Выбрать главу

У Густынскім летапісе пад 1128 г. занатавана, што кіеўскі князь Мсціслаў паслаў свае войскі ў Літву да Ізяслаўля. Такім чынам, гэты горад, які знаходзіцца за 18 км на паўночны захад ад Менска, быў зафіксаваны летапісцам на літоўскай тэрыторыі. З летапісу таксама вядома, што Ізяслаўль (Заслаўе) узнік пры канцы Х ст.[192], што пацверджана і археалогіяй[193]. Значыцца, да гэтага часу крывічы і дрыгавічы, каланізаваўшы іншыя балцкія плямёны, назовы якіх засталіся невядомымі, падышлі да чарговага балцкага племя — літвы, усходняя мяжа рассялення якога, як мы высветлілі, праходзіла на захад ад Менска. Відаць, Ізяслаўль і быў адным з першых цэнтраў крывіцка-дрыгавіцкай каланізацыі Літвы. Можна меркаваць, што з канца Х ст. пачынаецца сужыццё беларускіх плямёнаў з літвою.

Крывічы былі сама блізкімі суседзямі балцкіх плямёнаў, з якімі больш за ўсё сустракаліся, што знайшло адлюстраванне ў называнні латышамі ўсяго славянскага імем сваіх спрадвечных суседзяў крывічоў — крэвамі (крээвс). Крээвс — рускі, Крээвссэме — руская зямля. Усё гэта сведчыць пра шматвяковыя сувязі балтаў і крывічоў[194].

Першапачатковы ўсходнеславянскі летапіс называе літву ў ліку народаў, якія давалі даніну Русі. Як паказана Л. Аляксеевым, даніна літвы ішла Полацкаму княству, з'яўляючыся адной з асноваў яго эканамічнай магутнасці[195]. Але гэта датычыць толькі правабярэжнай літвы, бо левабярэжная была пад уладай Кіева.

Літва паступова стала адной з крыніцаў ваеннай магутнасці полацкіх князёў. Гісторык І.Бяляеў лічыў, што Ўсяславу Брачыславічу ўдалося ў 1071 г. вярнуць сабе полацкі пасад з дапамогай літвы. Але асабліва шчыльныя сувязі з ёй трымала суседняе Менскае княства. Глеб Менскі ў 1104 г. адбіў паход кааліцыі ўкраінскіх князёў таму, што выкарыстаў, відаць, літву. Хаўрус з ёю быў падставаю шырокіх палітычных планаў Глеба. Можна з упэўненасцю казаць, што прынамсі ад пачатку ХІІ ст. летапісная літва была сталым ваенным хаўруснікам полацкіх князёў. Вось чаму пасля пераможнага паходу кіеўскіх князёў на Полаччыну ў 1128 г. і высылкі яе князёў у Візантыю ў 1129 г. адбыліся іх паходы на літву (1130, 1132 гг.). А Густынскі летапіс называе паход кіеўскіх князёў у 1128 г. паходам на літву да Ізяслаўля, тым самым раскрываючы дужкі гэтай «Літвы». Магчыма, што і паходы 1130 і 1132 гг., якія ў летапісах паказваюцца як паходы на літву, таксама былі паходамі на Ізяслаўль, які тым часам заняў месца Менска, далучанага часова да кіеўскіх уладанняў. Ізяслаўль, відаць, і абараняла войска, набранае з літвы, якая жыла вакол гэтага горада.

Іпацеўскі летапіс, гаворачы пра падзеі 50-60-х гадоў ХІІ ст., паказвае, адкуль менскія князі бралі дадатковыя сілы для барацьбы з полацкімі князямі. Адзін з сама непакорных — Валадар Глебавіч — у 1159 г., адмовіўшыся мірыцца з полацкім князем Рагвалодам, «ходяше под литвою в лесах», г. зн. збіраў там сілы для барацьбы і ў 1162 г. з літвою нанёс цяжкую паразу палачанам.

Але калі да 70-х гадоў ХІІ ст. літва выкарыстоўваецца галоўным чынам менскімі князямі ў барацьбе з Полацкам, дык пачынаючы з 80-х гадоў яна служыць інтарэсам усёй Полацкай зямлі. Характэрна, што ў 1180 г. пад Друцак літву прывялі не суседнія з ёю менскі і ізяслаўскі князі, а палачане. Гэта сведчыць пра ўмацаванне сувязі літвы з усёй Полацкай зямлёй, а не толькі з асобнымі яе ўдзеламі, як было раней. Ноўгарад добра бачыў, што вайсковае сілкаванне Полацка ідзе ад літвы, і таму імкнуўся пасварыць іх паміж сабой. Спроба гэта была зробленая яшчэ ў 1191 г. Тады ноўгарадцы намерыліся навязаць палачанам паход на літву. Праўда, У. Пашута зазначыў, быццам гэта палачане хацелі ў асобе ноўгарадцаў знайсці сабе хаўруснікаў супраць літвы і нават эстаў. Памылковасць гэтага меркавання відавочная: палачанам ніколі не было патрэбы ваяваць з літвой і тым больш з эстамі, якія былі суседзямі ноўгарадцаў, а не палачан. Апошнія разумелі, што ісці на літву — усё адно, што секчы сук, на якім сядзіш. І таму не толькі адмовіліся ад паходу на яе, але ў 1198 г., як паведамляе Ноўгарадскі І летапіс, прыйшлі з ёю ваяваць Вялікія Лукі.

