Выбрать главу

Пакуль Камар піў гарбату, гаспадар двойчы перагледзеў усе матэрыялы газеты, але так і не зразумеў, што выклікала такі панічны прыступ страху ў хлопца, які прыбег да яго познім часам.

– Ну і? – запытаўся музейшчык, пабачыўшы, што госць крыху супакоіўся і перастаў калаціцца.

– На чацвёртай паласе, на апошняй, – Андрэй яшчэ ніяк не мог даць рады з голасам, таму гаварыў ён на высокіх, пісклявых тонах. – У аб’явах.

Хлюдзінскі зірнуў на патрэбную старонку, і мурзаты палец наборшчыка тыцнуў у адну з абвестак:

«12 кастрычніка 1927 года на 37-м годзе жыцця ад рукі зламысніка памерла Ганна Кавалёва, былая настаўніца Аршанскай жаночай настаўніцкай семінарыі. Просім усіх, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй пра гэтае здарэнне, звярнуцца ў Акруговы аддзел АДПУ (вул. Зялёная, 17)».

– Мне патрэбныя тлумачэнні, бо я, шчыра сказаўшы, нічога не пабачыў такога ўжо надзвычайнага ў гэтай аб’яве, – Хлюдзінскі гаварыў спакойна, стараючыся перадаць гэты спакой свайму госцю, каб таго зноў не апанавала паніка.

Між тым у галаве ў музейшчыка міжволі мільганула думка: «Дай бог, каб гаворка ішла пра звычайную юнацкую закаханасць у старэйшую жанчыну – разумную і абаяльную. Калі я назіраю толькі трагічную гібель кахання, то гэта не так і блага – з гэтым можна справіцца. Абы толькі не штосьці горшае…»

– Кавалёва… Яна… Мы разам сустракаліся ў Грацыяна Пашкоўскага – памятаеце, я расказваў? – блытаючыся ў словах, пачаў распавядаць Андрэй. – Яна таксама хадзіла ў той гурток. Нас там было сем чалавек – разам з Пашкоўскім і ёй.

Ён шумна выдыхнуў і, гледзячы проста ў вочы Хлюдзінскаму, высокім, але цвёрдым голасам паведаміў:

– Яе забілі гэтак сама, як Пашкоўскага, – мне расказаў міліцыянер, які прынёс для набору гэтую аб’яву. І пакінулі на целе белую ружу.

Музейшчык доўгім уважлівым позіркам вывучыў твар госця, які ўжо страціў крэйдавую бель і наблізіўся да больш звыклых колераў.

– Здаецца, за ўсім гэтым хаваецца нейкая гісторыя, не ведаючы якой, я наўрад ці змагу дапамагчы нават парадай…

– Я вам раскажу тое, што ведаю, – спяшаючыся, запэўніў Андрэй. – Вы ж нікому не перакажаце, праўда? І яшчэ папрашу вас схаваць у сябе вось гэты сшытак.

Хлопец дастаў з-пад кашулі тоўсты сшытак у скураной вокладцы, які нагадваў амбарную кнігу, і паклаў на стол перад Хлюдзінскім.

– Мабыць, гэта ён і стаў прычынай гібелі і Пашкоўскага, і Кавалёвай, – дадаў Камар пасля паўзы.

З ПРАТАКОЛА АГЛЯДУ МЕСЦА ЗЛАЧЫНСТВА

На месцы злачынства было выяўленае цела жанчыны, на выгляд 35–40 гадоў, у сукенцы сіняга колеру. Жанчына ляжала ў пакоі на падлозе каля ложка ў ненатуральнай позе.

Прычынай смерці стала асфіксія: жанчыну задушылі. Пасля чаго ў яе ўваткнулі нож у раёне сэрца. Зверху зламыснік пакінуў белую ружу. На целе засталіся сляды барацьбы: сінякі на твары, драпіны на руках.

У ахвяры суседзі апазналі Ганну Кавалёву, былую настаўніцу Аршанскай жаночай настаўніцкай семінарыі. Апошнія гады жанчына вяла адасоблены, замкнёны лад жыцця, зарабляла на жыццё прыватнымі ўрокамі.

У пакоі, які займала ахвяра, невядомая асоба ўчыніла ператрус, відавочна нешта шукаючы. Кнігі і часопісы ў бязладным парадку скінутыя на падлогу, таксама на падлогу скінутыя сшыткі, якія, па словах суседзяў, належаць Кавалёвай.

Разам з тым суседзі не змаглі сказаць, ці знікла нешта каштоўнае з рэчаў ахвяры. Па іх словах, Кавалёва жыла даволі сціпла і наўрад ці мела якія-небудзь дарагія рэчы.

12 кастрычніка 1927 года

Подпіс: Старшы супрацоўнік аператыўных даручэнняў Васільчук.

Расказ Андрэя Камара. Кастрычнік, 1927

Па праўдзе сказаць, я ведаю не вельмі шмат. Можна сказаць, мала ведаю, бо я яшчэ на самай першай ступені пасвячэння…

Так, я вам крыху схлусіў, калі мінулы раз гаварыў. У нас не зусім гурток – у нас такое своеасаблівае таварыства, пра якое пабочным асобам ведаць нельга. Але што ж цяпер… Ужо двое з нашых забітыя. Баюся, хтосьці пранюхаў наш сакрэт…

Наш Ордэн Прамяністых не мае ніякіх палітычных мэт – мы толькі імкнёмся да маральнага самаўдасканалення і грамадскай карысці. У таварыстве ёсць некалькі ступеняў пасвячэння: чым болей ты ведаеш, чым болей робіш, тым больш высокая ў цябе ступень. Я мала што ведаю, у мяне – пакуль толькі першая. У нас ва ўсіх была першая ступень, акрамя Пашкоўскага – ён рыцар найвышэйшай ступені.