Выбрать главу

Пра здымак той я ўспомніў, думаючы, як жа сустрэнуся з муштуком. Стары ўжо, здаецца, i з вопытам, a наіўна падумаў, што яго аддадуць мне ўсё-такі неяк больш-менш урачыста...

Праўда, таварыш, які адказаў мне замест таго, каму я пісаў, сустрэў мяне ветліва, нават здзівіўся, што я прыехаў, бо можна ж было i выслаць мне муштук. Як быццам не сам ён, пракурор i кіраўнік адпаведнай трупы, пісаў мне, што «мундштук будет вручен Вам в удобное для Вас время», i нумар свайго кабінета паведаміў. Я сядзеў, ён шукаў, адамкнуўшы адзін з двух сейфаў каля сцяны. Шукаў марудна, шалпочучы раскалмачанымі папяровымі скруткамі, перабіраючы, абшукваючы ix адзін за адным, некаторыя развязваючы, тады завязваючы, усё гэта няспешна, заклапочана, i толькі ў самым апошнім скрутку знайшоў патрэбнае. Падаў мне, а я... без хвалявання ўзяў яго, амаль зусім спакойна. Распіску напісаў пад дыктоўку, нібы атрымаўшы на складзе нейкую запасную частку.

I таксама спакойна спытаўся, ці можна мне паглядзець у ix братаву справу.

А яна, аказалася, была ўжо не тут, а там, адкуль бралася для следства. Я ўжо ведаў, што іменна гэты таварыш, з кім гавару, не дазволіў у чэрвені даць мне папку яшчэ раз. I я не паверыў яму, што справа не ў ix,— падумаў, што ён адводзіць убок. Але таварыш параіў мне самому зайсці ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі i папрасіць. Назваў адрас, растлумачыў, як даехаць. I я, у тым самым — дзелавым, ці што,— спакоі вырашыў сваё «ісці да сэрца напрасткі» прымяніць яшчэ раз.

Там, пакуль што ў прыёмнай, элегантны прапаршчык прапанаваў мне пасядзець. Намеснік старшыні камітэта якраз заняты іншым наведвальнікам. Мінут праз дзесяць мой папярэднік выйшаў, i я быў запрошаны ў кабінет. Яшчэ ўсё спакойна вылажыў сваю просьбу. Малады чалавек выслухаў мяне, сказаў, што іменна сёння вырашыць гэта нельга. «Гэтаж не проста спусціцца ўніз ды папку тую ўзяць — архіў наш не тут, гэта справа некалькіх дзён». А ў мяне зваротны білет, цягнік праз тры гадзіны. Таварышу намесніку, вядома, трэба i параіцца. А мне, старому, з хворымі нагамі, не так ужо i зручна паехаць-прыехаць... I тут ён параіў зрабіць прасцей: напісаць ім з дому, на імя старшыні камітэта (назваў імя, па бацьку, прозвішча), i папку мне, «у парадку выключэння», вышлюць для прачытання ў ваш, беларускі, Камітэт дзяржбяспекі.

Вунь на якім узроўні пайшло! Ажно, вядома ж, не верыцца...

Дома, адаспаўшыся пасля дзвюх начэй «пункцірнага» ад грукату колаў недасыпання, я павагаўся трохі, a ўсё ж такі напісаў у тую найвышэйшую інстанцыю — хай ужо будзе, што будзе. Адаслаў пісьмо ў панядзелак, a ў пятніцу пад вечар — чаго не бывае ў наш час! — сам старшыня камітэта пазваніў мне з Кіева, што папка будзе днямі выслана. Пра «выключэнне» i намёку не было. Яшчэ больш — на развітанне ён ажно расчуліў мяне, пажадаўшы добрага здароўя... «от вашего читателя».

Яшчэ праз два тыдні мне пазванілі з нашага камітэта.

ПРАВА БОЛЮ

Ідучы на другое спатканне з братавай справай апоўдні, я думаў, што сёння, вядома ж, прачытаць яе як след не здолею. Так i сказаў супрацоўніку ў цывільным, які зачыніўся са мной у пакоі i, пакуль я чытаў, цярпліва, карэктна глядзеў на мяне з-за другога стала. Ці проста так сабе, ці хутчэй успамінаючы тое, што ён, трэба думаць, сам папярэдне вычытаў у гэтай кіеўскай папцы. Яго прысутнасць я, i заглыблены ў сумна знаёмы тэкст, адчуваў па ягоных вачах — не бачыў ix, а падсвядома адчуваў.

Першы раз, у Кіеве, справу чытаў я трохі больш за дзве гадзіны. Цяпер прайшло тры, калі я адчуў, што годзе, усё, больш не магу... I не здзівіў гэтым свайго наглядчыка: ён i гэта прыняў карэктна.

Выбух, што скалануў маю душу ў канцы мая, дэтаніраваў болем i сумам усе пяць месяцаў. Сёння боль паўтарыўся ці не з большай нават сілай, хоць i без выбуху. Здавалася, што я сваёй настойлівасцю вось i дамогся таго, што сам сябе падняў на новую, вышэйшую, паліцу, на якую цяпер паложана папка, i сам сябе гвазнуў адтуль аб падлогу. Потым — бяссонная ноч, блакнот, раз-поразу святло, ад якога не рабілася відней. Падтэкст, адчуты раней, заставаўся. Жахлівы падтэкст таго часу, a ў ім — ад наго чалавечага лесу. Спробы пранікнуць у той падтэкст зноў натыкаліся на глухату навечнага маўчання, у якое пайшлі ўсе тыя, хто мог бы мне многае праясніць або сказаць хоць нешта, так неабходнае!..

Было i тое, што пры другім чытанні праяснілася. З муштуком. Але i гэта не адразу.