Там можна б хлопца вывесці у свет, у людзі,Пакіраваць, дапамагчы, дзе трэба будзе,Кахаць, выхоўваць, сябра ў ім мець дарагогаI, покуль сілы служаць, пагуляць нямнога!І з марамі такімі весела і смелаПрайшлася па пакоі, потым зноў прысела.Не шкодзіла б падумаць і аб Графа лёсе.Ці не ўдалося б як яму падсунуць Зосю?Хоць небагатая, але ж — з арыстакратаў,Так, як і Граф. Няўжо б яе ён не засватаў?Каб толькі іх у пару звесці удалося,Дык бы і Талімэне месца ў іх знайшлосяУ будучым. Сваячка Зосі, Графа свацця,Была б у доме маладых, як быццам маці.Закончыўшы з сабою гэткую нараду,Падходзіць да акна і кліча Зосю з саду.А Зося ў лёгкім плацці з галавой адкрытайСтаяла на двары, высока ўзняўшы сіта;Каціўся да яе клубок курэй стракатых,З другога боку — статак пеўнікаў чубатыхІмчыцца, патрасае шышакоў каралам,Вяслуе праз кусты, барозны дружна, валамУскідваючы ўгору шпорыстыя ногі.Індык за імі сунецца надзьмуты, строгіІ жонкі крык сцішае гнеўнай балбатнёю.А павы, як плыты, хвастамі над травоюПлывуць. I, пакідаючы вышынь прасторы,Ляціць шматочкам снегу голуб белапёры.І на кругу зялёным з кветак, зелля, траваўСціскаецца рухомы круг крыклівы, жвавы,Абведзены навокал галубоў істужкай,Мігцеў той карагод рознакалёрнай птушкай,Дзе з пер’я мітуслівага, як рыбкі з хвалі,Чубкі чырвоныя і дзюбы вытыркалі,Выцягваліся ўгору, быццам водныя цюльпаны,I, быццам сотні зорак, ясна ззялі вочы.А над натоўпам птушак — Зосін стан дзявочы.Яна ўся ў белым — глянеш, і здаецца,Што там фантан між кветак круціцца і б’ецца.А Зося сыпала на крыллі і галовыРукой, як перлы, белай град густы пярловыЯчменных круп, прызначаных для хатняй стравыІ ў некаторыя расолы для прыправы.Так Зося, крупы беручы тайком са скрыні,Наносіць шкоду гаспадарцы ахмістрыні.Пачула — клічуць: «Зося!» — Гэта голас цёткі!Сыпнула зразу птушкам той прысмак салодкіI, сітка круцячы, як бубен танцаўшчыца,І стукаючы ў такт, не ў сілах запыніцца,Давай скакаць праз курак, галубоў і паваў,Аж птушкі фуркнулі ўгару ад той забавы.А Зося ледзь ступнямі землю закраналаІ быццам з галубамі ўгору падлятала,Якія, нібы ўпрэжаныя ў калясніцу,Ляцелі нізка, не паспеўшы ў неба ўзвіцца.І Зося з крыкам праз акно ў пакой зляцела,Задыханая, цётцы на калені села,А тая з пацалункам, гладзячы, як маці,З уцехай заўважае прыгажосць дзіцяці(Бо выхаванку шчыра ад душы любіла).Але вось перад ёй сур’ёзны твар зрабіла,Устала і, прайшоўшыся уздоўж пакоя,На вуснах з пальцам, мовай пачала такою:«Ну, Зося дарагая, ты ўжо забываешПра ўзрост і стан свой. Ты ж распачынаешГод чатырнаццаты, пара кідаць чубаткі —Гульня з курмі ніяк не для арыстакраткі!І з дзетварой мужыцкай бруднай, мне здаецца,Займацца досыць. Зося! Мне аж сэрца рвеццаТы ж загарэла, усё роўна як цыганка,А рухаешся, ходзіш, як парафіянка.З сягонняшняга дня ўжо гэтага не будзе,Сягоння выведу цябе на свет, у людзі,К гасцям. Гасцей, як ведаеш, цяпер тут многа.Глядзі ж, каб сораму не выйшла мне якога».Тут Зося ўскочыла і пляснула ў далоні,I, ўпаўшы радасна на цётчынае ўлонне,Смяялася, аж пераходзячы да плачу.«Ах, цёця! Я ўжо так даўно гасцей не бачу!З тых пор, як сябрам стаў мне птушнік наш вялікі,Адзіны госць ка мне заглянуў-голуб дзікі.Было мне трохі сумна, міленькая цёця,Аж пан Суддзя ўжо спачуваў маёй самоце».«Суддзя даўно, — сказала цётка, — ў людзі хочаЦябе увесці і здаўна тым коле ў вочы,Што ты ўжо вырасла. Не знаецца на гэтымДзядуля наш, з вялікім не абжьггы светам.Мне лепш вядома, колькі трэба рыхтаваццаПаненцы, каб нарэшце свету паказацца.Хто між людзьмі расце, няхай сабе прыгожы,Няхай разумны, ўражання зрабіць не можа,Таму што ўсе к яму прывыклі ад дзіцяці.А досыць толькі новай выплысці пастаці,Што выхаваннем і красою блісне хоць нямнога,Тады к ёй ціснуцца адзін цераз другога,Каб толькі як найлепш разгледзець тварык новы,Рух кожны ацаніць, паслухаць свежай мовы.Як стане моднаю асоба маладая,То на’т яе той хваліць, хто й не ўпадабае.А як вясці сябе, ты, спадзяюся, знаеш,Расла ў людзях. Хоць тут другі год пражываеш,Ды, пэўне, не забылася аб Пецярбурку.Дык туалет распачынай. Вазьмі у бюркуУсё патрэбнае табе для прыбірання,Ды хутка, бо прыедуць зараз з палявання».