Выбрать главу

Муж магазыншчыцы, дзядзька Хвядос, на шчасьце, быў дома. Дзьверы хаты стаялі прачыненыя, у хаце працаваў тэлевізар і чуўся вясёлы дзядзькаў рогат: паказвалі, відаць, нейкую камэдыю. Іван пастаяў на парозе, крадком увайшоў у прысенак, пастукаў косткамі пальцаў па дзьвярным вушаку. У хаце нешта грукнула, тэлевізар суціх, і наструненую цішу працяў незадаволены воклік:

— Гарашчэня! Па—добраму кажу: ідзі дахаты. А то ж у мяне рука цяжкая. Піхну — і развалісься, — дзядзька Хвядос мацюкнуўся на астачу і тэлевізар зноў ажыў, скалануўшы хату шалёнымі воплескамі.

Гаспадар хаця і рагатаў, але быў не ў гуморы. «Абрыдзеў, відаць, Гарашчэня, вось і ўсхадзіўся», — Іван уздыхнуў, пачухаў азадак і зьбіраўся ўжо сысьці з прысенку, як раптам дзьверы разнасьцежыліся і перад вачыма паўстала магутная постаць дзядзькі Хвядоса.

— Хто тут? Ты, Ванька? — гаспадар выйшаў у прысенак, зачыніў уваходныя дзьверы на ключ, лёгкім штуршком запрасіў Івана заходзіць.

— Алькаш гэты не дае жыцьця. Стаў яму пахмяліцца, і ўсё тут... — дзядзька Хвядос запіхнуў у штаны трыкатажную майку, і вытатуіраваная русалка на ягонай руцэ махнула Івану шырокім хвастом. — Ну, калі прыехаў?

— Учора, — госьць шморгнуў носам, хацеў уздыхнуць, тлумачачы тым самым прычыну прыходу, але гаспадар зразумеў усё і без уздыхаў.

— Што, бутэлька трэба?

— Трэба! — з клёкатам у горле адказаў Іван і, стаіўшы дых, пачуў, як пад нагамі дзядзькі Хвядоса зарыпелі масьніцы.

Дзядзька сышоў у прысенак, доўга бразгаў там нейкім жалезьзем, суцішна мацюкаўся і неўзабаве ўвайшоў у сьвятліцу з пляшкай «вэрмуту» ў левай руцэ і касмылём павуціньня па правым вуху.

— На вось, бяры. Глядзі толькі, каб Гарашчэня ня ўбачыў, — згадаўшы Гарашчэню, гаспадар хаты мацюкнуўся, скоса зірнуў у вакно. — Са сьвету зжывае. Дай пахмяліцца, і ўсё...

— Ня ўбачыць! — ужо ад парога азваўся Іван, вылецеў на двор, і, азірнуўшыся на хату Баркоўскіх, рынуўся гародамі, прыстасоўваючы бег да мернага булькаценьня віна ў бутэльцы.

Таго вечару Лябёдка круціў фільм з інтрыгуючай назваю «Памылка Анарэ дэ Бальзака». Ратуючы касавы плян, кінамэханік пусьціў чутку, што ў фільме пакажуць голую бабу, і народу ў клюб набілася як завязаць. Асабліва шмат прыйшло дзятвы. Тыя падшыванцы, што мелі грошы, сядзелі ў залі, астатнія таўкліся на ганку, просячы Мандрычыху пусьціць іх безь білетаў.

— Сёньня не магу. Даўгалёў з праверкай едзе, — казала Мандрычыха, і бычкоўская дзятва, пачуўшы прозьвішча дырэктара раённай кінасеткі, асуджана апускала галовы.

Стоячы разам з падшыванцамі на ганку, Іван прыкметна хваляваўся. Лёшка Мандрык хаця і быў на падпітку, але на нагах трымаўся цьвёрда, і гэта не магло не хваляваць. «Ці хопіць бутэлькі?» — думаў Іван, прыслухоўваючыся да бязладнай Лёшкавай гамонкі. Абкружаны малалеткамі, Лёшка распавядаў ім пра бойкі ў азярышчанскім рэстаране. Доўгія чвэрць гадзіны Іван уважліва слухаў гэтыя аповеды, з насьцярогаю пасьміхаўся, а калі Лёшка, паказваючы, як ён вырубіў нагой азярышчанскага фраера, не ўтрымаўся на нагах і ляснуўся вобзем, з упэўненасьцю ў голасе прашаптаў:

— Хопіць!

На пачатку фільма стужка рвалася ледзь ня кожную хвіліну. Пад час замінак ў залі ўключалі сьвятло, і Іван уціскваў голаў у адтуліну, спрабуючы ўгледзець Машу. Маша сядзела ля сьценкі, і праз амбразуру можна было ўбачыць ёйную руку ды абцягнутыя вэльвэтавымі штанамі калені. Гэтыя калені не давалі Івану спакою. Ён круціў галавой у цеснай нішы, пускаў сьліну на падбародзьдзе, а калі Лябёдка зь Пецькам запускалі праектар, стагнаў і пакутліва моршчыўся.

— Лябёдка, адпусьці тормаз! — крыкнулі з залі пад час чарговага парыву.

Лябёдка прыпаў да амбразуры, спрабуючы разгледзець, хто гэта там такі разумны, і ў гэты момант у лоб яму заехалі яблычным агрызкам. Другі агрызак праляцеў ля Іванавага вуха, і кінамэханік, перакрываючы гамэрню, гойкнуў у адтуліну:

— Чаго ўсхадзіліся?! Фільм трэцяй катэгорыі!

Гледачы былі абражаныя: замест францускага фільму пра мушкетэраў ім круцілі нейкую лухту. У залі сьвісталі, тупалі нагамі, а той—сёй з гледачоў, уголас шкадуючы змарнаваных грошай, сунуўся да выхаду.

«Час!» — мільганула ў Іванавай галаве, і ён, адарваўшыся ад адтуліны, крадком сышоў з кінабудкі. У цемры глядзельнай залі ён міжволі зірнуў у той бок, дзе сядзела Маша, потым — на таўстуна, якога паказвалі на экране, і, набраўшы ў грудзіну паветра, прашаптаў: