11.X. Нейкія непаладкі з пасадкай на самалёт. Пошукі багажу. На гадзіну перапынак у Люксембургу. У 17 г. праляцелі над Мінскам. Шкада, што без прызямлення ў нас. Ляцім аж да Масквы. Каб можна было, спусціўся б на парашуце і быў бы ўжо дома.
12.Х. Мінск пасля пахавання П. М. Машэрава застаў у жалобе.
17.Х. Сёння на пленуме СП Н. С. Гілевіча зацвердзілі першым сакратаром. Заўтра зноў еду ў Маскву. Званіла Софія Захараўна. Прасіла падабраць кнігі для школьнай бібліятэкі імя М. Ц. Лынькова.
25.Х. Вярнуўшыся з Масквы, наведаў сваіх пількаўшчан. Пахадзіў па знаёмых сцежках, якія шмат дзе пазарасталі непралазным лесам, кустамі. На полі стаіць непрыбраны лён. Няма каму прывесці яго да ладу, бо толькі некалькі баб засталося ў вёсцы, якія лічацца ў рабочым актыве калгаса.
26.Х. Прагноз пагоды: заўтра — 10° марозу. Колькі загіне гародніны, бульбы, буракоў! Аж сэрца баліць, калі падумаеш аб хранічных непаладках у нашай гаспадарцы.
28.Х. Выпаў першы снег. Напісаў для «Лит. газеты» пару слоў пра Е. Путраманта, якому гэтымі днямі спаўняецца 70 год. I ўзяўся за катаржную работу — пісанне віншавальных паштовак, тэлеграм.
2.ХІ. Званіла Н. Шчасная, каб я даў сваю ацэнку напісанаму ёю партрэту, бо выставачная камісія яго забракавала. Я адмовіўся ўмешвацца ў гэту гісторыю і аспрэчваць рашэнне камісіі. Цяпер будзе на мяне злаваць. Але інакш я паступіць не мог. В. А. Грамыка абяцаў супакоіць яе.
Гасцілі ў нас дома В. Жыдліцкі, Н. Гілевіч, Я. Семяжон, А. Вярцінскі.
6.XI. Рыхтуюся да выступлення на блокаўскім вечары, якое дамоклавым мячом вісіць над маёй галавой. Няма ратунку ад бясконцых юбілейных выступленняў, прамоў. Стаў падобны да чэхаўскага вясельнага генерала.
9.ХІ. 3 Ленінграда вярнуліся нашы вандроўнікі. Усе, нат дзеці, у захапленні ад свайго падарожжа. Вечарам былі Пётр Маркавіч і Аля. Прывезлі са свайго саду кошык яблык. Расказвалі, колькі нявыкапанай бульбы засталося на полі. Аж глядзець не хацелася на парадную святочную тэлеперадачу. Заўтра пленум ЦК КПБ. Потым — сесія ВС БССР. Далей — юбілей А. Макаёнка, пленум па драматургіі, блокаўскія вечары ў Маскве і ў Мінску, з’езд пісьменнікаў РСФСР… Можна звар’яцець. Добра, што хоць прыйшоў у СП Н. Гілевіч, які актыўна ўключыўся ў нашы справы. Праўда, I. Шамякін больш быў спрактыкаваны, як усе мы разам узятыя.
14.XI. Зноў Любаша чуецца горш. Раіць Н. В. Каменская звярнуцца да дактароў Маскоўскай акадэмічнай паліклінікі. Запрашае У. Караткевіч на свой літаратурны вечар, які адбудзецца 28-га гэтага месяца. Шкада, што я ў гэты час буду ў Маскве.
15.XI. Сніліся нейкія вогненныя птушкі, навальніцы з перунамі, якія білі ў наш нарачанскі громаадвод.
Званіў Я. Скрыгану. Павіншаваў яго з 75-годдзем. Па тэлефоне В. Я. Крукаў: «Яўген Іванавіч, з вамі будзе гаварыць Пётр Міронавіч…» Потым паправіўся. Гаварыў я з Ціханам Якаўлевічам, папрасіў яго, каб ён перад з’ездам прыняў нас, сакратароў, бо мы хацелі б параіцца ў некаторых сваіх пісьменніцкіХ справах.
21.XI. Быў на сустрэчы з вучнямі 21-й сярэдняй школы. Праслухаў досыць нудную лекцыю ў ЦК. Запрашае да сябе I. Навуменка. Што там у яго за нагода? Купіў на рынку кветак, грыбоў за 65 рублёў і для Сярожкі — арэхаў.
22.ХІ. Учора позна з Любашай вярнуліся з гасцей.
Іван Якаўлевіч падарыў мне «Біблію». Трэба яшчэ недзе дастаць «Каран» і «Талмуд», каб грунтоўна папоўніць свае веды ў галіне старажытнай міфалогіі. Чытаю новыя вершы Ч. Мілаша.
Званіла К. Шавялёва. Шукае, хто б напісаў рэцэнзію на яе ўспаміны пра П. М. Машэрава. Калі яна паспела іх напісаць і выдаць? Пахвалілася, што яна сакратар СП РСФСР. Праўда, «Пан Тадэвуш», закончаны А. Міцкевічам у студзені 1834 г., выйшаў з друку ў чэрвені гэтага ж года. Можам толькі пазайздросціць, як раней хутка выдаваліся кнігі. Ды і мае першыя зборнікі друкары І. Баеўскага ці М. Багаткевіча i В. Труцькі выдавалі за нейкіх пару тыдняў.
І.ХІІ. Гаварыў па тэлефоне з Ц. Я. Кісялёвым. Ён удакладніў, калі юбілей I. Шамякіна. Казаў, што падпісаў дакументы аб яго ўзнагароджанні. Абяцаў пасля Новага года сустрэцца з кіраўніцтвам нашага СП.
5.ХІІ. Перад ад’ездам у Маскву паспеў пабываць на выстаўцы работ нашых мастакоў. Агульнае ўражанне досыць добрае. Прыкоўваюць да сябе ўвагу гледачоў палотны Сумарава, Анікейчыка, Кішчанкі, Лазоўскага, Рамановіча, Азгура, Ціхановіча, Верам’ева («Рабіна»), Багутэвіча («Трывожныя дні нашых бацькоў»), Марачкіна («Партрэт Т. Бондар»). Нешта не пакінула ўражання карціна Савіцкага «Хлеб» і скульптура Анікейчыка (партрэты М. Лынькова, Я. Купалы, які быццам спіць). Цудоўныя габелены Сухаверхава «Лён» і Бондар «Летні дождж». Варты ўвагі работы Дуброва «Партрэт бацькі», «Жанчына з Палесся», Смалякова «Кірыла Тураўскі», Шаранговіча, Купавы, Аўрамчыка і графіка Басалыгі.