У сувязі са славянскай каланізацыяй балцкіх земляў стаіць пытанне з'яўлення агульных полацка-літоўскіх князёў. Беспасярэдняе суседства, працяглае гістарычнае сужыццё беларускіх і балцкіх плямёнаў не маглі не прывесці да сваяцкіх дачыненняў паміж полацкімі і літоўскімі князямі. І.Бяляеў на падставе летапіснага паведамлення, якое сведчыла, быццам пры нараджэнні славутага полацкага князя Ўсяслава Чарадзея прысутнічалі «валхвы», рабіў вывад, што маці гэтага князя была ліцьвінкай і сам Усяслаў быў напалову ліцьвінам. Аднак справа не толькі ў сваяцтве. Полацкія князі, якія адрозна ад князёў іншых усходнеславянскіх земляў маглі княжыць толькі ў Полацкай зямлі, страціўшы з той ці іншай прычыны свой пасад, уцякалі ў літоўскія землі. Вядома, што ў 1129 г. не ўсе полацкія князі былі ўзятыя ў палон і адпраўленыя ў Візантыю. Некаторыя з іх пазбеглі гэтага і, можна думаць, знайшлі сабе прытулак у Літве. Відаць, адным з іх быў Васілька Святаславіч, які ў 1132 г. пасля выгнання з Полацка кіеўскага стаўленіка Святаполка адразу стаў тут князем. За такі кароткі час ён, вядома, не мог прыехаць з Візантыі. Полацка-літоўскім князем быў і Гердзень — сын полацкага князя Давіда Расціславіча, чаго не адмаўляе сучасная навука[196]. Такім чынам, перш чым стаць «літоўскім» князем у Полацку каля 1265 г., Гердзень быў полацкім князем Нальшчанаў. Беларускія гісторыкі ХІХ ст. М. Без-Карніловіч[197] і А.Кіркор[198] даводзілі, што Гердзень быў бацькам вялікіх князёў літоўскіх Віценя і Гедзіміна.

З паходжаннем апошніх звязанае пытанне ўтварэння Віленскага ўдзела Полацкага княства, што адбылося, відаць, на пачатку ХІІ ст. Васкрасенскі летапіс паведамляе, што пасля 1129 г. «вильняне взяша ис Царяграда князя полотского Ростислава Рогволодовича детей: Давила князя, да брата его Мовколда князя»[199]. Давіл (магчыма, Давід) і быў першым віленскім князем, ад яго ў далейшым, як сведчыць гэты летапіс, паходзяць Гердзень (Ердзень), Віцень і Гедзімін. Гэта тым болей верагодна, што, як гаварылася вышэй, крывічы ішлі з захаду па Нёмане і Вільня магла быць адным з першых буйных крывіцкіх паселішчаў на новым месцы. Нездарма ж нямецкі краніст П. Дузбург у пачатку ХІV ст. прыгадваў Крывіцію[200], якая, на думку П. Шафарыка, знаходзілася на поўнач ад Новагародка, дзе шмат тапонімаў накшталт «Крэва» і «Крывічы»[201]. Не выключана, што гэтыя крывічы былі паганцамі. Сапраўды, у «Жыццяпісе трох віленскіх пакутнікаў» гаворыцца пра трох знатных ліцьвіноў, якія ў першай палове ХІV ст. паплаціліся жыццём за прыняцце праваслаўя. Але імёны іх — Круглец, Кумец і Няжыла — чыста славянскія.

Мы лічым, што зусім неправамерна ставіць Васкрасенскі летапіс у адзін шэраг з гістарычна-публіцыстычнымі творамі ХVІ ст., дзе тэндэнцыйна перайначвалася гісторыя Вялікага Княства Літоўскага[202]. Вядома, як і кожная крыніца, запіс пра першых віленскіх князёў патрабуе крытычнага падыходу, аднак, на нашу думку, у ім шмат праўдзівага. У. Пашута лічыў вартым увагі сведчанне гэтага летапісу пра сына Гердзеня цвярскога біскупа Андрэя і тым сама прызнаў праўдзівасць яго[203]. Навошта ж тады адмаўляць іншыя звесткі гэтага летапісу, якія не супярэчаць дадзеным сучаснай гістарычнай навукі? Хіба не мог узнікнуць Віленскі ўдзел Полацкага княства і хіба не маглі вільняне ўзяць сабе полацкіх князёў, калі вядома, што Вільня, заснаваная крывічамі, доўгі час мела назоў Крывы Горад, ці Крывічгорад, і магчыма ўжо ў ХІ ст. была адной са сталіц крывічоў[204]? Чаму не маглі паходзіць вялікія літоўскія князі Віцень і Гедзімін ад віленскіх князёў? Чамусьці не зважаюць на тое, што браты Гедзіміна мелі відавочна славянскія імёны Віцень і Воін. Таксама няма падставаў лічыць імя Гедзімін летувіскім. Некалі В. Юргевіч назваў кур'ёзам імкненне шукаць паходжанне імёнаў Ягайла, Кейстут, Гедзімін, Свідрыгайла, Скіргайла, Войшалк, Вітаўт ды іншых у летувіскай мове. Шляхам філалагічнага аналізу ён паказаў славянскае паходжанне імёнаў літоўскіх князёў[205].