Праўда, зямля тут вельмі добрая. Вунь крапіва паміж хатай i свірнам дык тая загула да самага падстрэшша, густа, духмяна ў сваёй пагрозлівай пякучасці. А на шчодрых калісьці градах зялёная дзікасць ажно ўшчацінілася знізу ў лістоту яблыняў, абвіслую пад цяжарам бяздогледных белых наліваў, штрыфлінгаў, антонавак...
Адтуль, ад таго суму, вельмі выразнага ў летнім росквіце, адзіны сын колішніх, зямля ім пухам, гаспадароў, малады падпалкоўнік у адпачынку прывёз мне папрошаным грузавіком на прылясную, надрэчную дачу некалькі патрэбных на абжытак рэчаў. Пілу, сякеру, касу, граблі, сахор. Пілу там, у напалову апусцелай вёсцы, хлопцы старанна развялі i навастрылі, касу накляпалі. Прыемна ад такога клопату. Яны там — даўнія суседзі, сябры маладосці, некаторыя трохі i сваякі. А ён, пляменнік, светлы, спакойны Лёня, «хлопец з рукамі» — жывая памяць пра найбліжэйшага з маіх братоў.
I яшчэ ён дзве рэчы прывёз — карціну i глобус, яе з апусцелай бацькоўскай хаты, а яго з закрытай вясковай школы...
Гарызантальны алейны пейзаж, бераг чароўнай Свіцязі, лодка з людзьмі, сасна паднебная, за лясным небакраем светлае нагрувашчанне яго любімых белых аблокаў — гэта ў маім рабочым пакойчыку на гарышчы вісіць ужо чацвёрты год. Вялікі, трохі расшалэхтаны на восі i падрапаны цікаўнымі пальчыкамі школьны глобус стаіць у кутку, каля пісьмовага стала, на табурэціку. I яны мне ўзварушліва, сумна гавораць пра мінулае.
Пра таго, хто — з маленства захоплены — маляваў той родны пейзаж, адну з мноства іншых карцін, раздораных ім у навакольныя вёскі, у хаты родзічаў i сяброў; пра таго, што не адбыўся на ўсю сілу як мастак, воляй жорсткага лесу так i застаўся самадзейнікам. Пра таго самага, што працаваў у сельскім будаўніцтве, з-за беспартыйнасці сваёй то на трохі вышэйшай, то зноў на ніжэйшай пасадзе, саступаючы месца таму, хто з білетам, а недзе прагарэў i павінен быў прызарплаціцца. Аднак ён, наш Міша, сціпла i заслужана ганарыўся тым, што ў родным раёне будаваў i фермы, i дамы калгаснікам, i некалькі школ зрабіў, у тым ліку i ў сваёй вёсцы, пачатковую.
Карціна зрэдку, між іншым нагадвае мне пра тое, што дома, у Мінску, у адной з тумбаў майго старога ды вялікага пісьмовага стала вось ужо больш за дваццаць гадоў ляжыць дарагая мне папка. Яго малюнкі. На кавалках ватману i проста паперы — аловак, пастэль, акварэль, пяро. Аўтапартрэты, партрэты сваіх i суседзяў, у тым ліку i мае, з найранейшых, што захаваліся.
Профіль мой i тады, у адзінаццаць гадоў быў лепшы за анфас, не так тырчалі вялікія вушы. Ііастрыжаны я быў, як заўсёды ў вясковым маленстве, «пад бручку», другой са старэйшых сясцёр, вясёлай майстрыхай на ўсе рукі, i ўжо тым часам зноў трохі аброс, як той Понцій Пілат, які быў у нас на каляровай рэпрадукцыі з карціны Ге «Что есть истина?». Дата пад малюнкам — па-школьніцку на польскай мове: «1928 rok, lato». Мішаў почырк i тады ўжо прыгожа-хлёсткі. А збоку — i маёй рукою, нібы па-руску (нібы — бо з кропкай над «і»), з патугай на гумар: «Антонов сынішка Ваня»...
Сваё гэта, толькі сваё — у кожнага.
Але ж бывае, што i тое, толькі нейчае свае хвалюе i цябе, чужога...
Пачатковая школа, адна з тых двух дзесяткаў школ, якія пабудаваны братам на маляўнічых прасторах нашага прынёманскага, прысвіцязянскага раёна, — школа ўжо даўнавата не працуе. I не жыве, дажывае. Закрытая па вельмі простай сучаснай прычыне: вучняў няма. Ix цяпер убачыш, пачуеш толькі ўлетку, гарадскіх унукаў. I вось яны, тая малеча, а з імі i дарослыя нядаўна — якое нядаўна: хутка зноў будзе дзесяць гадоў! — пабурылі тую, калісьці белую, чыстую, у кветках школку, як гаварылі з любасцю нашы бацькі i дзяды, так апаганілі яе, нібы даўно чакалі гэтай шчаслівай магчымасці, гэтай пястотнай свабоды — у малых i спрадвечна-сучаснага хамства — у дарослых.
I тут ужо смутак i горыч у мяне не свае, не толькі свае, але i не чужыя — нашы.
Пpa гэта гаворыць мне глобус. Не тады, калі дашкольныя, шчабятлівыя ўнукі трывожаць, круцяць яго, з ультрасучаснай цікаўнасцю — ад тэлевізара яна, ад раскошнага мноства дзіцячых кніжак — шукаюць на шматколернай пукатасці не толькі кантыненты, краіны, a i сталіцы, — але, не тады, a ў мой самотна ціхі час...
1988
СЯРЭДНЯЯ
Кузьма Чорны ў сваім дзённіку піша, што ў вайну, яшчэ ў Маскве, у жніўні сорак чацвёртага Панамарэнка гаварыў яму пра свой намер адкрыць пры Акадэміі навук двухгадовыя курсы, «інстытут мовы». «Сабраць туды такую нізавую інтэлігенцыю, як сельскіх маладых настаўнікаў, i зрабіць з ix ахавальнікаў чыстаты беларускай мовы ў школах i нізавым друку».