Не ведаю, чаму не хацелі выстаўляць партрэты Шчаснай. Партрэты арыгінальныя, цікавыя ў колеры.
13.ХІІ. Адліга. Ледзь дабраўся да сваёй Пількаўшчыны. Пачаставалі там нас свежанінай. Яшчэ і на дарогу далі.
Усё было б добра, каб не было так трывожна на свеце. А мы ўсё пішам лірычныя, элегічныя, сентыментальныя вершы — сялянкі, дохлыя рамансы, бадзёрыя і пустазвонныя агіткі, калі да канца свету, можа, сталіся лічаныя гады, месяцы, дні…
Раней лягчэй было быць аптымістам. Тады катастрафісты былі з’явай прадчаснай, моднай з чарговых літаратурных плыняў т. зв. авангарда.
Прачытаў паэму В. Зуёнка «Маўчанне травы». Рэч арыгінальная, напісаная харошым вершам і сакавітай мовай.
20.ХІІ. Выйшаў цікавы нумар «Літаратуры і мастацтва», прысвечаны юбілею М. Гусоўскага. Да ўсіх клапот прывязалася яшчэ і ангіна. Два дні тэмпература трымалася на вышыні 38°.
Мы часта гаворым і пішам аб развіцці мастацтва, літаратуры, хоць пераканаўчых доказаў гэтаму я не бачу.
3 сучаснай «малітвы»: «Маці Боская, ты зачала без грэху, а мне дай грашыць без зачацця».
Мяне менш дзівіць тое, што савецкія пісьменнікі не проціставіліся культу Сталіна. Зразумела, што ў гэтым не апошнюю ролю адыграў і страх, які «першы стварыў Бога» (Стацыус). Але чаго маглі баяцца Ман, Нексэ, Ралан, Шоў, Цвэйг, Хемінгуэй, Бранеўскі, які пасля арышту і ссылкі прысвяціў Сталіну сваю паэму, і многія, многія іншыя?
26.ХІІ. Гутарыў з I. Шамякіным. Зноў — казаў на партсходзе Ніл Сямёнавіч намякаў на розныя закулісныя махінацыі ў СП пры размеркаванні кватэр. Ну і дзівак! Лічыць, што толькі ён — самы, самы» самы…
27.ХІІ. У невясёлым настроі сустракаем Новы год. Дрэнна сябе адчувае Любаша. Не памагаюць ніякія ўколы, масажы, таблеткі. Часта застаю яе ў слязах, хоць яна ў нас — найбольш мужная, цярплівая. Прывезлі нам з Каралішчавіч дзве ёлачкі. Адну — аддалі Дзяніску, другую — Сярожку. Быў на пахаванні нашага шматпакутніка, паэта з Божай ласкі і надзвычай сардэчнага чалавека, якім быў Сяргей Дзяргай.
I я нічога не мог выдумаць лепшага, як расхварэцца пад Новы год. Іра для сваёй сяброўкі просіць дастаць білет у Ерэван.
Чорная паласа дыму над комінам электрастанцыі жалобнай стужкай перакрэсліла шэрае неба, яшчэ больш узмацняючы мой сумны настрой.
А тут — званкі, званкі… Зрываюся, слухаю розную белібярду.
30.ХІІ. На дварэ — плюсавая тэмпература. Можа, зіма рыхтуецца, каб вясной паказаць сябе. I раней — я помню — былі ў нас такія зімы, што з незамерзлых балот не маглі вывезці стагі сена. Аднойчы на Новы год у нас на Плесах, у Нявераўскім і на бабінай вярбе на дрывотні прадчасна нават папрачыналіся коцікі.
Чамусьці ўспомніў цудоўны плакат Т. Трэнкоўскага, напісаны ў 1955 г. з нагоды шапэнаўскага конкурсу: зямля клавішы раяля, перакрэсленыя чарадой плакучых мазавецкіх вербаў. В. Кажэўнікаў прыслаў пісьмо: «Знамя» прэміравала мяне за апошнюю падборку вершаў. Дзень завяршаю чытаннем такіх гарэзлівых польскіх фрашак, як:
I буду скакаць я молада, задорна,
Хоць звісае срака, як у млыне жорны.
31.ХІІ. Апошні дзень старога года. Павіншаваў Ніла Сямёнавіча з прысуджэннем яму Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы. Потым прыехалі з лечкамісіі Валянціна Антонаўна і медсястра з банкамі. Прыехаў У Мінск А. Баршчэўскі. Трэба будзе мне з ім сустрэцца, хоць дактары загадалі ляжаць і не рыпацца.
I так, канчаецца яшчэ адзін засушлівы год нашай паэзіі. Справа не ў тым, што не было добрых вершаў, напісаных па-майстэрску. Мала было вершаў, якім суджана сустрэць не толькі гэты год, але і наступныя.
1981
2.І. Учора на абед сабраўся ўвесь наш «калгас. Распілі пару бутэлек віна і бутэльку віскі, якую падарыў, вярнуўшыся з Амерыкі, Барыс Сачанка. Бутэлька надзвычай прыгожая і больш спадабалася маім гасцям, як віскі.
Прысніўся мне сёння П. Сергіевіч. Быццам мы сустрэліся з ім на нейкай выстаўцы ля знаёмых палоцен Рушчыца, Пранашкі, Слядзінскага, Раўбы... I раптам пачалі ападаць сцены ратушы, і мы патанулі ў дыме, у пыле руін. Хаця б з ім чаго не здарылася.
3.І. Ніяк не магу расстацца са сваёй прастудай. Начытаўся турпістаў. Не ў захапленні я ад культу брыдоты, як і ад культу прыгажосці. У жыцці ўсё гэта існуе побач, як жыццё і смерць.
I так, мы ўступілі ў новы год. Відаць, і ён будзе не з лёгкіх, бо шмат пакінуў у спадчыну нявырашаных праблем і канфліктаў.