Выбрать главу

Я ўжо казаў сябрам, што нам з Я. Брылём павязло: пасля нашай смерці ніхто ні іх, ні СП не будзе непакоіць, бо ў Мінску ўжо ёсць нашы вуліцы — Брылеўская і Танкавая.

12 VI. Сёння Любаша крыху лепш выглядае, хоць хвароба і не збіраецца адступаць. А над Мінскам прашумеў такі лівень, што многія вуліцы затапіла. Спыніліся трамваі, машыны. Званіла Людміла. Збіраецца наведаць Любашу. Трэба было параіцца з A. Т. Кузьміным, можа, удалося б выклікаць на кансультацыю славутага Касьяна, які, быццам, лечыць усе падобныя недамаганні. Бо ў такім стане, у якім яна зараз, няма як везці яе ў далёкую дарогу. Быў Максім. 3 нейкай небывалай для яго чуласцю гаварыў пра сваю маці.

Гаварыў з У. Караткевічам. Расказаў ён, у якіх цяжкіх умовах працуе Н. Кіслік. Невялічкая кватэра. Цесна. Можа, гарсавет пайшоў бы нам насустрач і пад гарантыйнае пісьмо СП згадзіўся дапамагчы ў гэтай справе — выдзеліць для паэта-ветэрана большую жылплошчу.

19.VI. Занёс Любашы крыху яблыкаў і бананаў, якія ўдалося раздабыць у сталовай Саўміна. Гаварыў з Кацярынай Дзянісаўнай, якая, на вялікі жаль, нічым мяне не парадавала. Вельмі дрэнна ў Любашы з пазванкамі. Пашкодзіла ёй яшчэ і тое, што яна двойчы ўпала і ў бальніцы. Зараз ёй ні горш ні лепш, і амаль ніякай надзеі на паляпшэнне.

Пазваніла Любаша, што са мною хоча пабачыцца прафесар I. П. Антонаў, які яе кансультаваў. Баюся, што ці ўдасца як вырвацца Любашы з кіпцюроў гэтай хваробы, якая прыкавала яе да ложка. Яна, відаць, і сама не ўяўляе ўсёй трагедыі, якая і яе і ўсіх нас спаткала.

Зварыў сабе абед, хоць на яду і глядзець не хочацца. Крыху прыбраў кухню і паспачуваў сваёй гаспадыні, якая штодзень была занята работай каля пліты і сямейнымі клопатамі. А дзень стаіць цёплы, сонечны. Хварэць у такі час — тое самае, што пакутаваць у турме, а мо і яшчэ горш.

26.VI. Вярнуўшыся з Масквы, пабег у лечкамісію. Уколамі занеслі Любашы інфекцыю. Паднялася тэмпература. Сёння будуць ускрываць гэтыя нарывы. Чорт ведае, што робіцца! Сёння пасля працэдуры з парафінам Любашы ўдалося заснуць. Прасіў рэктара універсітэта У. А. Белага ў сувязі з цяжкой хваробай маці даць Іры на тры месяцы водпуск за свой кошт, на што ён адразу даў сваю згоду.

Прачытаў досыць цікавую паэму Я. Янішчыц «Ягадны хутар» і трагедыю У. Караткевіча «Кастусь Каліноўскі». Парадавала і новая свежая падборка кубінскіх вершаў Р. Барадуліна. Пасля юбілейнага вечара, прысвечанага П. Броўку, з І. І. Антановічам абмяркоўвалі нашы арганізацыйныя справы ў СП. Каго ўзяць на месца I. Шамякіна? А мне, відаць, яшчэ дабавяць адну нагрузку — узначаліць Камітэт па Дзяржаўных прэміях БССР. Заўтра трэба ехаць на Віцебшчыну, на рэспубліканскі Дзень паэзіі.

27.VІ. Запісваю адрас лекара Касьяна: Палтаўская вобласць, гор. Кабалякі, вул. Кааператыўная, 9, тэл. 9-12-05. Запісваю, можа, прыйдзецца з Любашай ехаць да яго, бо стан яе вельмі цяжкі.

Упершыню мне ўдалося пабываць у купалаўскіх Ляўках і ў лынькоўскіх Крынках. Позна вярнуўся дамоў, поўны незабыўных уражанняў.

4.VII. Званіла Любаша. Як яна дабралася да тэлефона? Болі — казала — крыху сціхлі, толькі страшэнная слабасць. Без апоры не можа хадзіць.

Смяяліся ў ЦК, калі я на пытанне, колькі ў нас слабых, добрых і выдатных пісьменнікаў, адказаў, што ў нас слабых няма, а толькі добрыя і выдатныя.

9.VІІ. Быў у Любашы. Ніяк не могуць збіць тэмпературу. У палаце горача. Проста няма чым дыхаць. Прачытаў аб новай пагрозе чалавецтву — дэмаграфічнай бомбе. Кожны год колькасць насельніцтва на зямлі павялічваецца на 90 мільёнаў чалавек. Відаць, Мальтус быў бліжэй да ісціны, як яго апаненты — марксісты.

Перафразаванне старой пагаворкі: «Цяпер лягчэй знайсці іголку ў стозе сена, як дзяўчыну з іголкай».

10.VII. Застаў Любашу ў слязах. Болям канца не відаць. Ніхто не знае, як іх утаймоўваць.

Гаварылі з Бураўкіным. Ён згодзен прыйсці на работу ў СП, толькі да з’езда не хоча расставацца з сваім Камітэтам па тэлебачанні і радыёвяшчанні.

У «Новом мире» цікавы і глыбокі артыкул А. Адамовіча.

Ёсць пісьменнікі, якім у вернасці клянуцца, але ўсё менш і менш чытаюць. Хто ў гэтым вінават? Школа?

Памёр Чарльз Сноў. Калісьці Нараўчатаў, Гулія і я гасцілі ў яго доме, пазнаёміў ён нас тады са сваёй жонкай Памелай — аўтарам шматлікіх расказаў для моладзі.

13.VІІ. Вярнуўшыся з паездкі на Нарач, наведаў Любашу. Застаў у яе Алю. Пачаў імгліць дождж. Сустрэў у лечкамісіі I. Я. Палякова i A. Т. Кузьміна. Відаць, і яны прыходзілі наведаць сваіх. Які пануры дзень! Трэба заглянуць у свае чарнавікі, мо там зачаплюся за які незакончаны верш. «Калі Бог хоча каго пакараць, — гаварыў Гжымала-Сядлецкі, — ажыццяўляе яго мары».