Выбрать главу

КАСЦЮШКАЎ ГЕРБ

Як і іншыя беларускія шляхецкія сем’і Касцюшкі-Сяхновіцкія шырока карысталіся ўласным гербам — спадчынным знакам, дзякуючы якому яны адрозніваліся ад іншых родаў.

Касцюшкаў герб быў названы “РОХ-ІІІ” (Roch Tercio), каб адрознівацца ад іншых, больш старажытных і значна пашыраных (галоўным чынам на тэрыторыі Польшчы) гербаў “Рох-І” і “Рох-ІІ” (іншыя іх назвы — “Калюмна” (“Калумна”) і “Пяршхала”) [79].

У першай палове ХІХ стагоддзя памылкова лічылася, што свой герб Касцюшкі набылі на знакамітым Гарадзельскім сойме 1413 года, дзе ўпершыню польская шляхта далучыла да свайго асяродку і надала ўласныя прыватныя гербы асобным прадстаўнікам беларуска-ліцьвінскай шляхты [80]. Аднак сярод тых, хто падпісваў пагадненне ў замку Гарадле на Заходнім Бугу 2 кастрычніка 1413 года продкі Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не выяўленыя [81].

Герб Касцюшкаў-Сяхновіцкіх упершыню згадваў Ш. Акольскі, які лічыў, што “Рох-ІІІ” быў нададзены ўжо заснавальніку рода каралём і вялікім князем Казімірам Ягайлавічам разам з перадачай яму ў спадчыну Сяхновічаў. Сучасны біёграф Тадэвуша Касцюшкі Б. Шындлер лічыць гэтую інфармацыю памылковаю і выказваецца за ХVІІ стагоддзе як верагодны час з’яўлення Касцюшкавага герба, аднак тады ўзнікае пытанне, на якое не ў стане адказаць даследчык: які рaдавы знак насілі сяхновіцкія ўладары да таго часу, пакуль не прыдбалі “Рох”? [82].

Акрамя Касцюшкаў, “Рох-ІІІ” ужывалі Гуркі, Каршы і Расудоўскія, аднак, Каспар Нясецкі меркаваў, што ўпершыню гэты герб быў створаны каля сярэдзіны ХV стагоддзя менавіта для сяхновіцкіх уладароў [83].

Заўважым таксама, што да “Роха-ІІІ” былі далучаныя ўсяго толькі чатыры шляхецкія сям’і. Усе яны паходзілі з Берасцейскага ваяводства, а гэта можа сведчыць на карысць іх даволі блізкага сваяцтва. З ліста 1545 года нам ужо вядомае імя аднаго з братоў Касцюшкі Фёдаравіча — Гурка (№ 3). Магчыма, іншыя Фёдаравічы былі заснавальнікамі радоў Каршаў і Расудоўскіх [84].

Традыцыйна касцюшкаўскі герб уяўляе сабою наступную геральдычную кампазіцыю:

“У чырвоным полі шчыта знаходзяцца тры сярэбраныя насечкі (пласціны); кожная наступная насечка даўжэйшая за папярэднюю; на апошняй — самай большай — змешчаная стылізаваная лілея са срэбра (такая самая лілея месціцца і на шаломе, над дваранскаю залатой каронай, але ўжо без насечак); шалом упрыгожваюць таксама тры страусавыя пёры” [85].

Герб Касцюшкаў неаднойчы публікаваўся [86], прычым не заўсёды прыведзенае вышэй апісанне цалкам супадала. Напрыклад, насечкі часам маляваліся іншых памераў: на самым версе знаходзілася самая меншая з іх, як гэта было на выяве Касцюшкавага герба, змешчанага ў актах, што прадастаўляліся ў ХІХ стагоддзі пры пацверджанні дваранства Касцюшкаў [87].

Выява герба “Рох-ІІІ” і сёння яшчэ ўпрыгожвае з тарца саркафаг генерала Т. Касцюшкі, які захоўваецца ў каралеўскай пахавальні на Вавелі ў Кракаве (труна выкананая таленавітым разьбяром Паола Філіпі паводле малюнка італьянскага ды польскага архітэктара Франчэска Ланчы). Родавы герб таксама шырока выкарыстоўваўся ў 1818 годзе падчас перазахавання астанкаў героя [88]. А ў музеі князёў Чартарыйскіх у Кракаве аздабляюць калекцыю 17 бронзавых шчытоў з гербам Т. Касцюшкі [89]. Ёсць выявы гэтага шляхецкага знака таксама ў Сяхновіцкім мемарыяльным пакоі.

Дакладна вядома, што, апроч сямейнага герба, асобныя прадстаўнікі роду Касцюшкаў-Сяхновіцкіх ужывалі уласную пячатку (сыгнет). Яна ўяўляла сабою пярсцёнак, які звычайна гаспадар трымаў пры сабе (насіў на мезеным пальцы левай рукі). З дапамогаю сыгнета Касцюшкі надавалі падпісаным імі дакументам юрыдычную сілу.

Пячаткі, у адрозненне ад герба, знішчаліся на магіле пасля смерці ўладальніка [90], таму ніводзін сыгнет Касцюшкаў-Сяхновіцкіх не дайшоў да нашых часоў, хоць у дакументах пра іх ужыванне існуюць бясспрэчныя згадкі (як, напрыклад, у прыведзеным вышэй лісце Жданы Фёдараўны) [91].

ПРА КНЯЗЁЎНУ ГАЛЬШАНСКУЮ

Біёграфамі Касцюшкаў часам уздымаецца і яшчэ адно дыскусійнае пытанне, якое тычыцца асобы жонкі Касцюшкі Фёдаравіча.

Паводле традыцыі, пачатак якой ізноў жа быў пакладзены Тадэвушам Корзанам, пачынальнік роду ўзяў выгодны шлюб з князёўнай Ганнай Гальшанскай і такім чынам парадніўся з найстаражытнейшаю сям’ёю гістарычнай Літвы [92].

На працягу ХV — ХVІ стагоддзяў з князямі Гальшанскімі герба “Гіпацэнтаўр”, якія стаялі ля самых вытокаў Вялікага княства Літоўскага, радніліся слынныя дзяржаўныя дзеячы, у тым ліку — кароль польскі Уладзіслаў ІІ (Ягайла), вялікі князь літоўскі Вітаўт Кейстутавіч, князі Сямён Кобрынскі і Баляслаў Мазавецкі, гаспадар малдаўскі Іліе І [93].