Прызнацца, у нас яшчэ няма твораў на меру сучасных падзей. Таўчом у ступе старыя ісціны. Пытанне: «Быць ці не быць?» калісьці стаяла перад самотным героем, а зараз — перад усім чалавецтвам.
Сёння ў мяне столькі розных спраў, што нат не знаю, з якіх пачынаць. Мо паслухаць парады мудрых: калі няма часу, сядзь і пасядзі. Аднойчы я гэта праверыў: кінуў усё і ўзяўся нешта пісаць. I нічога надзвычайнага не здарылася. Як і заўсёды, на другі дзень у свой час узышло сонца, ажылі вуліцы горада, прыйшла пошта, ажыў тэлефон, на пліце закіпеў чайнік.
21.VІІ. Відаць, і ноччу ішоў дождж. На дварэ велізарныя лужыны. Званіла Любаша. У яе, як у Рэмарка, без змен. Нага, як балела, так і баліць.
Сёння нікога не застаў на тэлефоне. Усе збеглі на алімпіяду.
23.VІІ. Кудысьці ўцёк мой сон. Устаў. Думаў, у начной цішыні, калі ніхто не перашкаджае, папрацую. Успомніў Я. Івашкевіча, які гаварыў, што «найцяжэй» падумаць аб старасці, што і другія пастарэлі. I яго горкае і, адначасна, жартаўлівае прызнанне: «Наканец, дарваўшыся да самотнасці, застаўшыся сам з сабой, сеўшы на тэрасе, сказаў сабе: ну нарэшце сам з сабой. Але, падумаўшы, прыйшоў да пераканання, што сам сабе я не маю што сказаць».
Так і я сёння, не маючы што сказаць, узяўся за апавяданні Дзіна Буцаці, а тое, «што бачыў, раскажу — па смерці» (А. Міцкевіч).
24.VІІ. Верачка прынесла Любашы ад Сашынай бабкі нейкую мазь, якая крыху прыгасіла боль, і яна ўпершыню заснула без снатворных таблетак і ўколаў. Можа, праз пару тыдняў выпішацца з бальніцы.
8.VІІІ.
Уплывы? За іх мне ніколі не сорам.
Я горды, што стаў вучнем волатаў божых,
I што сярод рыфмаў сваіх некаторых
Я рэха знаходжу, што грае прыгожа.
(Ю. Тувім)
Пераклад гэты трэба будзе яшчэ дашліфаваць. Але няма калі, пакуль што хай будзе і так.
Кожны дзень ездзім з Любашай у Бараўляны на электрапрацэдуры. Рыхтуемся да паездкі ў Прыбалтыку. Можа, нам удасца знайсці нейкі ратунак ад праклятага хандрыта, ад якога ўжо чатыры месяцы пакутуе Любаша. Ізноў — дождж. Ён ужо зусім звар'яцеў. Зараз стараюся пісаць, бо на дрогкай дарозе жыцця лопаюць усе надзьмутыя пухіры метафар, выгараюць на сонцы іх стужкі, рассыпаюцца іх бомы-шарахаўкі.
Агітавалі выступіць па тэлебачанні. Адмовіўся. Хай выступаюць артысты. Мая справа — пісаць, а не круціцца перад экранам. Быў у мяне настаўнік з Габ У. Лешак, які прынёс мне другі нумар падпольнага часопіса «Пралом» з маім вершам (люты, 1932 г.). Як ён ацалеў?
25.VIII. Прыехалі ў рыжскі санаторый «Вулдуры». Добра, што сустрэў нас на сваёй машыне галоўурач Мікалай Іванавіч і мы без прыгод дабраліся да сваёй «Беларусі».
Адразу пачалося наша хаджэнне па муках — па ўрачах і працэдурах. Сустрэлі тут А. Абуховіч, Я. Міско, А. Канцавую, В. Івашына.
Пад вечар выйшаў пазнаёміцца з морам, з чайкамі, з векавымі соснамі. 3 Якубам прайшлі аж да Дзінтары. Трэба будзе наведаць дом-музей Я. Райніса.
26.VIII. Цэлы дзень Любаша адпачывала ў палаце № 515. Чытаю П. Неруду, пра якога Г. Лорка пісаў: «Паэт бліжэйшы смерці, як філасофіі, бліжэйшы болю, як разуменню, бліжэйшы крыві, як чарнілу».
I неба за акном, як наш настрой: цяжкое, сцюдзёнае, асенняе. Хоць ты кідайся на яго з бізуном, як Дарый на бушуючае мора.
Чытаю пра смешную для мяне праблему — выкарыстанне вольнага часу. У мяне ніколі яго не было.
29.VIII. У нашу адсутнасць заходзіў Я. Хелемскі. Шкада, што размінуліся. Быў у П. К. Касача, ад якога даведаўся, што ў іх санаторыі Чацвёртага ўпраўлення ЛССР ляжыць цяжка хворы Жан Грыва.
За акном палаты стаяць ссутуленыя ад цяжару хмар чорныя сосны. Вечар.
30.VII. 3 Я. Міско хадзіў у Дубулты. 3 кожным днём у мяне расце трывога за здароўе Любашы. Болі ў яе не сціхаюць. У палаце — змрочна, сцюдзёна. Быў на ўзмор’і. Усю дарогу ўспамінаў цудоўныя радкі A. С. Пушкіна: «Прощай, свободная стихия…». Калышуцца сосны, якія, здаецца, плывуць і не могуць выплыць з туману.
6.ІХ. Кожны раз, калі хаджу вуліцамі Булдуры, захапляюся, як тут беражліва адносяцца да прыроды. Усюды чыста, прыгожа. Калі ў нас так будзе на Нарачы?
А на свеце ўсё больш і больш неспакойна. у туюцца да вайны. Гаварыў я аб гэтым з Паўлікам, калі ён гасціў у нас. Мяне здзівіў і не пераканаў яго генеральскі аптымізм.
Пішу верш пра агарод, у якім знайшла мяне маці. Сёння доўга сядзелі ў лесе — Любаша, Якуб і я. Якуб вельмі цяжка хворы. Аб гэтым яму не гавораць. Колькасць лейкацытаў у дзесяць раз перавышае норму. Вечарэе. Далёка пабліскваюць агні караблёў ды бартавыя агні самалётаў, якія чагосьці кружаць над морам. Учора на дарозе ваенныя патрулі чамусьці правяралі машыны. Відаць, нейкае, як кажуць, ЧП. Зайшлі ў буфет пагрэцца кавай. За суседнім столікам нехта грэўся больш гарачым трункам. Прыйшла на памяць любімая пагаворка нашага, святой памяці, аднавяскоўца Захаркі, якога забілі фашысты: «Піце, жылы, покуль жывы!»