Выбрать главу

944 - удзел палачанаў у рабаўнічым паходзе на Канстанцінопаль разам з войскам кіеўскага князя Ігара.

960 - прыход у Полацак варажскага (з паморскіх славянаў) князя Рагвалода, заснавальніка гістарычна вядомай полацкай дынастыі князёў, першага вядомага па імені князя беларускай старажытнасці.

Часы Полацкага княства

980 - чэрвень, напад ноўгарадскага войска на чале з князям Уладзімірам Святаславічам сумесна з нанятымі посілкамі з варагаў, чудзі і меры на Полацак. Забойства полацкага князя Рагвалода і ягоных сыноў. Гвалт Уладзіміра над князёўнай Рагнедай. Разбурэнне заваёўнікамі першага Полацкага дзядзінца. Гэтая крывавая падзея адкрывае засведчаную летапісамі беларускую гісторыю.

983 - заваёўчы паход кіеўскага войска князя Ўладзіміра на землі яцвягаў (займалі поўдзень-захад Берасцейскай і Гарадзенскай зямель) дзеля іх падпарадкавання кіеўскай уладзе.

984 - заваёўчы паход кіеўскага войска на радзімічаў дзеля падпарадкавання Кіеву зямель, багатых на балотную жалезную руду. Няўдалая для радзімічаў бітва з кіеўлянамі на рацэ Пяшчане.

987 - няўдалы замах Рагнеды на жыццё мужа, князя Ўладзіміра. Высылка Рагнеды са старэйшым сынам Ізяславам у горад на памежжы дрыгавіцкіх і крывіцкіх зямель (сённяшняе Заслаўе).

989 - захоп кіеўскім князем Уладзімірам горада Турава пасля аблогі. Жорсткая бітва з кіеўлянамі пакінула след ў мясцовай легендзе пра крывавыя камяні, што прынесла ў Тураў рака. Прымусовае хрышчэнне жыхароў Турава.

989 - прымусовае хрышчэнне насельніцтва Заслаўя. Змушэнне з волі князя Ўладзіміра да манаскага пастрыгу княгіні Рагнеды, якая пад імем Анастассі стала першай беларускай манашкай.

XI стагоддзе

1013 - спроба князя Святаполка Тураўскага вывесці Тураў з-пад улады Кіева, за што кіеўскі князь Уладзімір пасадзіў Святаполка разам з жонкай, дачкой польскага караля Баляслава, і яе духоўнікам біскупам Рэйнбергам, у цямніцу. Былі вызваленыя пад пагрозай вайны Кіеву з боку караля Баляслава, цесця Святаполка.

1015 - пачатак міжусобнай вайны тураўскага князя Святаполка са зводным братам, ноўгарадскім князем Яраславам Мудрым (вайна цягнулася па 1018 год).

1016 - Любецкая бітва паміж палкамі Святаполка Тураўскага і Яраслава Ноўгарадскага.

1018 - бітва палка Святаслава Тураўскага сумесна з посілкамі цесця, польскага караля Баляслава Храбрага, супраць войска ноўгарадцаў князя Яраслава Мудрага. Параза Святаполка.

1020 - захоп Берасця войскам польскага караля Баляслава.

1021 - паход полацкага князя Брачыслава Ізяславіча на Ноўгарад. Бітва са сваім родным дзядзькам, кіеўскім князем Яраславам, на рацэ Судаміры.

1022 - паход войска князя Яраслава Мудрага на Берасце для адбіцця горада ў палякаў.

1038 - рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава на поўдзень Берасцейшчыны на яцвяжскія паселішчы.

1040 - рабаўнічы паход кіеўскага палка князя Яраслава Мудрага на паселішчы панёманскай літвы (Гарадзеншчына).

1044 - паўторны рабаўнічы паход кіеўскага князя Яраслава на панёманскую літву (гістарычная літва займала ўсходнюю частку сённяшняй Гарадзенскай вобласці). Заснаванне Наваградка на месцы спаленага заваёўнікамі паселішча Жоўны.

1055 - удзел полацкага палка ў рабаўнічым паходзе кіеўскага і чарнігаўскага князёў на сцепавыя паселішчы торкаў.

1065 - заваёўны паход полацкага князя Ўсяслава Чарадзея на Пскоў. Бітва з ноўгарадцамі на рацэ Чарэсе.

1066 - заваёўны паход полацкага князя Ўсяслава Чарадзея на Вялікі Ноўгарад. Захоп і разбурэнне горада, легендарны вываз званоў з ноўгарадскай Сафійскай царквы ў Полацак.

1067 - люты, напад братоў Яраславічаў (кіеўскі князь Ізяслаў, пераяслаўскі князь Святаслаў і чарнігаўскі князь Усевалад) на Менск. Захоп і спусташэнне Менска і менскага замка, вынішчэнне мужчын, вывад у палон жанчын і дзяцей.

1067 - 3 сакавіка, знакамітая, апаэтызаваная ў «Слове пра паход Ігаравы», крывавая сеча паміж полацкім войскам Усяслава Чарадзея і злучанымі войскамі братоў Яраславічаў на рацэ Нямізе (цэнтр цяперашняга Менска).

1067 - 10 ліпеня, здрадніцкі захоп братамі Яраславічамі князя Ўсяслава Чарадзея каля Воршы пад час перамоваў. Браты парушылі сваю крыжацалавальную клятву пра бяспеку для Ўсяслава пры сустрэчы. Полацкі князь і два яго старэйшыя сыны апынуліся ў земляной турме кіеўскага замка. Прабылі ў зняволенні 10 месяцаў.