Выбрать главу

– Не часта заўважаю, што ты паліш. Нешта здарылася? – пацікавіўся Кміціч.

У адказ прыяцель крывавата пасміхнуўся і галавой паказаў у бок суседняга дома – маўляў, зірні туды і ўсё зразумееш.

У тым баку Кміціч не пабачыў нічога цікавага: ніхто не ішоў, нічога не адбывалася. У непаразуменні ён павярнуўся да Рака.

– «БМВ» бачыш? – удакладніў той, пабачыўшы азадачаны твар Кміціча.

Журналіст яшчэ раз кінуў погляд у паказаным напрамку: сапраўды, там новымі лакавымі бакамі блішчэў аўтамабіль. Нічога дзіўнага ў ім не было: іншамаркі даўно ўжо не былі нечым надзвычайным у Беларусі. Дзівілі хутчэй старыя савецкія «аўтакарчы», якія раз-пораз вырульвалі аднекуль, і рэдкія прадукты расійскай аўтапрамысловасці. Гэты ж быў аўтамабіль як аўтамабіль, і Кміціч паціснуў плячыма.

– Новая цацка Аляшэўскага, – каротка патлумачыў Рак. – Плата за свабоду слова…

Больш тлумачэнняў журналісту не было патрэбна. Ён прыгадаў гэты цёмны вечар некалькі тыдняў таму, калі амаль уся іх невялікая рэдакцыя затрымалася ў офісе. Іх газета атрымала прэмію ўплывовай міжнароднай журналісцкай арганізацыі «За свабоду слова». Як гаварылася ў рашэнні камітэта, прэмія давалася за непахіснае адстойванне права на свабоду слова і свабоду думкі, за сцвярджэнне прыярытэту гуманізму і культурных каштоўнасцей.

Атрымліваць прэмію за мяжу адправіўся, натуральна, галоўны рэдактар, і ў гэты вечар супрацоўнікі рэдакцыі сядзелі насупраць манітора і глядзелі інтэрнэт-трансляцыю ўзнагароджання. Антон Аляшэўскі ў сваім чорным гарнітуры, белай кашулі і пры аднатонным чырвоным гальштуку выглядаў урачыста.

– Гэта я параіў чырвоны гальштук, – пахваліўся намеснік галоўнага Заблоцкі. – Вельмі добра атрымалася гэтая бел-чырвона-белая гама.

Усе падтрымалі – хто ўголас, хто проста згодна матлянуў галавой.

Прыняўшы дыплом «За свабоду слова», Аляшэўскі выступіў з кароткай прамовай:

– Я вельмі ганаруся гэтай высокай узнагародай і хачу сказаць, што прымаю яе толькі як пасярэднік. Так, я ўзначальваю газету, але мой даробак – толькі частка той вялізнай працы, якую робіць увесь калектыў, усе мае калегі. Гэтую ўзнагароду атрымліваю не толькі я, але і журналісты, якія працуюць у нашым выданні. Яе атрымліваюць і тыя супрацоўнікі, чыя дзейнасць менш заўважная, але не менш значная: вярстальшчык, карэктар, тэхнічны рэдактар, фотакарэспандэнт… Я лічу, што гэта нашая агульная ўзнагарода. Таму дазвольце падзякаваць вам не толькі ад сябе, але і ад імя маіх калег, працу якіх вы так высока ацанілі.

Цішу ў рэдакцыі перарваў голас карэктаркі Святланы:

– Дык значыць, і нам нешта ад гэтай прэміі перападзе? Я правільна зразумела?

Адказу ні ад кога не прагучала, толькі хтосьці скептычна гмыкнуў. Кміціч падазраваў, што гэта быў Рак, але заўважыць не паспеў.

Вярнуўшыся з-за мяжы, Аляшэўскі прынёс прэміяльны дыплом у офіс. Нейкі час ён хадзіў з узнагародай з пакоя ў пакой па ўсёй рэдакцыі, прымерваючыся, куды лепш павесіць, каб пабачыла як мага больш людзей. Некалькі разоў галоўны рэдактар вяртаўся ў свой пакой і прымерваў дыплом то на адну, то на другую сценку. Потым зноў выходзіў, задуменна круцячы галавой.

Нарэшце ён спыніў свой выбар на першым, прахадным, пакоі: праз яго праходзілі ўсе журналісты і наведнікі, а значыць, тут яго пабачыць як найболей людзей. Пабачаць – і ацэняць працу рэдакцыі.

Калі Аляшэўскі вешаў дыплом на новазакалочаны цвічок, да яго падышла карэктарка Святлана з тым самым пытаннем, якое яна ўжо агучвала падчас прагляду інтэрнэт-трансляцыі:

– А якая прэмія чакае нас? Вы ж так хвалілі калектыў, які дапамог атрымаць гэтую ўзнагароду…

Галоўны рэдактар шчыра рассмяяўся:

– Святлана, гэта прэмія ўсёй нашай газеце, і яна пойдзе на ўмацаванне выдання. Вы ж разумееце, што ў нас ёсць неабходныя рэдакцыйныя выдаткі, перыядычна ўзнікаюць сякія-такія тэхнічныя складанасці… Вядома, я пагляджу, ці ўдасца штосьці выкраіць для калектыву, але на штосьці значнае не разлічвайце…

…Цяпер Кміціч глядзеў на «БМВ», купленую, па словах прыяцеля, акурат на тую прэмію.

– Адкуль такая інфармацыя?

– Ён яшчэ і кватэру новую прыкупіць задумаў, – Рак зацягнуўся апошні раз, загасіў недапалак аб край сметніцы і выкінуў. – Бухгалтарка прагаварылася… Калі зразумела, што і каму яна сказала, дык вельмі спалохалася. Прасіла, каб я нікому і нічога… Толькі што на калені перада мной не падала.