айсберг. Наглытаўся таблетак і ўзяўся за пошту. Чытаю і нічога не разумею. Як там Любаша? Званіў А. Вялюгіну. У ліпені спаўняецца 70 год Л. Геніюш. Здаецца, у восьмым нумары «Полымя» ідзе падборка яе вершаў.
Другая палова чэрвеня будзе страшэнна перагружана рознымі нарадамі, сустрэчамі, юбілеямі… Усё гэта было б нічога, каб дома было ўсё добра.
Саша з Юрам прывезлі з Нарачы кілаграмы тры нейкай рыбы. Шукаў у кухарскай кнізе, як варыць юшку, але не знайшоў. Паставіў на агонь. Можа, што і атрымаецца.
4.VI. Напісаў верш «Калі ў хлебе больш сілы, як хлеба…». Тэлеграма: 24-га пасяджэнне камісіі Вярхоўнага Савета СССР па ахове прыроды.
Баюся за Любашу. А самае крыўднае: усім нам яна заўсёды самаахвярна памагала, а мы нічым не можам ёй памагчы. Прывёз ёй крыху памідораў, яблыкаў. Выглядае стомленай і змарнелай.
Вечарам пазваніла, каб прынёс ёй індаметацын і бруфен. Гаварыў з яе доктарам Кацярынай Дзянісаўнай. Заўтра, казала, прыедзе на кансультацыю прафесар I. П. Антонаў.
9.VI. Ездзіў сёння з кіраўніком Літфонда СССР на будаўніцтва нашага Дома творчасці. Былі ў Н. Л. Сняжковай. Калі ўдасца нам пабудаваць гэты дом, трэба будзе паставіць помнік нашым кіраўнікам, без дапамогі якіх мы ніколі не пабудавалі б новы Парнас.
Усе нашы з малышамі ляцяць у Піцунду і на Каўказ. Так сёлета і не прыйдзецца пабываць на Нарачы. Прачытаў апошні нумар польскага часопіса «Паэзія», у якім надрукавана падборка вершаў літоўскіх паэтаў. Падборка мне не спадабалася. Відаць, рэдактары хацелі паказаць, што вершы літоўскіх паэтаў падобны да польскіх. Толькі ці варта гэта было рабіць, бо, як вядома, паэзія літоўская мае свой адметны, самабытны характар.
3 тыднёвіка «Культура» даведаўся аб смерці рэжысёра А. Форда, з якім мы перад вайной працавалі над экранізацыяй маёй паэмы «Нарач». У свой час шырока былі вядомы яго фільмы: «Шапэн», «Крыжакі», «Прыгранічная вуліца»… Апошнія гады ён эміграваў у Францыю, жыў у Парыжы. А ў Любашы настрой з кожным днём пагаршаецца. I я пачынаю губляць надзею на хуткае яе выздараўленне. Званіу Якуб Міско. I ён летась больш двух месяцаў перахварэў на гэты пракляты радыкуліт. I яшчэ потым доўга далечваўся ў санаторыі «Аксакаўшчына».
У СП была цяжкая гутарка з жонкай А. Якімовіча. Яна паказала мне пісьмо свайго мужа ў ЦК КПБ, у якім ён дамагаецца, каб яму прысвоілі званне народнага пісьменніка. Зараз яна патрабуе, каб яго пасмертна ўзнагародзілі ордэнам, устанавілі прэмію яго імя і г. д. Была ў Маскве ў Міхалкова, у ЦК, у A. Т. Кузьміна, у I. Антановіча. Бяда з гэтымі ўдовамі. Многія з іх пры жыцці так не глядзелі за сваімі мужыкамі, сварыліся з імі, а зараз патрабуюць ставіць ім помнікі, выдаваць пра іх успаміны, даваць назвы вуліцам, адкрываць музеі, мемарыяльныя дошкі…