Выбрать главу

— Барлісы толькі што высадзіліся на верхнім ярусе, — крыкнуў ён, задыхаючыся. — Іх занадта шмат, адданыя нам войскі ўжо прынялі першы ўдар, але дыстрактары зьнесеныя…

— Уладар, загадай ахове палацу заняць пазыцыі на сьценах цытадэлі,— спакойна сказала Тэрэса. — Я на фляйстары паспрабую адшукаць Гіпэрхрыбэт Барлісаў. І прыбяры ногі, дай я пад фатэлем памыю.

Форан з захапленьнем паглядзеў на Антонаўну. Хаця іхныя рукі ўжо разлучыліся, думкі яе ўсё яшчэ ўзбуджалі ягоную сьвядомасьць. Іх няспынная плынь не давала яму часу для ваганьняў ды сумненняў.— Кінакс, ахову палацу на муры ў два шэрагі. Уключыце сілавыя бар'еры. Цэліцца ў хвасты.

Антонаўна, схаваўшы лазэрны меч у ножны, рашучым крокам выйшла з залі. Глава сёмая. Хаця Форанава войска стрымала клятву, увечары Барлісам удалося прарвацца ў самае сэрца сталіцы. Пад кантролем Форана заставаўся толькі вялізны палац, які займаў чвэрць гораду, і Эбандавае прадмесьце. Калі на горад апусьцілася ноч, па палацы прайшла чутка — зьнік Парамозг Ленк. Што ж, калі…»

Дзьверы пазяхнулі, вярнулася Жана, села за свой стол, схавала пад ім тоўстыя ногі, пакруціла ў руках маркер. Па цёмным вакне прабягалі каламутныя пісягі, як блікі на вадзе, мігцелі замерлыя па нечай прыхамаці выпадковыя сьвячэньні. Узбуджаная мокрым сьнегам гарадзкая гразь памнажалася, чапляючыся за падэшвы, узьбіралася на прыступкі, таяла. Позьняя восень даводзіла, што і ў белага колеру маюцца свае разнавіднасьці. Вуліца і прыёмны пакой, здавалася, памяняліся мейсцамі; калі паглядзець у вакно, узьнікала гэткае адчуванне, што фіранкі гайдаюцца з таго боку, сярод машынаў і трамваяў. З кабінэту доктара Жаўткова не даносілася ані прыглушаных галасоў, ані звону інструмэнтаў, як магло б прымроіцца рэжысэру Сашы, і ня чулася ані крыкаў болю ці чвяканьня напаўзжаваных кляпаў, як магло ўявіцца пісьменніцы Жане. Хутчэй — музыка. Жана, прымружыўшыся, глядзела на сябе ў люстэрка, і, мусіць, надта доўга ўжо глядзела, бо задумалася пра нешта, погляд зьнік, у пустуючых вачох пачалі адлюстроўвацца, атабарвацца стол і — па дузе — журнал наведванняў, каляндар, асадка, тэлефон, дзьверы, кут, столь, падобная на жаночыя грудзі лямпа, якая хутка растварылася ва ўласным зьзяньні, зноў кут, пальма, коратка стрыжаная галава…

— Саш, — сказала Жана задуменна. — Вось скажы… толькі бяз гэтых тваіх жарцікаў дурацкіх… ну вось зноў… «Доктар Жаўткоў» слухае, — сказала яна, зьняўшы слухаўку тэлефона, які нечакана яе перабіў.— Добры дзень. Так. Не. Толькі па панядзелках. Можна. Так, ведама ж, прыходзьце. Дзесяць за кансультацыю. Да трохсот. Кружын? Крутыя? Крутыя. На шаснаццаць. Усяго добрага.

— «калі ён напраўду здраднік…» —

— Скажы, у цябе вось так бывае: скажаш нешта, і тут жа… Ну вось, напрыклад, ідзе тэлевізар, а ты ў гэты час адгадваеш крыжаванку. І ты, напрыклад, адгадаў слова «більярд». І ў гэты ж момант па тэлеку перадача, навіны спорту, і там у гэты самы момант распавядаюць пра більярд… Ці, дапусьцім, ты едзеш у мэтро, думаеш пра тое, чым будзеш займацца ў нядзелю, а побач стаіць баба якая-небудзь незнаёмая й кажа сваёй сяброўцы: ты ў нядзелю якія маеш пляны?

«…заставалася спадзявацца на дапамогу даруканаў. Уначы ў палац прыбыў атрад зарангітаў, і калідор тут жа напоўніўся грукатам іх рагоў…»

— Зразумела, — пачасаўшы галаву, сказаў Саша. — Бывае. Я вось сёньня зранку на кухню заходжу і кажу: мам, чаго б пажраць, а маці ў гэты самы момант радыё ўключае, і там мне адказваюць — макароны звары, а мне ўжо бегчы трэба. Яшчэ памятаю, ня так даўно, у аўторак, ці што, вершык чамусьці ўзгадаў — бывае, так? — ну, памятаеш, «краю мой родны, як выкляты богам,» на ўсё жыцьцё запомніў, блін! а ў пакоі суседнім братан мой малодшы пачынае хатняе заданьне вучыць, і бубніць: «Колькі ты зносіш нядолі.» Не, бываюць такія супадзеньні. А яшчэ вось…

— У мяне проста сёньня такое было, — прамовіла Жана, ня слухаючы. — Супадзеньне яшчэ тое. Я ў тралейбусе ехала, людзей, дзякаваць богу, няшмат. Стаю ля самай кабіны кіроўцы, у сумачцы капаюся, і пальчатка мая раптам з рук выслізгвае, ну, і падае. І ведаеш, краем вока заўважаю… Заўважаю вось што: у другім канцы тралейбуса хлопец адзін таксама за пальчаткай сваёй цягнецца. Яна таксама ўпала, адначасова з маёй, разумееш? Сэкунда ў сэкунду.