14.ІХ. Так і не змог сёння палюбавацца на штормам успененую Балтыку. Ездзіў з Любашай у Рыгу да славутага лекара 3. В. Каавандзе, хоць і кажуць, што ўсе старанні медыцыны канчаюцца яе паражэннямі.
Дамоў! Хутчэй дамоў!
16.IX. I так, заўтра ў дарогу. Баюся, каб у сувязі з днём майго нараджэння Мікалай Іванавіч не пачаў нешта арганізоўваць, бо і Любаша хворая, і я, імяніннік, занядужаў. Відаць, прастыў. Кашаль. Даўно не адчуваў сябе так дрэнна.
18.IX. Позна ноччу цягніком Рыга — Кіеў вярнуліся дамоў. На стале — гара пісем, тэлеграм. Прыслалі запрашэнне на 275-годдзе Д. Гурамішвілі, заўтра — вечар Цітовіча і трэба сустрэцца з нашым беластоцкім госцем — С. Яновічам, а 20-га — свята камсамола, а там — безліч розных нарад, пленумаў…
23.ІХ. Зноў у Маскве. Амаль цэлы дзень давялося правесці ў паліклініцы літфонда. Набіў кішэні лякарствамі. На сакратарыяце сустрэў Пімена, Янку, Андрэя…
Абедалі ў рэстаране «Масква». Дзве з паловай гадзіны змарнавалі, пакуль нас абслужылі. Не ведаю, ці ўдасца нам, так працуючы, пабудаваць камунізм. Нідзе на свеце не бачыў такога марнатраўства часу.
27.ІХ. Званілі з СП, каб прыйшоў на ўручэнне медаля A. А. Фадзеева. Павіншаваў Любашу з днём нараджэння. Вечарам зайшоў I. Шамякін, які толькі што вярнуўся з ГДР. Калі нішто не перашкодзіць, заўтра лячу ў Іспанію.
28.ІХ. Мадрыд. Яшчэ не ўяўляю, якія мяне тут чакаюць прыгоды. Быў у мяне муж Людмілы Пятроўны, потым прыйшлі нейкія кансультанты з выдавецтва. Знаёмства з Іспаніяй пачаў з Прада: Эль Грэка, Гойя, Веласкес… Пякельная гарачыня. Ледзь жывы дабраўся да гасцініцы «Ландрэс».
1.Х. Грэнада. Прыгадаў святлоўскую «Грэнаду» і баладу А. Міцкевіча. Купіў сваім унукам пісталеты і наборы каляровых алоўкаў. Доўга блукалі па лабірынтах цудоўнага Маўрытанскага замка.
Вечарам прыляцелі ў Барселону. Гатэль «Новель». Сустрэлі нас граф Хуан Рамон і Хосэ Агусцін. Хуан Рамон выказаў жаль, што «Иностранная литература» не надрукавала ўсёй падрыхтаванай ім падборкі іспанскіх паэтаў. Зараз усе, каго скарацілі, крыўдуюць на яго, бо думаюць, што ён у гэтым вінаваты.
З.Х. Нешта ноччу грымела пад акном гасцініцы. Гаспадар магазіна кветак пабіўся з жонкай і павыкідаў усе кветкі на вуліцу.
Каралеўская плошча, на якой двор сустракаў Калумба. Санта Марыя дэль Мар. Вітрыны XII века. Музей Пікасо. Чортаў кашаль і ніяк не праходзіць мая прастуда. Бульвар Ромблат. Помнік Калумбу. Караблі: «Горад Бургас», «Санта Марыя». Танец Сардзена на вуліцах Каталоніі, які быў калісьці забаронены. Нацыянальная бібліятэка. Зала Сервантэса. На рынку — горы рыжыкаў! Арэна. Вуліцы Эстрамадуры, Сарагосы, Барселоны. Караблі на рэйдзе, фантаны, пальмы.
5.Х. Сустрэча ў гасцініцы з Хуанам Рамонам — перакладчыкам «А хто там ідзе?». Дамы ж выгнутымі лініямі. Францысканскі манастыр XIV века. Дом графа Гуэлі з залацістымі вокнамі. Дом Хуана Рамона за горадам з відам на горы. Былі ў кіно на фіьме «Кабарэні». Рэстаран «Паўночны вецер». Сустрэча з паэтам і міністрам культуры Альбертам Маментам. Прыём у Саюзе каталонскіх пісьменнікаў і ў доме ўрада. Фантастычны Палац музыкі Дэмініканэ і Пантанэ. Канцэрт ізраільскіх артыстаў. Гайдн, Шастаковіч, Бах. Сустрэча з Луісам Гайтасосам, які 15 год працаваў над сваёй апошняй аповесцю. Рэкламныя шчыты. Дамы з цёмнымі вокнамі.
8.Х. Паўднём ляцім у Мадрыд. Праводзіць нас Анна Марыя, якая толькі што вярнулася з Балгарыі. У дарозе сустрэў нас лівень. Ледзь прабілі заслону хмар. У пасольстве даведаўся аб трагічнай смерці П. М. Машэрава. Цяжка ўявіць, якая гэта для Беларусі вялікая страта. Ён быў адным з сапраўдных народных герояў, да якога ўсе ў нас — і не толькі ў нас — адносіліся з любоўю і пашанай. Прарочымі сталі апошнія словы Петруся Броўкі, сказаныя A. Т. Кузьміну: «Пільнуйце і аберагайце Пятра Міронавіча». Быццам ён прадчуваў, што яму нешта пагражае. Цяжка ўявіць, які велізарны цяжар гора лег на нашы плечы…
Зноў спыніўся ў той жа гасцініцы «Ландрэс». Я у нумары 404, Л. П. Сінянская — y 401.
9.Х. Сустрэча з дырэктарам выдавецтва Кутэзам, з драматургам Антоніа Буэра Вальеха. Дома ў яго на сценах шмат напісаных ім карцін, партрэтаў сяброў, з якімі ён калісьці сядзеў у франкісцкай турме і быў асуджаны да пакарання смерцю. Вельмі цікавая была сустрэча ў Таварыстве Іспанія — СССР.